Фота: Jean-Claude Marquet, CC-BY 4.0 (creativecommons.org/licenses/by/4.0/)

Фота: Jean-Claude Marquet, CC-BY 4.0 (creativecommons.org/licenses/by/4.0/)

Цяпер у гістарычнай навуцы агульнапрынятае меркаванне, што неандэртальцы былі, так бы мовіць, няпростымі стрыечнымі братамі Homo sapiens, якія зніклі з Зямлі каля 40 000 гадоў таму. Нашы страчаныя сваякі сталі яшчэ больш складанымі з адкрыццём старажытных пячорных гравюр у Францыі.

Гравюры знайшлі ў Ля-Рош-Катар — пячоры, якая знаходзіцца прыкладна за 20 кіламетраў на захад ад горада Тур. Малюнкі складаюцца з паралельных ліній, зробленых пальцамі і працягнутых па сцяне пячоры ў выглядзе ўзораў. Гэтыя выявы папярэднічалі прыбыццю Homo sapiens у рэгіён, што прымусіла групу даследчыкаў меркаваць, што яны былі створаныя неандэртальцамі (Homo neanderthalensis). Даследаванне каманды апублікавалі на гэтым тыдні ў PLoS One.

«Гэтыя сценкі былі ўпрыгожаныя прадуманымі структурнымі лініямі», — сказаў Жан-Клод Марке, археолаг з Універсітэта Тура, у каментары для Gizmodo.

Доступ у пячору спыніўся 57 000 гадоў таму, калі sapiens яшчэ не прыбылі ў Заходнюю Еўропу, таму гэтыя гравюры можна аднесці толькі да творчасці неандэртальцаў, бо пасля таго ў пячору ніхто не заходзіў. Гэта выявіў метад аптычна стымуляванага люмінесцэнтнага датавання пячорных адкладаў. 

Калі б гаворка ішла пра пячору з некалькімі ўваходамі, то можна яшчэ было б сумнявацца, бо розныя ўваходы магло заваліць у розныя часы, але адносна невялікая La Roche-Cotard была дакладна недаступная чалавеку пазней, як кажуць даследчыкі, што прымушае іх быць перакананымі, што гэта мастацтва было створанае рукамі акурат неандэртальцаў.

Калісьці ў гістарычнай навуцы неандэртальцаў уяўлялі адсталымі і дурнымі ў параўнанні з «чалавекам разумным», але з’яўляецца ўсё больш доказаў, што яны былі не менш складанымі і наватарскімі. Неандэртальцы працавалі разам у групах, дзяліліся ежай, палявалі гуртам і нават умелі лячыць некаторыя хваробы. Неандэртальцы ўмелі распальваць вогнішчы і выкарыстоўваць агонь гэтак жа, як і нашы непасрэдныя продкі. Мяркуецца, што неандэртальцы не вымерлі цалкам, а хутчэй былі ўключаныя ў генафонд Homo sapiens у выніку скрыжавання нашых двух відаў.

Відэа, якое дэманструе, што сабой уяўляюць старажытныя малюнкі

Неандэртальцы зніклі каля 40 000 гадоў таму, пакінуўшы пасля сябе некаторыя генетычныя асаблівасці ўнутры нашай ДНК, а таксама прылады працы, якія час ад часу знаходзяць археолагі. Выяўляецца, у іх было і мастацтва.

Знакі з La Roche-Cotard можна лічыць самым старым вядомым творам мастацтва, зробленым прадстаўнікамі віду neanderthalensis: даследчыкі кажуць, што знойдзеным мецінам каля 60 000 — 75 000 гадоў.

У навукоўцаў ужо былі доказы таго, што неандэртальцы выкарыстоўвалі пігменты і малявалі арнаменты на тэрыторыі сучаснай Іспаніі. Французскія знаходкі сведчаць, што яны, магчыма, рабілі тое самае ва ўсім сваім арэале пражывання. Арнаменты яны стваралі, малюючы пальцамі па сырой гліне ці вапнавых пародах, як кажуць даследчыкі.

Не ўсе пагаджаюцца з такой гіпотэзай. «Я магу пагадзіцца з тым, што меціны пальцамі былі зробленыя чалавекападобнай істотай, але мы павінны быць асцярожнымі з празмернай інтэрпрэтацыяй», — растлумачыў Майкл Петраглія, дырэктар Аўстралійскага даследчага цэнтра эвалюцыі чалавека пры Griffith University.

Спадар Петраглія адзначыў, што прычыны гэтых «пальцавых малюнкаў» невядомыя: яны маглі быць зробленыя некалькімі людзьмі на працягу нейкага адрэзку часу і не абавязкова павінны лічыцца праявамі наўмыснага мастацтва, абстракцыямі або сімваламі.

Петраглія кажа, што некаторыя даныя сведчаць пра міграцыю Homo sapiens на тэрыторыю сучаснай Францыі 55 000 гадоў таму, што ўскладняе канчатковае выключэнне датычнасці нашага віду да спраў у La Roche-Cotard.

Даследчыкі спадзяюцца правесці ў пячоры дадатковы аналіз. Дзякуючы развіццю ў галіне генетыкі і візуалізацыі навукоўцы па-новаму глядзяць на наша старажытнае мінулае: хто ўваходзіў у род Homo, як гэтыя асобіны ўзаемадзейнічалі паміж сабой, а таксама калі і як яны распрацоўвалі ўласныя тэхналогіі.

Чытайце таксама:

«Мая еўрапейская сям'я». Захапляльная кніга пра гісторыю з’яўлення і развіцця чалавечай папуляцыі ў Еўропе

Археолагі знайшлі сведчанне кантактаў Homo sapiens з неандэртальцамі

Неандэртальцы елі адзін аднаго. Але не ад голаду

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
3