Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Мікрабіём кішачніка — гэта сукупнасць мікробаў, сярод якіх бактэрыі, вірусы і грыбкі ў кішачніку. Наяўнасць розных папуляцый мікробаў лічыцца важнай для нашага здароўя ў цэлым. Аднак пры пэўных абставінах у кішачным мікрабіёме могуць таксама ўтрымлівацца мікробы, што шкодзяць нашаму здароўю.

Пры хваробе Альцгеймера ў галаўным мозгу анамальна назапашваюцца два бялкі: бэта-амілоід і тау-бялок. Гэта прыводзіць да характэрнай страты памяці і пагаршэння кагнітыўных здольнасцяў, звязаных з хваробай, прычым з часам сімптомы робяцца ўсё мацнейшымі.

Вядома, што бэта-амілоід і тау-бялок пачынаюць назапашвацца задоўга да з'яўлення сімптомаў хваробы Альцгеймера. Якраз на гэтай стадыі, вядомай як «даклінічная стадыя», даследчыкі ўбачылі змены ў мікрабіёме кішачніка: так, у паддоследных, якія маюць прыкметы даклінічнай хваробы Альцгеймера, адрозненні ў кішачным мікрабіёме былі звязаныя акурат з назапашваннем абодвух вышэй згаданых бялкоў у галаўным мозгу.

Даследчыкі выявілі, што ўключэнне даных пра кішачны мікрабіём палепшыла здольнасць дакладна дыягнаставаць даклінічную хваробу Альцгеймера з дапамогай алгарытму машыннага навучання.

Ідэя аналізу кішачнага мікрабіёму (па сутнасці просты аналіз калу пацыента) прывабная для даследчыкаў, бо гэта магло б стаць неінвазіўным і больш даступным спосабам выяўлення рызыкі развіцця захворвання на ранейшай стадыі, даючы чалавеку больш часу для планавання і падрыхтоўкі ў будучыні. Да таго ж некаторыя з існых дыягнастычных тэстаў могуць быць непрыемнымі, як, напрыклад, люмбальная пункцыя, або абапірацца на дарагія тэхналогіі візуалізацыі (МРТ), доступ да якіх, як вядома, не заўсёды проста атрымаць.

The Conversation адзначае, аднак, што паляпшэнне ў правільным прадказанні захворвання, выяўленае даследаваннем, было ўсё ж даволі сціплым. І хаця аналіз даных кішачных мікрабіёмаў можа дапоўніць сучасныя метады дыягностыкі даклінічнай хваробы Альцгеймера, ён пакуль не можа замяніць іх цалкам.

Нечаканая знаходка

Нечакана некаторыя з мікраарганізмаў, якія раней лічыліся карыснымі для здароўя чалавека, выявіліся звязанымі з прыкметамі даклінічнай хваробы Альцгеймера. Напрыклад, бактэрыя Faecalibacterium prausnitzii (F. prausnitzii), як было выяўлена ў папярэднім даследаванні, часцей сустракаецца ў кішачным мікрабіёме людзей без хваробы Альцгеймера, чым у хворых.

Навукоўцы пакуль не могуць зразумець прычыну гэтага. Адным з тлумачэнняў можа быць ранняя стадыя захворвання: важна прызнаць, што не ва ўсіх, хто мае прыкметы даклінічнай хваробы Альцгеймера, разаўецца сама хвароба. А на позніх стадыях могуць адбыцца змены мікрабіёма кішачніка, напрыклад страта той жа F. prausnitzii.

Пакуль аўтары даследавання не маюць ніякіх доказаў непасрэднай прычынна-выніковай сувязі кішачнага мікрабіёму з развіццём хваробы. Але калі сувязь будзе вызначаная ў далейшых даследаваннях, гэта можа адкрыць захапляльную магчымасць таго, што будучыя метады лячэння гэтай жахлівай хваробы могуць быць накіраваныя на мікробы ў нашым кішачніку.

Чытайце таксама:

Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе

Навукоўцы выявілі парадаксальны ўплыў працэсаў у кішачніку на старэнне

Новы падыход да выяўлення пухлін: навукоўцы шукаюць мікробы і грыбкі

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
2