William Burns Вильям Бёрнс Вільям Бёрнс

Дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс. Фота: Tom Williams / Pool via AP

Дырэктар ЦРУ адзначыў, што эпоха пасля халоднай вайны дакладна скончылася. Цяпер галоўная задача заключаецца ў тым, каб пакінуць будучым пакаленням больш свабодны, адкрыты, бяспечны і квітнеючы свет.

Тры выклікі сучаснага светапарадку

Поспех у гэтым, па меркаванні Бёрнса, будзе залежаць ад здольнасці арыентавацца ў свеце з трыма галоўнымі выклікамі.

Першы — гэта выклік стратэгічнай канкурэнцыі ад амбіцыйнага Кітая, які актыўна разіваецца, і ад Расіі, якая, па словах дырэктара ЦРУ, «пастаянна нагадвае нам, што не толькі супердзяржавы, якія на ўздыме, але і тыя, якія на стадыі заняпаду, таксама могуць дэстабілізаваць [міжнародную абстаноўку]».

Другі выклік звязаны з такімі праблемамі, як кліматычны крызіс і глабальная пандэмія. Іх Бёрнс назваў «праблемамі без пашпартоў», іх не можа вырашыць асобна ні адна краіна свету. Гэтыя праблемы становяцца ўсё больш экстрэмальнымі і экзістэнцыяльнымі.

Трэці выклік — рэвалюцыя ў тэхналогіях, якая змяняе тое, як мы жывём, працуем, змагаемся і канкуруем. Яна нясе новыя магчымасці і рызыку, якія мы пакуль не можам цалкам зразумець.

На думку дырэктара ЦРУ, гэтыя выклікі часам канфліктуюць паміж сабою. Пры гэтым супрацоўніцтва ў вырашэнні супольных глабальных праблем становіцца адначасова і важнейшым, і складанейшым, бо занадта часта становіцца ахвярай стратэгічнай канкурэнцыі.

Асноўнай арэнай для гэтай канкурэнцыі, як адзначае Бёрнс, ёсць тэхналагічная рэвалюцыя. У той жа час яна — гэта той феномен, у якім нейкае базавае партнёрства мае вырашальнае значэнне для ўстанаўлення правіл паводзін, каб максімізаваць перавагі новых тэхналогій і мінімізаваць іх небяспеку.

Вайна Расіі супраць Украіны

Дырэктар ЦРУ падкрэсліў, што самым непасрэдным і вострым геапалітычным выклікам міжнароднаму парадку сёння ёсць поўнамаштабнае ўварванне Уладзіміра Пуціна ва Украіну.

Бёрнс адзначыў, што ён «большую частку апошніх двух дзесяцігоддзяў правёў, спрабуючы зразумець і супрацьстаяць выбухованебяспечнай камбінацыі крыўды, амбіцый і няўпэўненасці, якую ўвасабляе Пуцін». І гэты досвед даў яму здаровую дозу стрыманасці ў размовах пра Пуціна і Расію.

Па словах дырэктара ЦРУ, ён зразумеў адну рэч, што

«памылкай было недаацэньваць зацыкленасць Пуціна на кантролі над Украінай і яе рашэннямі, без чаго, на думку Пуціна, Расія не можа быць вялікай дзяржавай, а ён — вялікім расійскім лідарам. Гэтая трагічная і жорсткая зацыкленасць ужо прынесла Расіі ганьбу і агаліла яе слабыя месцы, а таксама выклікала ашаламляльную стойкасць і рашучасць украінскага народа».

Бёрнс згадаў пра тое, што Пуцін часта настойваў на тым, што Украіна — «несапраўдная краіна», што яна расколатая і слабая.

«Што ж, як ён даведаўся, сапраўдныя краіны адбіваюцца. А ўкраінцы адбіваліся з незвычайнай мужнасцю і стойкасцю, я пераканаўся ў гэтым падчас частых паездак у Кіеў у часе вайны. Яны не адступяць, як і ўсе мы, хто падтрымлівае Украіну», — заявіў дырэктар ЦРУ.

Бёрнс канстатаваў, што вайна ва Украіне — стратэгічная няўдача для Расіі. Яна выявіла яе ваенную слабасць, а эканоміка Расіі моцна аслабленая, і гэта надоўга.

Дырэктар ЦРУ лічыць, што памылкі Пуціна прадвызначылі будучыню Расіі як малодшага партнёра Кітая і ягонай эканамічнай калоніі. У той жа час НАТА стрымлівае рэваншысцкія амбіцыі, пашырылася і стала мацнейшым.

Дырэктар ЦРУ згадаў пра мяцеж Яўгена Прыгожына. Ëн прызнаўся, што яго ўразіла, як Прыгожын напярэдадні свайго пахода зʼедліва раскрытыкаваў ілжывасць абгрунтавання Крамлём уварвання ва Украіну і ганебнасць дзеянняў расійскага вайсковага кіраўніцтва падчас вайны.

«Уздзеянне гэтых слоў і гэтых дзеянняў — яркі напамін аб разбуральным уплыве вайны Пуціна на яго ўласнае грамадства і яго ўласны рэжым», — адзначыў Бёрнс.

Кітай

Як адзначыў дырэктар ЦРУ, Кітай — адзіная краіна, якая адначасова і мае намер змяніць міжнародны парадак, і мае ўсё большую эканамічную, дыпламатычную, вайсковую і тэхналагічную моц для гэтага.

Бёрнс падкрэсліў, што праблема не ва ўзрастанні моцы Кітая, а ў тых дзеяннях, якія гэтае ўзрастанне суправаджаюць.

«Прэзідэнт Сі пачынае свой трэці тэрмін, сканцэнтраваўшы ў сваіх руках большую ўладу, чым любы кітайскі лідар ад часоў Маа. І замест таго, каб выкарыстоўваць гэтую сілу для ўмацавання, ажыўлення і абнаўлення той міжнароднай сістэмы, якая дапамагла Кітаю ў яго трансфармацыі, ён імкнецца гэтую сістэму перафарматаваць»,

— адзначыў дырэктар ЦРУ.

«У разведцы мы ўважліва вывучаем тое, што кажуць лідары. Але мы звяртаем асаблівую ўвагу на тое, што яны робяць», — заўважыў Бёрнс і растлумачыў, што немагчыма ігнараваць узмацненне рэпрэсіўнасці ўнутры Кітая і яго агрэсіўнасці за мяжой — ад яго «безгранічнага партнёрства» з Пуціным да яго пагроз міру і стабільнасці ў Тайванскім праліве».

Новая тэхналагічная рэвалюцыя

У сваім выступленні Бёрнс звярнуў асобую ўвагу на тэхналагічную рэвалюцыю. На яго думку, прагрэс у вылічальных тэхналогіях — ад мікрасхем да штучнага інтэлекту — вядзе да прарываў надзвычайнага маштабу і размаху.

«Мы зноў і зноў бачым гэтую лінію трэнду «хакейнай клюшкі», якая пераўзыходзіць нашы спадзяванні, разуменне і здольнасць кіраваць выкарыстаннем надзвычай магутных тэхналогій — на карысць ці на зло»,

— адзначыў дырэктар ЦРУ.

На яго погляд, найбольш відавочна тэхналагічная рэвалюцыя праяўляе сябе ў біятэхналогіях і біявытворчасці, якія «могуць адкрыць незвычайныя рашэнні для клімату і здароўя і павысіць нашу эканоміку, але злоўжыванне і няправільнае выкарыстанне якіх можа прывесці да катастрофы».

Бёрнс падкрэсліў, што лідарства ў тэхналогіях і інавацыях ляжыць у аснове эканамічнага росквіту і вайсковай моцы краін Захаду. Гэта разумеюць кітайскія і іншыя канкурэнты. Таму не дзіўна, што яны ўкладваюць значныя сродкі ў новыя тэхналогіі, якія зʼяўляюцца адным з асноўных аспектаў стратэгічнай канкурэнцыі.

Змены ў разведцы

Дырэктар ЦРУ адзначыў, што ганарыцца працай, якую правялі ЦРУ і яго партнёры па разведвальнай супольнасці ЗША, каб дапамагчы прэзідэнту Байдэну, высокапастаўленым палітыкам і асабліва ўкраінцам сарваць агрэсію Уладзіміра Пуціна ва Украіне.

Бёрнс адзначыў цеснае супрацоўніцтва з Сакрэтнай разведвальнай службай Вялікабрытаніі.

Па яго словах, разам яны змаглі забяспечыць ранняе і дакладнае папярэджанне аб будучай вайне, што ёсць важнай функцыяй любой разведвальнай службы.

Дырэктар ЦРУ згадаў пра свой візіт у пачатку лістапада 2021 года ў Маскву. Нягледзячы на тое, што ён данёс да Пуціна і ягоных дарадцаў, што ў Вашынгтоне ясна разумеюць іх планы нападу на Украіну, яны не адракліся сваіх намераў, бо былі перакананыя, што «акно для магчымасці дамінаваць ва Украіне закрываецца».

Па словах Бёрнса, добрая разведка дапамагла прэзідэнту ЗША мабілізаваць і падтрымаць моцную кааліцыю краін дзеля дапамогі Украіне. Яна дапамагла Украіне абараніць сябе з незвычайнай адвагай і з рашучасцю пачаць вырашальнае контрнаступленне.

Дырэктар ЦРУ адзначыў, што незадаволенасць вайной будзе працягваць разʼядаць расійскае кіраўніцтва, якое падсілкоўваецца дзяржаўнай прапагандай і рэпрэсіўнымі практыкамі. І гэтая незадаволенасць адкрывае ўнікальную магчымасць для ЦРУ, якое не дасць ёй прапасці.

Бёрнс распавёў пра тое, што нядаўна ЦРУ размясціла першы відэаролік у Telegram. У ім было расказана пра тое, як расіяне могуць бяспечна звязацца з ЦРУ ў даркнэце. Па словах дырэктара ЦРУ, за першы тыдзень ролік набраў 2,5 мільёна праглядаў.

Канкурэнцыя з Кітаем

Калі вайна Пуціна ва Украіне — гэта адкрыты выклік у стратэгічнай канкурэнцыі, то Кітай Сі Цзіньпіна, па словах дырэктара ЦРУ, — найбуйнейшы геапалітычны і разведвальны супернік і самы важны доўгатэрміновы прыярытэт.

У структуры ЦРУ быў створаны «аперацыйны цэнтр па Кітаі». Па словах Бёрнса, гэта адзіны з каля дзясятка падобных аперацыйных цэнтраў, які цалкам арыентаваны на Кітай.

Па словах дырэктара ўпраўлення, ЦРУ засяродзіла значна больш рэсурсаў на зборы разведданых, аперацыях і аналізе Кітая. За апошнія два гады бюджэт на гэтыя мэты быў павялічаны ўдвая.

«Мы наймаем і навучаем больш носьбітаў кітайскай мовы. І мы нарошчваем намаганні па ўсім свеце, каб канкураваць з Кітаем, — ад Лацінскай Амерыкі да Афрыкі і Інда-Ціхаакіянскага рэгіёна»,

— адзначыў дырэктар ЦРУ.

Бёрнс распавёў пра тое, што адначасова ЗША ціха наладзілі каналы камунікацыі з Кітаем па лініі разведак, у тым ліку шляхам яго персанальных паездак.

«Гэтыя каналы даюць магчымасць засцерагчыся ад непатрэбных непаразуменняў і ненаўмысных сутыкненняў, а таксама дапаўняюць і падтрымліваюць камунікацыю па каналах палітычнага кіраўніцтва краін», — заявіў дырэктар ЦРУ.

Новыя тэхналогіі

Па словах дырэктара ЦРУ, яго ведамства змяняе падыход да новых тэхналагічных праблем. Быў створаны другі аперацыйны цэнтр, арыентаваны на тэхналогіі і транснацыянальныя праблемы. Ён значна пашырае партнёрства ЦРУ з прыватным сектарам.

Акрамя таго, як адзначыў Бёрнс, была створана новая пасада галоўнага тэхналагічнага дырэктара, і пачалася рэалізацыя праграмы CIA Labs, якая падтрымлівае даследаванні і распрацоўкі ў галіне важных тэхналогій з акадэмічнымі і прыватнымі партнёрамі.

Дырэктар ЦРУ адзначыў, што яго ведамства цяпер знаходзіцца ў цэнтры самай глыбокай трансфармацыі шпіёнскага рамяства з часоў халоднай вайны.

«У эпоху разумных гарадоў і паўсюднага тэхнічнага сачэння шпіянаж — сурʼёзны выклік. Для афіцэра ЦРУ, які працуе за мяжой у варожай краіне і сустракаецца з крыніцамі, што рызыкуюць уласнай бяспекай, каб перадаць інфармацыю, татальнае відэаназіранне стварае рызыкі, —

адзначае Бёрнс і дадае: — Тая ж самая тэхналогія, якая часам працуе супраць нас — ці гэта здабыча вялікіх масіваў даных для выяўлення заканамернасцяў у нашай дзейнасці ці маштабныя сеткі камер сачэння — таксама можа працаваць на нас і супраць нашых канкурэнтаў».

Нягледзячы на надзвычайную важнасць тэхнічных платформаў у сучасным свеце разведкі, як адзначае дырэктар ЦРУ, заўсёды будуць сакрэты, якія трэба збіраць чалавеку, і тайныя аперацыі, якія можа выканаць толькі чалавек.

Рэвалюцыя ў галіне штучнага інтэлекту і машыннага навучання, а таксама лавіна інфармацыі з адкрытых крыніц у сучасным свеце ствараюць новыя магчымасці для аналітыкаў ЦРУ.

Бёрнс тлумачыць, што пры належным выкарыстанні штучны інтэлект можа знаходзіць заканамернасці і тэндэнцыі ў велізарных абʼёмах даных, чаго не можа чалавечы розум. Гэта дазваляе супрацоўнікам ЦРУ засяродзіцца на тым, што ў іх атрымліваецца лепш за ўсё: прадстаўленні абгрунтаваных меркаванняў і разумення таго, што найбольш важна для палітыкаў і што найбольш важна для інтарэсаў краіны.

«Нашы праціўнікі выкарыстоўваюць інфармацыю з адкрытых крыніц, і мы павінны рабіць гэта хутчэй і лепш, чым яны»,

— адзначыў дырэктар ЦРУ.

Інвестыцыі ў людзей

Яшчэ адным ключавым прыярытэтам, па словах дырэктара ЦРУ, зʼяўляецца інвеставанне ў людзей.

«Нягледзячы на тое, што валоданне новымі тэхналогіямі шмат у чым будзе вызначаць нашу будучыню, выдатныя мужчыны і жанчыны ў цэнтры ЦРУ заўсёды будуць рухаць яго наперад»,

— упэўнены Бёрнс.

Ён адзначыў, што ЦРУ цалкам абнавіла сваю медыцынскую каманду, адправіла больш сваіх супрацоўнікаў з медыцынскай адукацыяй ці досведам у гэтай сферы ў месцы, дзе адбываюцца разведвальныя аперацыі.

У арганізацыі была ўзмоцнена праграма, якая ўлічвае запатрабаванні супрацоўнікаў, якія маюць сямʼю ці партнёра, які таксама працуе ў ЦРУ. Таксама быў прызначаны першы ў гісторыі ўпраўлення галоўны афіцэр па дабрабыце.

Бёрнс распавёў пра тое, што ЦРУ шукае больш спосабаў для таго, каб прыцягнуць і ўтрымаць супрацоўнікаў, якія маюць высокія навыкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Для гэтага паляпшаюцца пакеты аплаты працы і заахвочваюцца больш гнуткія карʼерныя мадэлі, каб афіцэры маглі перайсці ў прыватны сектар, а пазней вярнуцца ў ЦРУ.

Разведвальная дыпламатыя

У сваёй прамове дырэктар ЦРУ адзначыў, што аснова разведвальнай дыпламатыі — гэта партнёры па так званай сетцы «Пяць вачэй» (у яе ўваходзяць Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя, Вялікабрытанія і ЗША — рэд.), НАТА і Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Аднак найбольш цесныя і даверлівыя адносіны ў ЦРУ склаліся з Вялікабрытаніяй і яе Сакрэтнай разведвальнай службай.

Бёрнс згадаў пра свой непасрэдны ўдзел у супрацоўніцтве з брытанскай разведкай і дыпламатамі ў перамовах з Муамарам Кадафі, каб пераканаць апошняга «спыніць тэрарыстычную дзейнасць і адмовіцца ад сваёй прымітыўнай ядзернай праграмы. Гэта была прыгода, поўная дзіўных сустрэч ноччу пасярод пустыні з Кадафі — самым дзіўным лідарам з усіх, з кім я перасякаўся».

Дырэктар ЦРУ прывёў і іншыя прыклады плённага супрацоўніцтва. Сярод іх — сакрэтныя перамовы па ядзернай праграме Ірака, складаныя і небяспечныя сітуацыі, з якімі сутыкнуліся ЗША і іх саюзнікі ў Іраку і Афганістане.

Супрацоўніцтва разведак дзвюх краін напярэдадні вайны ва Украіне Бёрнс назваў цудоўным і адзначыў, што ён і яго брытанскі калега былі адзінымі, хто спрагназаваў ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны. Яны рызыкавалі рэпутацыяй з-за сваіх заяў, якія іншым здаваліся нерэалістычнымі.

Пры канцы свайго выступлення дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс адзначыў, што яму прыемна працаваць разам з брытанскімі калегамі, бо яны могуць абменьвацца досведам і ведамі, каб паляпшаць свае разведвальныя службы і адаптавацца да новых выклікаў і пагроз.

Чытайце яшчэ:

WP: Дырэктар ЦРУ таемна наведаў Кіеў і распавёў Зяленскаму аб планах Расіі

Дырэктар ЦРУ: Уварванне ва Украіну — правал, які нашкодзіць пакаленням расіян

Выведка ЗША перадала Украіне план наступу Расіі на Кіеў

Клас
31
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?