Размеркаванне дало матывацыю змяніць жыццё

Ніколі не думаў, што буду даваць інтэрв'ю першым парталам краіны. Я ж просты вясковы хлопец. Скончыў сельскую школу ў вёсцы Канстанцінава Мядзельскага раёна. Каб разумець маштаб маёй малой радзімы, скажу, што ў класе ў нас было ўсяго чатыры вучні і тапілася печка.

Вольны час мы праводзілі на прыродзе: гулялі сярод дрэў, назіралі за дзікімі жывёламі. Улетку і ўвосень бацькі бралі мяне з сабой у лес збіраць грыбы і ягады. Тады і цяпер для многіх вясковых жыхароў гэта адзіны спосаб назапасіць грошы на зіму і адзець дзяцей да школы.

Уражанні ад лесу былі яркімі: заходзіш у балотныя нетры, вакол багун, кветкі… гукі, пахі. Я лавіў сябе на думцы, што хачу падзяліцца гэтай прыгажосцю з іншымі людзьмі. Думаю, гэтыя эмоцыі і захапленне фатаграфіяй ляглі ў аснову майго цяперашняга рамяства (бізнэсу).

Пасля школы я паступіў у БДАТУ. На другім курсе хацеў кінуць вучобу, бо зразумеў, што займаюся не сваёй справай. Аднак давучыўся, бо люблю даводзіць пачатыя справы да канца.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Пасля ўніверсітэта давялося адпрацоўваць два гады па размеркаванні. Мяне ўразіла ўсё, што я назіраў: поўная адсутнасць працоўнай дысцыпліны, ніякага менеджменту і павагі да кіраўніцтва, усё самі сабе дырэктары. Я дагэтуль не разумею, як гэта ўсё працуе.

У маім выпадку плюс размеркавання быў толькі ў тым, што яно дало мне наймацнейшую матывацыю змяніць сваё жыццё, каб зноў не патрапіць у гэтую руціну.

Аграсядзіба: першыя грошы і расчараванні

Я вярнуўся дадому ў сваю вёску. На той момант у нас была невялікая хатка на возеры Свір, якую бацька здаваў у арэнду. Аднак у бацькі была ідэя — купіць вялікі дом і зрабіць з яго сапраўдную аграсядзібу з усімі выгодамі.

Прыдатны варыянт знайшоўся за пяць кіламетраў ад роднай хаты — гэта была старая стогадовая хата. Прасцей было яе знесці і пабудаваць новае жыллё. Але мы вырашылі рэканструяваць хату праз столі: вельмі прыгожыя, цёмнага насычанага колеру і ў добрым стане.

Грошай не было. Дом рамантавалі сваімі сіламі, збіралі матэрыялы па дошчачцы. Як толькі з'яўляліся грошы, працягвалі рэканструкцыю. Да хаты хадзілі пешшу і ездзілі на ровары нават зімой: эканомія паліва, ды і больш карысна быць у руху.

Рамонт хаты заняў пяць гадоў. Невялікія сродкі, якія ўдавалася зарабіць ад хаткі, якую мы здавалі на беразе возера Свір, адразу ўкладалі ў рэканструкцыю новай хаты. Збіранне грыбоў і ягад, продаж расады на рынку, мамін сціплы заробак у школе — усё ішло на будаўніцтва хаты.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Першых кліентаў (гасцей аграсядзібы) я знайшоў праз газету. Памятаю як цяпер: прыехаў у Мінск у рэдакцыю, купіў купон, запоўніў яго і падаў аб'яву. Пазней стаў размяшчаць аб'явы на інтэрнэт-пляцоўках па арэндзе жылля і сядзіб.

У цэлым рэканструкцыя хаты абышлася нам у суму каля 35 тысяч даляраў. А яшчэ была выдаткаваная велізарная колькасць вольнага часу і сіл.

Здавалася, ну вось зараз пачнецца сезон — і мы пачнём адбіваць укладзеныя сродкі і намаганні. І тут мяне чакала каласальнае расчараванне. За першы сезон аграсядзіба прынесла менш за 2000 даляраў.

Я быў спустошаны. Навошта ўсё гэта было трэба?! Лягчэй пайсці хоць куды-небудзь і зарабляць. Плюс не трэба прыбіраць, чысціць, касіць, рэкламу аплачваць і падаткі.

Тым не менш, вырашыў працягнуць. Другі сезон быў лепшы — прынёс каля 3500 даляраў. Але ўсё роўна чаканні былі нашмат вышэйшыя.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Колькі каштуе ўтрыманне аграсядзібы

Выдаткі па доме мы звялі да мінімуму, паколькі ўсе работы робім самі.

Напрыклад, наняць чалавека для абкошвання ўчастка на 25 сотак каштуе ад 150 рублёў. Касіць трэба 10 разоў за сезон. Паколькі кашу я сам, то ўжо эканомім не менш за 1500-2500 рублёў.

Прыбіраю таксама сам або дапамагаюць бацькі. Знайсці адказнага чалавека складана, і гэта немалыя выдаткі — ад 1500 рублёў у год. У выдаткі таксама ўваходзіць рэклама — 500 даляраў за год, электраэнергія — 1300 рублёў.

Дровы каля 700 рублёў — я сам іх сяку, гэта, так скажам, абанемент у вясковы фітнэс, вілэдж-варкаўт. У доме дзве прыгожыя печкі. З прапальваннем печкі гарадскі жыхар нядрэнна спраўляецца. Калі купляць гатовыя дровы, то гэта задавальненне абыдзецца значна даражэй.

Іншыя дробныя выдаткі — закупка кавы, гарбаты, бялізна, паліва, мыйныя сродкі і іншыя рэчы.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Цяпер магу сказаць адно: хата — гэта проста аснова. Каб быў выгадны ўстойлівы бізнэс, патрэбныя дадатковыя спосабы манетызацыі. Розныя аграсядзібы прапануюць экскурсіі, туры, байдаркі, рафтынг, джыпінг, майстар-класы.

Сёння мы здаём у арэнду домік на возеры Свір, нашу аграсядзібу, а таксама я праводжу экскурсіі па Блакітных азёрах на 7, 16, 18 і 21 кіламетр. Такая дыверсіфікацыя зрабіла бізнэс трохі больш прыбытковым, улічваючы, што трэкінг-экскурсіі такога фармату з абедам з сельскіх прадуктаў — рэдкая прапанова на рынку.

Як вясковы хлопец стаў маркетолагам і web-распрацоўшчыкам

Калі ў цябе куча канкурэнтаў, патрэбныя добрыя маркетынгавыя навыкі, каб знайсці падыход да кліента і прадаць свае паслугі. Раскажу, як я стаў маркетолагам.

Першыя маркетынгавыя навыкі набываў на практыцы. Бацькі гандлявалі расадай на рынку, і я, будучы дзіцем, дапамагаў ім. Уяўляеце, як трэба пераконваць пакупніка, калі на рынку дзясятак прадаўцоў такой самай расады? Яшчэ бацька вырошчваў капусту, моркву, буракі, і потым мы іх прадавалі па санаторыях. Увогуле, практыкі было шмат.

Аднак сучасны бізнэс без IT-складніка асуджаны на правал. Вялікі мінус вёскі ў тым, што ты жывеш у свеце, дзе ніхто не ведае, што такое кантэкстная і таргетаваная рэклама, Яндэкс Дырэкт і Google Ads, рэклама ў Instagram. Усё гэта я даведаўся нашмат пазней, калі стаў адмыслова вывучаць web-распрацоўку.

Да таго моманту камп'ютары мяне ніколі не прыцягвалі. Мне падабаецца прырода і рух. Сядзець на адным месцы і ўглядацца ў экран — зусім не маё.

Я даўно бачыў велізарны патэнцыял у беларускай прыродзе, а Блакітныя азёры — адно з найпрыгажэйшых месцаў. У 10-м класе ў мяне была мара напісаць сайт пра Блакітныя азёры. Мара спраўдзілася фактычна з пабудовай хаты ў 2017 годзе.

Гэта цяпер наша мясцовасць ужо вядомая, а шэсць гадоў таму пра яе ведалі толькі мясцовыя жыхары і заўзятыя аматары паходаў.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Увайсці ў IT, не выязджаючы з вёскі, праблема. Я пералапаціў шмат інфармацыі. Знайшоў анлайн-курсы па web-распрацоўцы і цэлы год вывучаў, як напісаць і раскруціць уласны сайт.

Вясковаму хлопцу, які не займаўся дакладнымі навукамі, падымаць айцішку з нуля вельмі цяжка. Але пры моцным жаданні ўсё магчыма. Я прачынаўся і засынаў з камп'ютарам. У нейкі момант сталі дранцвець кісці рук, бо з раніцы да вечара клацаў па мышцы.

У выніку я стварыў просты, але надзейны і хуткі сайт. Ён выйшаў у топы ў пашукавіках і дапамагаў мне не толькі расказваць пра Блакітныя азёры, але і прасоўваць аграсядзібу. Акрамя гэтага, я заняўся прасоўваннем свайго праекта ў Instagram, дзяліўся фатаграфіямі Блакітных азёр, падключыў анлайн-рэкламу.

Субота — значыць экскурсія

Ідэя праводзіць платныя экскурсіі прыйшла не адразу. Доўгі час я бясплатна праводзіў прагулкі па азёрах для жыхароў нашай аграсядзібы. Проста хацелася выканаць дзіцячую мару — паказаць унікальнасць мясцовай прыроды тым, хто да нас прыязджае. Так правёў каля сотні тураў.

Былі нават выпадкі, калі да мяне пад выглядам адпачывальнікаў прыязджалі прадстаўнікі камерцыйнай турфірмы. Яны вывучалі мае маршруты, а потым вадзілі па іх людзей за грошы. Пра гэта я даведаўся праз доўгі час.

Першыя дзесяць даляраў з экскурсіі я зарабіў, не разлічваючы на аплату. Прыехалі знаёмыя з групай дзяцей. Я правёў экскурсію, а яны кажуць: вось табе 20 рублёў на паліва для матацыкла. Ну добра. Дзякуй!

Затым у адным артыкуле, які быў у топе па выдачы ў пошукавай сістэме, я зрабіў спасылку на магчымасць арганізацыі экскурсіі. На наступны дзень да мяне прыехалі дзве дзяўчыны, і мы прайшлі 23 кіламетры. Пры гэтым ежу забылі ў машыне: па дарозе елі суніцы і чарніцы. На кемпінгу мяне пазнаў падпісант і прапанаваў далучыцца да стала. Не забуду той хлеб!

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Прагулка была вясёлай з прыемным сюрпрызам. Гэта быў мой першы сапраўдны камерцыйны паход, калі мне заплацілі 100 рублёў. З тых часоў я пачаў арганізоўваць камерцыйныя паходы для гасцей аграсядзібы і любых ахвотных аграэкатурыстаў.

Экскурсіі я вяду на беларускай мове. Турысты, якія прыязджаюць, усе цудоўныя, такія, якія любяць Беларусь і яе прыроду. Часам нават не хочацца іх адпускаць, настолькі прывязваешся.

За грашыма ад экскурсій я не ганюся. Праводжу іх толькі па суботах. Выключэнне — доўгія майскія выходныя. На іх працую амаль кожны дзень.

У нядзелю і сярод тыдня экскурсіі не раблю па дзвюх прычынах. Па-першае, цяжка два дні запар вадзіць людзей на такія дыстанцыі. Не столькі фізічна цяжка, як псіхалагічна. Мне падабаецца выкладвацца на экскурсіі на 100%, распавядаць з запалам, але для гэтага трэба і маральна аднаўляцца.

Па-другое, хапае іншай працы. Трэба засяліць, выселіць, прыбраць тэрыторыю, пакасіць тры ўчасткі, плюс дапамагчы бацькам.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

З мая па канец верасня — сезон, усе суботы праходзяць на экскурсіях. Група да 20 чалавек. Позняй восенню і зімой таксама праводжу туры, але радзей: як правіла, два разы на месяц. Збіраюцца маленькія групы па 5-10 чалавек. Ходзім на кароткія маршруты — па 7 кіламетраў. Такую дыстанцыю няцяжка прайсці, і яе дастаткова, каб зімой прагуляцца і наталіцца прыродай. Яшчэ арганізую двухдзённы трэкінг, з хатняй кухняй і лазняй.

У кошт экскурсіі ўваходзіць ежа. Рыхтую сам на вогнішчы амлет з бульбай і смажанінай. Людзі назіраюць з цікавасцю. Плюс частую хатняй выпечкай, сапраўдным вясковым салам, казіным сырам, травяной гарбатай.

Рыштунак нашу сам у заплечніку. Людзям у торбы аддаю толькі тэрмасы. Калі група вялікая, то прашу бацьку прывезці на лакацыі абсталяванне і падрыхтаваць вогнішча.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Як я змагаўся за чысціню на Блакітных азёрах

Самая вялікая цяжкасць — гэта ўзаемаадносіны з мясцовым лясніцтвам, дакладней з яго кіраўніцтвам. Усё пачалося з таго, што ў 2021 годзе я падняў пытанне з чысцінёй на Блакітных азёрах. Людзі, якія ў мяне спыняліся, скардзіліся на смецце на пляжах і ў вадзе, адсутнасць прыбіральняў, зламаныя пірсы і альтанкі, дзе я сам аднойчы пракалоў нагу.

Усё, што было ў маіх сілах, я рабіў: збіраў смецце, павесіў паказальнікі, прыбраў завалы па маршруце, стварыў самі маршруты і даў ім назву. Я стварыў на сваім энтузіязме сайт і Instagram-старонку, якія прыцягнулі тысячы людзей на адпачынак у нацыянальны парк «Нарачанскі», дзе людзі пакінулі дзясяткі тысяч рублёў у бюджэт раёна.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Гэта прыкметны ўклад у развіццё нацыянальнага турызму і велізарная фізічная і інтэлектуальная праца аднаго чалавека. Але паставіць і абслугоўваць прыбіральні павінны службы, адказныя за гэтыя пляжы і турыстычныя стаянкі. Не я.

Сітуацыя не змянялася, нават пагаршалася на вачах. Мне казалі: раз ваджу людзей на экскурсіі, то сам павінен усталёўваць і чысціць прыбіральні, арганізоўваць сцежкі.

Тады мы сабралі подпісы людзей і адправілі калектыўны ліст ва ўпраўленне справамі Лукашэнкі. Прыбіральні з'явіліся на працягу двух тыдняў, трава скошаная, чысціня і парадак. Прыемна бачыць свае родныя мясціны чыстымі.

Фота з асабістага архіва героя

Фота з асабістага архіва героя

Што тычыцца новых зменаў у заканадаўства аб аграсядзібах, то яны дадалі нам шмат клопатаў, але мы ўжо амаль з імі справіліся. Прайшлі праверку санстанцыі, пажарнікаў, здалі ваду на аналіз — усё прайшло цудоўна. Праўда, выявілася праблема: у нас не было тэхнічнага пашпарта на дом, а адпаведна — рэгістрацыі. Але мы ўжо ліквідавалі гэты недахоп і чакаем днямі дазвол.

Куды маштабавацца далей?

З дзясятага класа я захапляюся фатаграфіяй. Гэтыя навыкі дапамагаюць у прасоўванні сайта і развіцці сацыяльных сетак. Пачынаю вывучаць відэапрадакшэн. Здымаю відэаролікі, вывучаю мантаж. Хачу здымаць кароткія фільмы пра Беларусь, паказваць людзям Мядзельскі раён.

Звычайныя традыцыйныя вёсачкі знікаюць. У нас вялікі пласт культуры і традыцый, якія, на жаль, адыходзяць. Такія рэчы мяне хвалююць. Хочацца захаваць беларускую вёску хаця б на відэа. Каб праз 20-30 гадоў карыстальнікі ў любым пункце свету маглі даведацца, як жылі вясковыя беларусы.

Цяпер я ваджу туры па Блакітных азёрах, але мяне таксама прыцягвае поўнач планеты — Нарвегія і Фінляндыя. Калі пашыраць бізнэс, то хацеў бы вадзіць туры ў гэтыя краіны. Вывозіць туды беларусаў хоць бы 2-3 разы на год. Думаю, гэта і будзе наступным этапам праекта Blue Lakes Travel.

Чытайце таксама:

Якое возера ў Беларусі найбольш прыдатнае для дайвінгу?

Маршрут для незабыўных выхадных. На Нарачы вы ўсе бывалі. А паглядзіце, што можна пабачыць вакол Блакітных азёр

«Найлепшы загарадны дом у Беларусі, прэміум-клас!» Якія дамы прадаюць на беразе Нарачы

Клас
54
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
13