The conference

Падчас канферэнцыі. Скрыншот відэа EuroNews

Як паведамляе «Новая газета. Еўропа», на сустрэчы прысутнічалі расійскія палітыкі, праваабаронцы, эканамісты, журналісты і актывісты. Да іх далучыўся і экс-дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч.

Арганізатарамі круглага стала выступілі чатыры дэпутаты Еўрапарламента: Андрус Кубілюс (Літва), Сяргей Лагадзінскі (Германія), Бернар Гета (Францыя), Уладзімеж Цімашэвіч (Польшча). Яны прадстаўляюць чатыры розныя фракцыі Еўрапарламента і кожны з'яўляецца дакладчыкам Еўрапарламента па Расіі.

За нашу і вашу свабоду

Па словах Андруса Кубілюса, гэтая сустрэча была неабходная для таго, каб «паказаць расійскай апазіцыі, як важна тое, што вы робіце, і ўзмацніць вашу веру ў тое, што вы не адны, нават калі ад імя Расіі адбываюцца зверствы ва Украіне», а таксама «пераканаць жыхароў Захаду ў тым, што дэмакратыя ў Расіі магчымая і што залежыць яна менавіта ад дэмакратычнай апазіцыі».

Па яго словах, Захад павінен «дапамагчы расійскаму грамадству пакінуць ідэю аб адраджэнні імперыі і прыняць іншую мару: жыць у нармальнай краіне — выдатнай Расіі будучыні».

Еўрадэпутат адзначыў, што важна разумець простую лагічную паслядоўнасць: 

«Магчымасць дэмакратычнай трансфармацыі ў Расіі залежыць ад перамогі Украіны, перамога Украіны залежыць ад заходніх узбраенняў, пастаўкі ўзбраенняў залежаць ад веры заходніх краін у тое, што ў Расіі магчымая трансфармацыя, а не апусканне ў хаос, а вера гэтая залежыць ад здольнасці расійскай апазіцыі пераканаць у сваёй стратэгіі і адзінстве».

Кубілюс завяршыў сваё выступленне словамі «За нашу і вашу свабоду», якія ён вымавіў па-руску.

Тры вынікі вайны

Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з відэазваротам галоўнага рэдактара «Новай газеты» і нобелеўскага лаўрэата Дзмітрыя Муратава. Ён адзначыў, што некаторыя вынікі вайны ўжо зразумелыя:

«Першы: Расія і Украіна ніколі не будуць разам, ніякіх братэрскіх адносін не будзе. Другое: Расія больш не Еўропа, Пуцін завяршыў мару Пятра Першага, які хацеў прасекчы акно ў Еўропу. Гэтае акно забіта — і, відаць, назаўжды, ва ўсякім разе, на час жыцця некалькіх найбліжэйшых пакаленняў — дакладна».

Трэці вынік, па словах Муратава, у тым, што Руская праваслаўная царква адмовілася ад Бога з Новага запавету. «Галоўная цяперашняя ідэя, рэлігійная і прапагандысцкая, у тым, што смерць важнейшая за жыццё. Не жыццё — дар Божы, а смерць — у імя дзяржавы, што стала выгаднай інвестыцыяй, бо за яе чалавек атрымлівае грошай столькі, колькі ён можа атрымаць за 25 гадоў жыцця», — адзначыў нобелеўскі лаўрэат.

На погляд Муратава, еўрапейцы дарэмна чакаюць, што расіяне выйдуць на пратэсты супраць вайны, і нагадаў аб тым, што прафесія журналіста практычна пад забаронаю. Ён заклікаў Еўропу «заступіцца за свабоду слова» ў Расіі, дзе пад пагрозай блакіроўкі знаходзяцца ютуб і тэлеграм. Акрамя таго, важнай з'яўляецца праца па абмене палоннымі і вяртанні ўкраінскіх дзяцей дадому.

Няма згоды

Сустрэча паказала, што ў расійскіх апазіцыйных колах няма адзінства поглядаў. На «круглым стале» не прысутнічалі прадстаўнікі Фонду барацьбы з карупцыяй, створанага Аляксеем Навальным. Ягоны прадстаўнік Леанід Волкаў выступіў па відэасувязі і патлумачыў, што не можа сесці за адзін стол з некаторымі прадстаўнікамі апазіцыі, бо

«праблема з тым, што яны гавораць. Я глядзеў выступ Каспарава: ніякіх выбараў не будзе, ніякая дэмакратыя немагчымая, трэба дабіцца поўнай ваеннай паразы, акупацыі [Расіі] і звонку будаваць новы рэжым… Прабачце, але мы з гэтым не згодныя… Створаць камітэт, і ад імя гэтага камітэта Гары Каспараў будзе бегаць і казаць, што трэба ўсіх рускіх забіць».

Менавіта Гары Каспараў на канферэнцыі больш актыўна за іншых выступаў за аказанне падтрымкі Украіне.

«Калі б не гераізм украінцаў, якія спынілі пад Кіевам і рыхтуюцца да татальнага разгрому Пуціна, гэтай сустрэчы не было б. Пакуль пуцінскія войскі не разгромленыя ва Украіне, у нашых ініцыятыў няма ніякай будучыні»,

— сказаў ён.

У той жа час не ўсе расійскія апазіцыянеры, заўважае карэспандэнт «Новай газеты», асабліва статусныя, гатовыя адкрыта падтрымаць Украіну. А палітычнага прадстаўніка легіёна «Свабода Расіі» на канферэнцыю зусім не пусцілі.

Чаго хочуць расійскія апазіцыянеры ад Еўропы

Як адзначае журналіст «Новай газеты», на некалькіх панэлях гучалі выступленні розных актывістаў. Яны прасілі еўрадэпутатаў аб выпрацоўцы паслядоўнай палітыкі па стабілізацыі расійскай грамадзянскай супольнасці, якая ўключае зразумелую палітыку легалізацыі эмігрантаў, наданне ім магчымасці працы і мабільнасці.

Гучалі прапановы аб распрацоўцы механізму эвакуацыі расійскіх актывістаў у Еўропу, паскарэнні працэдур выдачы віз, выпрацоўцы адзінай канцэпцыі і крытэрыяў еўрапейскай міграцыйнай палітыкі.

Адзін з лідараў руху «Вясна» Цімафей Мартыненка распавёў карэспандэнту, што ў Фінляндыі і іншых краінах цяпер знаходзіцца больш за тысячу ўцекачоў ад мабілізацыі. Па яго словах, «фіны гавораць, што не ведаюць, што з імі рабіць, што чакаюць, пакуль Еўрасаюз нешта скажа. А Брусель не ведае, што казаць».

Як адзначае журналіст, выслухаўшы прапановы, кіроўны дырэктар Еўрапейскай службы знешніх сувязяў па Расіі Міхаэль Зіберт адказаў, што Еўрапарламент не мае грошай і не займаецца візавымі пытаннямі. У той жа час заклікае краіны рабіць гэта, што няпроста, таму што

«ўсе хочуць дапамагаць Украіне, а падтрымліваць расіян — нават такіх, як вы, еўрапейскім палітыкам няпроста».

Але прапановы не засталіся без увагі. Іх фіксавала віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Вера Юрава. Далей актывісты спадзяюцца перадаць свае прапановы ў Еўракамісію і пачаць па іх працаваць.

Як наблізіць адыход Пуціна

Карэспандэнт «Новай газеты» звяртае ўвагу, што на сустрэчы абмяркоўвалі толькі тое, што трэба рабіць пасля адыходу Пуціна, а не тое, як дамагчыся гэтага ці хаця б наблізіць вырашальны дзень.

На гэта Міхаіл Хадаркоўскі яму адказаў, што ідэя паразмаўляць пра «Дзень пасля» зыходзіла ад Еўрапарламента, які рэагуе на запыт сваіх выбаршчыкаў. Але калі б і была такая магчымасць, то абмяркоўваць планы па знішчэнні рэжыму Пуціна публічна ўсё адно ён бы не стаў.

«Мы закранаем настолькі адчувальныя рэчы, што абмяркоўваць іх проста не бачу магчымасці. У адрозненне ад многіх паважаных людзей, я лічу, што мы маем справу з небяспечным ворагам. І гэты небяспечны вораг, пуцінскі рэжым, карыстаецца тым, што людзі шмат балбочуць, значна больш эфектыўна, чым некаторыя думаюць пра гэта»,

— цытуе выданне словы Хадаркоўскага.

У размове з карэспандэнтам «Новай газеты» вядомы блогер Максім Кац заўважыў, што сёння палітыкі-апазіцыянеры маюць мала механізмаў уплыву на насельніцтва Расіі. Галоўная задача — змагацца за розумы людзей. Па яго словах, ва ўсіх прысутных агульная колькасць гледачоў і прыхільнікаў блізу 20 мільёнаў чалавек.

«Гэта нямала. Гэта вялікая палітычная сіла, якая можа мець сваё прадстаўніцтва, калі гаворка пойдзе пра гэта, і можа ўмяшацца ў працэсы, калі яны будуць адбывацца ў Расіі»,

— заўважыў Кац.

У гэтым яго падтрымаў і палітолаг Кірыл Рогаў. Ён раскрытыкаваў спадзяванні часткі расіян на ваеннае прасоўванне да Крамля вайсковых батальёнаў, якія змагаюцца на баку Украіны.

«Гэта па-руску наіўны радыкалізм. Насамрэч, мала хто разумее, ад чаго ўсё мяняецца ў гісторыі. Гэта складаны механізм, у якім вынікі не адпавядаюць інтэнцыям. Усё мяняецца ад думак. Думкі — гэта самае важнае, што фармуе гісторыю. Але гэта такі хітры працэс»,

— перадае карэспандэнт «Новай газеты» словы Рогава.

Акно магчымасцяў

«Новая газета» цытуе словы Міхаіла Хадаркоўскага аб тым, што няма ніякіх магчымасцяў дамовіцца з рэжымам Пуціна. Ёсць толькі адзін шлях — яго разбурыць. «Іншага шляху да мірнай будучыні не толькі для Расіі, але і для ўсяго свету няма. Замена Пуціна на іншага чалавека без пераходу да парламенцкай рэспублікі нічога не зменіць».

Як адзначае выданне, у сваім выступе Хадаркоўскі працытаваў «Берлінскую дэкларацыю», складзеную падчас сустрэчы расійскай апазіцыі ў сталіцы Германіі ў красавіку гэтага года:

«Вайна — агрэсіўная і злачынная, рэжым, які яе развязаў, — нелегітымны і злачынны, Украіна ў межах 1991 года і павінна атрымаць кампенсацыі, ваенныя злачынцы павінны быць пакараныя, палітвязні вызваленыя, імперская палітыка недапушчальная».

Выданне перадае думку Хадаркоўскага аб тым, што пасля адыходу Пуціна будзе кароткае і абмежаванае па часе (дні ці тыдні) акно магчымасцяў. Апазіцыі неабходна ўжо цяпер мець свой план на гэты выпадак.

«У гэты момант альбо будзе рэвалюцыйная партыя бальшавікоў, якая, магчыма, возьме ўладу, але мы зойдзем на новае кола аўтарытарызму, альбо да ўдзелу ва ўладзе прыйдзе кааліцыя — нейкая мадэль народнага фронту. У гэтым выпадку ў нас добрыя шанцы на дэмакратызацыю краіны»,

— перадае словы палітыка карэспандэнт «Новай газеты».

Аднак народны фронт, як лічыць іншы ўдзельнік сустрэчы, палітолаг Фёдар Крашаніннікаў, павінен быць створаны ўнутры краіны, а не ў эміграцыі.

Як заўважае карэспандэнт, удзельнікі сустрэчы не змаглі прыйсці да агульнага меркавання наконт таго, што рабіць пасля таго, як Пуціна не стане, і ці стане паражэнне ў вайне з Украінаю трыгерам перамен. Больш-менш адзінымі ўсе былі ў меркаванні пра тое, што Расія павінна стаць парламенцкай.

Журналіст «Новай газеты» перадае словы былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Генадзя Гудкова аб тым, што

«ў «Берлінскай дэкларацыі» ёсць палажэнне аб неадкладнай дэпуцінізацыі, але ў апазіцыі няма ніякага плана, з кім мы будзем гэта рабіць і як».

Як адзначае «Новая газета», па выніках сустрэчы была створана працоўная група. Афіцыйна яна зоймецца арганізацыяй новых сустрэч. Але апазіцыйныя палітыкі спадзяюцца, што яе дзейнасць дазволіць Еўрасаюзу звярнуць увагу на праблемы расійскіх эмігрантаў і тых, хто жадае з'ехаць з Расіі.

Як заявіў карэспандэнту выдання адзін з арганізатараў сустрэчы, еўрадэпутат Кубілюс, рабочая група змагла б апрацоўваць прапановы ад розных расійскіх груп для еўрапейскіх інстытуцый і ціснуць на іх з мэтаю пошуку рашэнняў.

Чытайце яшчэ:

«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?

Каспараў: Вызваленне Расіі пачнецца з украінскага сцяга ў Севастопалі

Хадаркоўскі — Захаду: Ці вы нанесяце паражэнне Пуціну на тэрыторыі Украіны, ці потым, але ўжо на тэрыторыі краін НАТА

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
10
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?