Раней мы ўжо пісалі пра тое, што некаторых супрацоўнікаў дзяржустаноў прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка. Пры адмове пагражаюць звальненнем, а ў найлепшым выпадку — адсутнасцю перспектыў кар'ернага росту.

Даныя аб наяўнасці ў чалавека карты паляка лукашэнкаўцы, як відаць, атрымліваюць ад пагранічнікаў. Кожны тып візы мае свой лічбавы код у залежнасці ад падстаў, па якіх выдадзена віза. 

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Разам з тым нам стала вядома пра выпадкі, калі кіраўніцтва дзяржаўных устаноў даведвалася аб тым, што чалавек толькі мае намер падавацца на карту паляка. Суразмоўца падрыхтаваў усе неабходныя дакументы для паездкі на сумоўе, але яшчэ не паспеў гэтага зрабіць.

Ахвотных атрымаць карту паляка выклікаюць «на дыван», дзе настойліва рэкамендуюць адмовіцца ад такіх намераў, каб пазбегнуць праблем у будучыні. Папярэджваюць, што, калі супрацоўнік не паслухае і атрымае карту паляка, затрымацца на працы ў найлепшым выпадку атрымаецца толькі да завяршэння бягучага кантракта, а пра нейкае павышэнне па кар'ернай лесвіцы раяць забыцца.

Суразмоўца, які аказаўся ў падобнай сітуацыі, выказвае здагадкі, што беларускія спецслужбы даведваюцца пра намер чалавека атрымаць карту паляка шляхам праслухоўвання пасярэднікаў, якія аказваюць суправаджальныя паслугі і праводзяць навучанне для здачы іспыту.

Таксама расказваюць пра выпадкі, калі супрацоўнікі дзяржустаноў траплялі пад дадатковую ўвагу з боку спецслужбаў праз карту паляка ў сваякоў.

Крыніца паведамляе, што калі перад павышэннем па кар'ернай лесвіцы чалавек праходзіў дадатковыя негалосныя праверкі, то пытанні ўзнікалі нават праз тое, што карту паляка мела дзіця, а не сам чалавек, які ішоў на павышэнне. Суразмоўца кажа, што кіраўніцтва настойліва раіла разабрацца, каб надалей не ўзнікала такіх пытанняў.

Адзначым, што такая цікавасць кіраўніцтва і спецслужбаў ва ўсіх вышэй апісаных выпадках вялася ў дачыненні да людзей, якія займаюць даволі высокія пасады ў дзяржаўных установах. Выглядае, што, прынамсі, пакуль у першую чаргу могуць працаваць з тымі, хто займае больш-менш значную пасаду. Да шараговых супрацоўнікаў такой павышанай увагі пакуль няма.

Ёсць тыя, хто праз рэпрэсіі адмовіўся ад ідэі падавацца на карту паляка. Людзі лічаць, што калі ты працуеш у дзяржаўнай установе і не збіраешся з'язджаць з краіны, то ад карты паляка цяпер можа быць больш праблем, чым карысці.

Колькі палякаў жыве ў Беларусі?

Па даных перапісу насельніцтва 2019 года, доля палякаў у краіне — 3,1% насельніцтва, або больш за 287 тысяч чалавек. Каля 2/3 з іх пражывае на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Доля палякаў на Гродзеншчыне складае 21,5% насельніцтва. У Воранаўскім раёне палякі па самавызначэнні складаюць большасць насельніцтва.

Пачынаючы з 2008 года консулы ў Беларусі выдалі больш за 160 тысяч картаў паляка.

Нагадаем, 11 ліпеня набыў моц абноўлены закон «Аб грамадзянстве». Згодна з ім беларусы, якія атрымалі грамадзянства іншых краін, ДНЖ ці іншы дакумент замежнай дзяржавы (напрыклад, карту паляка), які дае права на льготы і іншыя перавагі, на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведных дакументаў абавязаныя паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных спраў або ў органы дыпламатычнай службы.

Чытайце таксама:

«У Беларусі для палякаў цяпер найгоршае становішча ў свеце» — Канцылярыя прэзідэнта Польшчы

За абразу Лукашэнкі асудзілі грамадзяніна Польшчы

Маці Рамана Пратасевіча вярнулася ў Беларусь 

Клас
20
Панылы сорам
25
Ха-ха
15
Ого
20
Сумна
18
Абуральна
104