Культура стрыт-арту ў Беларусі развівалася складана і павольна, бо любы мурал павінен быць узгоднены з мясцовымі чыноўнікамі. Але за апошнія 10 гадоў аблічча гарадоў змянілася. Большая частка стрыт-арту прыжылася, частка загінула ў выніку «добраўпарадкавання», а пакінутае чыноўнікі сталі зафарбоўваць, надаючы сценам маркотнае шэрае адценне.

Днямі ў Мінску затынкавалі яшчэ адзін мурал мастака Міці Післяка Dama con l'ermellino («Дама з гарнастаем»). Гэта апошняя праца Міці перад эміграцыяй у ЗША, зробленая ў 2019 годзе. Работа размяшчалася на вуліцы Чырвонаармейскай, 22, цяпер на гэтым месцы жоўтая сцяна.

Летась у Мінску зафарбавалі мурал Still Life на вуліцы Чыгуначнай — незвычайны нацюрморт, дзе сярод рознай садавіны можна было разгледзець чалавечыя вушы, пальцы і вочы. Гэты мурал Післяк стварыў яшчэ ў 2017 годзе ў рамках фестывалю Vulica Brasil. Цяпер на месцы малюнка шэрая сцяна з чырвона-зялёным сцягам.

Мурал Міці Післяка да і пасля. Фота: CityDog.io

Мурал Міці Післяка да і пасля. Фота: CityDog.io

Мінулым летам Мінск пазбавіўся многіх маляўнічых сцен. У самым цэнтры Мінска зафарбавалі яшчэ адзін вялікі мурал мастака Улада Хвастова — «Імгненнасць». Ён з'явіўся ў 2019 годзе і быў створаны ў рамках фестывалю Vulica Brasil.

Мурал «Імгненнасць» да і пасля

Мурал «Імгненнасць» да і пасля

Тры гады таму ў Мінску ў рамках фестывалю Vulica Brasil з'явіўся мурал з надземным метро, аўтар якога Андрэй Бусел. Гэты стрыт-арт вырашылі не зафарбоўваць, а прадаць — як рэкламнае месца і ідэю. Цяпер сіні цягнік паміж двума карпусамі завода «Гарызонт» стаў чырвоным і рэкламуе анлайн-казіно.

Мурал «Надземная галінка метро», было і стала

Мурал «Надземная галінка метро», было і стала

Змагаюцца ўлады не толькі са звыклымі мураламі, якія ўпрыгожваюць сцены ўжо некалькі гадоў, але і з новымі графіці. Так, вулічны мастак Глеб Каштанаў у Віцебску намаляваў стрыт-арт «Бабкі кіруюць светам». Ужо праз некалькі дзён камунальнікі яго знішчылі.

Мурал «Бабкі кіруюць светам» да зафарбоўвання

Мурал «Бабкі кіруюць светам» да зафарбоўвання

Узамен ідэалагічна «правільныя» графіці: міліцыя, патрыятызм, вайна і, вядома, камбайны

Узамен знішчаных муралаў, якія былі сапраўдным мастацтвам і асобнай славутасцю горада, чыноўнікі сталі адкрываць свае муралы — «ідэалагічна правільныя» і «патрыятычныя».

Мінулым летам на вуліцы Ландэра з'явіўся мурал, які называецца «Сімвалы маёй краіны». Ён прысвечаны Дню Рэспублікі, ініцыятыва стварэння пайшла ад мясцовых жыхароў, якія прапанавалі адміністрацыі зрабіць мурал, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Макет распрацавалі ў БРСМ, а малюнак на сцяну нанеслі камунальнікі.

Яшчэ адзін гістарычны мурал, узгоднены ідэолагамі, з'явіўся ў памяць аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Мурал у памяць аб перамозе ў вайне

Мурал у памяць аб перамозе ў вайне

У Гродне цяпер ёсць мурал генералу Карбышаву, выява з'явілася на сцяне школьнага музея, прысвечанага гісторыі жыцця ваеннага інжынера. Ідэя стварыць мурал належыць адміністрацыі школы і бацькоўскаму актыву. У адкрыцці мурала ўзяў удзел Аляксей Талай, які засвяціўся ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. А адміністрацыя школы прызналася, што школьнікі збіралі гуманітарную дапамогу ў акупаваныя Расіяй украінскія вобласці.

Мурал генералу Карбышаву ў Гродне

Мурал генералу Карбышаву ў Гродне

Калі не партызаны і генералы, то камбайны, менавіта такія ідэі ўзнікаюць у аддзелах ідэалогіі. Так у Гомелі з'явіўся мурал у стылі СССР. На роспісе бачныя геаметрычныя выявы самазвалаў, камбайнаў і элеватара. Ён праслаўляе працу калгаснікаў і пралетарыяў.

Мурал у Гомелі ў стылі СССР

Мурал у Гомелі ў стылі СССР

Акрамя гістарычных графіці, у гарадах з'яўляюцца і тэматычныя. Напрыклад, такія выявы з'яўляюцца ў розных гарадах на фасадах раённых аддзелаў МНС. Напрыклад, так будынак выглядае ў Астраўцы.

Мурал на будынку МНС

Мурал на будынку МНС

А вось у Лагойску прататыпам пажарніка стаў чамусьці амерыканскі пажарнік.

Мурал амерыканскага пажарніка ў Лагойску

Мурал амерыканскага пажарніка ў Лагойску

А вось і зусім свежы мурал у Барысаве, куды на фоне міліцыянтаў выдатна ўпісаўся калючы дрот. Ініцыятарамі стрыт-арту сталі работнікі мясцовага РУУС. Гэтым «мастацтвам» яны хацелі нагадаць жыхарам горада, што яны «заўсёды гатовыя дапамагчы».

Мурал на будынку мясцовага РУУС у Барысаве

Мурал на будынку мясцовага РУУС у Барысаве

Клас
5
Панылы сорам
56
Ха-ха
9
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
23