Мураванкаўская царква яшчэ частка ў рыштаваннях. Фота: Гродзенская праўда

Мураванкаўская царква яшчэ частка ў рыштаваннях. Фота: Гродзенская праўда

Помнік абарончага дойлідства — храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна — перажывае сур'ёзную рэстаўрацыю. На гэтую справу выдзелена каля 1 мільёна рублёў са спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Плануецца, што свой 500-гадовы юбілей царква-крэпасць, якая, як лічыцца, пабудавана ў 1524 годзе, і ўнесеная ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, сустрэне ва ўсёй красе і велічы.

Спецыялісты ТАА «СМП-128» умацавалі альбо замянілі ўсе праблемныя элементы, якія ўплываюць на трываласць і даўгавечнасць святыні. Замянілі каля пяцісот разбураных фрагментаў аўтэнтычнай цэглы на фасадах, астатнюю — ачысцілі ад моху і рэшткаў цэменту. Цалкам перарабілі вадасцёкавую сістэму, абнавілі вонкавую тынкоўку, адрамантавалі прымыканні да вежаў на даху і іншыя праблемныя ўчасткі. Сцены звонку апрацавалі адмысловымі рэстаўрацыйнымі складамі і памалявалі.

Храм-крэпасць з боку апсіды. Фота: Гродзенская праўда

Храм-крэпасць з боку апсіды. Фота: Гродзенская праўда

За кошт раённых сродкаў завяршаецца рэстаўрацыя васьмі крыжоў. Далей сродкі з Прэзідэнцкага фонду будуць накіраваныя на працяг рэстаўрацыі ўнутры храма. Плануецца зрабіць адмостку і дарожку да царквы.

За пяць стагоддзяў свайго існавання храм быў праваслаўным, уніяцкім, каталіцкім, зведаў дзесяцігоддзі забыцця і быў зноў вернуты праваслаўным вернікам. А служыў і для абароны людзей, сховішчам для скарбу падчас спусташальных набегаў. Галоўны ўваход у храм, напрыклад, даўней абараняўся цяжкімі ўваходнымі варотамі і жалезнымі кратамі (герсай), якія апускалася зверху на ланцугах з нішы ў сцяне.

У пасляваенныя гады Мураванка была зачынена і больш за чатыры дзесяцігоддзі выкарыстоўвалася як зернясклад. У 1990 годзе храм афіцыйна вернуты праваслаўным вернікам, утвораны прыход. Менавіта тады ў апошні раз і праводзіліся маштабныя рамонтныя работы. Медны дах, падараваны храму мітрапалітам Філарэт, дазволіў абараніць харам ад разбуральных ападкаў, быў памаляваны фасад, зроблены рамонт унутры царквы з матэрыялаў, даступных у пачатку дзевяностых. Таму ў інтэр'еры храма ёсць элементы, якія, мякка кажучы, не адпавядаюць эпосе.

За гэтую гістарычную недакладнасць, а таксама расколіны і чарнату на гатычных зоркавых скляпеннямі, рэстаўратары плануюць узяцца далей. Другая чарга рэстаўрацыйных работ як раз будзе накіравана на абнаўленне ўнутранага выгляду царквы і добраўпарадкаванне царкоўнага двара. 

Нервюрныя зоркавыя скляпенні ў храме прыкмета гатычнага стылю, які хоць і са спазненнем, але дабраўся да Беларусі. Фота: Гродзенская праўда

Нервюрныя зоркавыя скляпенні ў храме прыкмета гатычнага стылю, які хоць і са спазненнем, але дабраўся да Беларусі. Фота: Гродзенская праўда

«Сучасную тынкоўку заменяць на падобную да аўтэнтычнай на гашанай вапне, дзякуючы чаму калонам і сценам храма вернуць першапачатковы выгляд. Будуць ліквідаваныя расколіны тынкоўкі пад скляпеннямі, замененыя вокны, наладжаная вентыляцыйная сістэма, каб не ўтваралася вільгаць, перамаляваныя і абноўленыя некаторыя ўнутраныя элементы. З'явяцца новыя панікадзілы і свяцільні. І тады царква набудзе адзіны стылістычны выгляд.» — распавядае настаяцель храма.

Па словах навуковага кіраўніка аб'екта, галоўнага архітэктара праектаў Інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Алены Шчаснай, перш чым прыступіць да рэстаўрацыйных работ, былі праведзены неабходныя навуковыя даследаванні, намечана канцэпцыя бягучага рамонту храма і падрыхтавана праграма работ, узгодненая з Міністэрствам культуры.

На заказ аддзела культуры Гродзенскага аблвыканкама ў 1986 годзе быў распрацаваны праект рэстаўрацыі храма, які складаецца з некалькіх тамоў. Але ў архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі ў Мінску ўдалося адшукаць толькі разрозненыя лісты праекта, а ў парафіі захаваліся толькі два тамы з гістарычнай даведкай і фотафіксацыяй будынка. Таму ў 2021 годзе прыход заказаў новыя тэхнічныя заключэння для падрыхтоўкі навукова абгрунтаванай праграмы работ.

«Супрацоўнікі лабараторыі кафедры інжынернай экалогіі і хіміі БрДТУ правялі фізіка-хімічныя даследаванні ўзораў вонкавага і ўнутранага аздаблення храма для падбору і выкарыстання сучасных аналагаў будаўнічых матэрыялаў пры правядзенні рамонтных работ. Але даследаванні на помніку архітэктуры працягваюцца і ў працэсе правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ, таму магчымыя сюрпрызы і выяўленне раней невядомых асаблівасцяў і дэталяў аб'екта спадчыны.» — распавядае Алена Шчасная.

Улічваючы высокі Нацыянальны ахоўны статус аб'екта, прапанаванага Рэспублікай Беларусь для ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе намінацыі «Культавыя збудаванні абароннага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве», методыка правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на падобных помніках архітэктуры таксама павінна адпавядаць прынятым міжнародным нормам.

Помнікаў абарончага дойлідства, падобных да Мураванкі, захавалася няшмат: у Сынкавічах на Гродзеншчыне і ў Супраслі (Польшча). Мураванка мае і свае асаблівасці: так уваход аформлены кілепадобнай аркай, якая выкладзена з цэглы незвычайнай формы. Верагодна, кожная цэгла рыхтавалася ў адзіным экзэмпляры, каб яна адпавядала свайму месцу. На некаторых дагэтуль захаваліся цікавыя адбіткі, якія нагадваюць сляды жывёл. Скляпенні ж храма выкладзеныя фігурнай лякальнай цэглай, якую называюць «каралеўская лілея».

Сучасны інтэр'ер храма. Фота: Гродзенская праўда

Сучасны інтэр'ер храма. Фота: Гродзенская праўда

Ад старога ўбрання захаваліся толькі некалькі абразоў і пліта ў гонар Казіміра Кастравіцкага, умураваная ў сцяну. Рэшткі яшчэ адной пліты, на якой было ўвекавечана імя заснавальніка царквы — Віленскага падканюшага Шымкі Мацкевіча-Шкленскага, захоўваецца ў экспазіцыі ўнутры храма. Сядзіба фундатара храма знаходзілася ў мястэчку Малое Мажэйкава, таму часта царкву называюць Маламажэйкаўскай.

З гісторыяй царквы-крэпасці, дарэчы, можна азнаёміцца ўнутры яе ў музейнай экспазіцыі. Тут захоўваюцца шведскія ядры, напрастольнае Евангелле сярэдзіны XIX стагоддзя, фібулы, знойдзеныя ў зямлі, каваныя цвікі.

Чытайце таксама:

У Крэўскім замку раскапалі падмурак трэцяй вежы

Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі

У Мінску могуць зачыніць яшчэ адзін касцёл? 

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2