«А потым адразу — апазіцыянерка»

Насамрэч праца ў McDonald’s — толькі малая частка біяграфіі Алесі. За свае 24 гады яна паспела скончыць юркаледж у родным Століне, пачаць працу бравісткай, прадаць бізнэс, пайсці ў памежніцы. Затым прыцягнуць увагу КДБ, вывучыць вэб-дызайн, прайсці праз суд, звольніцца, пакінуць краіну пад страхам крымінальнай справы, пераехаць у Адэсу, пастажыравацца ў якасці адміністратаркі ў стрыптыз-клубе і затым падацца на міжнародную абарону ў Польшчы. Так што да перамен дзяўчына паспела прывыкнуць.

Алеся кажа, што яе з дзяцінства рыхтавалі да працы на дзяржаву: бацькі настойвалі, каб яна вывучылася на юрыстку і затым «пайшла ў памежніцы і стала чалавекам». Такім чынам, яна адмовілася ад мары паступіць у тэатральны, прадала ўласны міні-бізнэс (гэтую гісторыю можна прачытаць у яе LinkedIn) і ў 21 год паступіла на службу. 

— Я прыйшла ў памежныя войскі, бо мне паўтаралі, што там шмат зарабляюць, за пару гадоў можна купіць машыну, — кажа дзяўчына. — Думала, залезу на кантракт, назбіраю грошай і злезу. Ну і бацькі вельмі ганарыліся тым, што іх дачка — памежніца. Так што ты думаеш: «Ваў, я прыняла правільнае рашэнне, мяне ўсе падтрымліваюць, усё крута!» І тут пачынаюцца пратэсты, я хачу звольніцца, але не разумею, што мне рабіць.

Нават звальняючыся вагалася, ці дакладна я правільна раблю, «а раптам турма». То-бок тады для мяне праца ў памежных войсках здавалася правільнай, а айцішка выглядала памылкай. 

— Чаму на цябе звярнуў увагу КДБ?

— На мяне звярнуў увагу не толькі КДБ, але яшчэ і контрвыведка і служба ўласнай бяспекі.

Спачатку праз словы — я не магла слухаць на змене, які Лукашэнка добры.

Нам на палітінфармацыі расказвалі пра яго дасягненні, а мы мусілі гэта ў сшытачак, як у школе, запісваць. У нас быў палкоўнік па ідэалагічнай рабоце, які проста прымушаў нас гэта рабіць. І калі вам скажуць, што такога не бывае, то гэтыя людзі хлусяць. Ва ўсёй Беларусі, ва ўсіх структурах так рабілі — і да 2020 года, і пасля. 

У 2020-м я пачала здымаць відэа з нашым сцягам: напрыклад, што ў памежнай службе насамрэч дзеецца. І літаральна праз тыдзень пачалося — выклікі ў КДБ, прыязджае контрвыведка, уласная служба бяспекі пачынае задаваць пытанні. Яны накапалі на мяне ўсё, што ёсць. А я чалавек «чысценькі», у мяне нават штрафу за адсутнасць флікера не было. Бацька — юрыст, маці хацела, каб я пайшла на пракурора, я скончыла юрыдычны каледж. То-бок я была суперпрыстойнай грамадзянкай, а потым адразу — «апазіцыянерка». 

Памятаю: была на змене, заходжу да галоўнага ў атрадзе, а там стаіць гэты палкоўнік па ідэалагічнай рабоце і кажа: «Выдаляй усе свае відэа, або ты адсюль ужо не выйдзеш». Прымусіў пачысціць нават архіў. Я выдаліла, але здымаць відэа не перастала, хіба што цяпер рабіла іх без сцягоў. Прычапіцца фармальна не было да чаго, але мяне ў спакоі не пакінулі.

«Намякнуў, што гэта не канец»

Так што ў 2020-м Алеся вырашыла чарговы раз змяніць спецыяльнасць:

— Я жыла ў гарадку і ведала пра ІТ толькі тое, што гэта інфацыганства (смяецца). Але потым я даведалася, што мая сяброўка працуе ў вэб/графічным дызайне і зарабляе неблагія грошы. Угаварыла яе растлумачыць, што гэта такое. 

Я знайшла нейкія курсы ў інстаграме за дзве тысячы рублёў. Толькі потым зразумела, што, пэўна, яны гэты матэрыял здзерлі ў нейкага нармальнага курса. Бо на мае дадатковыя пытанні ніхто адказаць не мог. Але нават так я зразумела, што мне падабаецца дызайн і падабаецца ствараць сайты. Упершыню за доўгі час я адчула, што сапраўды прыношу карысць — асабліва ў параўнанні з ваенкай. 

Я скончыла трохмесячныя курсы за паўтара месяца і пачала шукаць працу.

Ужо потым куратарка прызналася, што не верыла, што я змагу знайсці нават заказ. Але я змагла!

У адным з тэлеграм-чатаў наткнулася на менеджара з кампаніі ў Турцыі, якая шукала чалавека для наладжвання плацежнай сістэмы на Taplink. На той момант я нічога пра гэта не ведала, але сказала «разбяруся». Разабралася і пасля гэтага ўжо працавала на іх як UX/UI Designer: рабіла сайты, праводзіла UX-даследаванні і нават спрабавала сябе ў SMM. Выконвала працу за траіх і атрымлівала 4 тысячы рублёў.

Апошнія месяцы ў памежных войсках я спрабавала максімальна не выходзіць на службу. Калі б я проста так не з’явілася на службе, мне б пагражала крыміналка. Але мне далі адпачынак, і гэта стала іх памылкай. Пасля адпачынку я пачала проста закідваць іх бальнічнымі і даведвалася па ўсіх родных і знаёмых, як жа мне звольніцца. Бо звальняць мяне з палітычных прычын не хацелі, каб «не псаваць статыстыкі». Нават сабралі камісію, але ўрэшце ўсё ж звольнілі. 

Казалі, што я яшчэ пашкадую, што Лукашэнка надоўга, а Ціханоўская — кухарка. Што я падстаўляю свайго дзядзьку (ён цяпер у адстаўцы, але раней быў фігурай з акружэння — не буду казаць імя, можаце загугліць).

І ўжо пасля звальнення да мяне прыйшоў участковы, сказаў, што з Мінска паступіў указ распачаць справу наконт маіх відэа, бо яны «тэрарыстычныя». 

Але мястэчка маленькае, наш мясцовы суддзя тады яшчэ быў не ў курсе, як можна падобнае кваліфікаваць як тэрарызм. Мне далі толькі штраф па адміністрацыйнай справе, але ўчастковы намякнуў, што гэта не канец і што далей можа быць крыміналка. Так што я вельмі хутка сабралася і, нікому не кажучы, з’ехала з хлопцам ва Украіну.

«Ты не няўдачнік і не стаў горшым праз працу ў McDonald’s»

Ва Украіне Алеся пражыла паўгода. Падзарабляла вэб-дызайнам ва ўкраінскім стартапе, арыентаваным на Еўропу і ЗША. Аднойчы амаль уладкавалася адміністратаркай у стрыптыз-клуб у Адэсе, але ёй адмовілі:

«Менеджарка лічыла, што да 24 гадоў ты яшчэ не можаш кіраваць людзьмі». Думала падацца на ўцякацтва, затым наткнулася на інфармацыю, што нават у 2021-м Украіна выдавала Беларусі людзей, і вырашыла запытаць візу ў Польшчу. Але затым пачалася вайна, і Адэсу прыйшлося пакінуць.

У Польшчы дзяўчына атрымала міжнародную абарону. Ранейшых падпрацовак вэб-дызайнеркай на жыццё стала не хапаць.

— Пасля пачатку вайны на маёй працы плацілі ўжо не так шмат. Потым мяне і зусім скарацілі, бо не хапала фінансавання. Я пачала рыхтавацца да польскіх вакансій. Але маёй першай памылкай было тое, што я прапампоўвала менавіта польскую, а не англійскую мову. Праз гэта многія вакансіі я страціла. Другое — я вельмі моцна біла на хард-скілы, хоць, пэўна, трэба было рабіць упор на софт-скілы. 

Ну і мясцовы рынак перапоўнены. Як мне сказала польская рэкрутарка, на адну вакансію дызайнера ёй прыйшло 300-400 водгукаў ад замежнікаў. Гэта значыць, нават паміж намі жорсткая канкурэнцыя, а дадайце яшчэ палякаў, да якіх больш лаяльнае стаўленне (што зразумела).

Яшчэ калі я толькі прыехала ў Польшчу, то хацела ўладкавацца ў McDonald’s — падпрацаваць. Але тады мне сказалі, што людзі ім непатрэбныя. І вось месяц таму я зайшла ў фэйсбук, убачыла вакансію, стэлефанавалася з менеджаркай-украінкай, і яна запрасіла мяне пастажыравацца. 

І я скажу так: пакуль я сядзела дома і чакала, усё ішло не так, як мае быць. А пасля прыходу ў McDonald’s, яшчэ да таго, як я напісала той пост, мне два чалавекі патэлефанавалі пра вакансіі.

Мне казалі, што я напісала той пост спецыяльна, каб працадаўцы мяне пашкадавалі. Але гэта не так. Я проста хацела паказаць, што працаваць у McDonald’s не сорамна, табе не скажуць «Ганьба!». Наадварот, за межамі ІТ шмат людзей лічаць, што не працаваць у айці — гэта нармальна.

— Ты ўжо звольнілася з «Макдональдса»?

— Так, прапрацавала менш за месяц, мне заплацілі за тры тыдні. Першы час да мяне прыглядаліся, ці спраўлюся я. Але для мяне гэтыя нагрузкі былі звыклымі, бо падчас службы ты ў поўным абмундзіраванні бегаеш па полі. 

Але потым я падала паперы на афіцыйнае працаўладкаванне. І ці ім не спадабалася, што я беларуска, ці што ўжо спрабавала ўладкавацца да іх раней. Але мяне пачалі выжываць. Паставілі на працу, якая наогул для хлопцаў — па 12 гадзін на дзень падымаць цяжкія рэчы. Пачалі казаць, што не будуць падпісваць са мной і знаёмай украінкай дамову, і не тлумачылі прычын. 

І ў гэты час мне натрапілася праца афіцыянткай у добрым калектыве. 

Але я не шкадую пра гэты досвед. Гэта нармальна, што ты прыйшоў, зарабіў, знайшоў нешта іншае і звольніўся. Ты не няўдачнік і не стаў горшым праз працу ў McDonald’s або афіцыянтам. Галоўнае — разумець, што гэта не назаўжды. 

У мяне ёсць знаёмы, iOS-распрацоўшчык, які не змог хутка знайсці працу, і ён паступіў правільна — пайшоў на завод. Так ты ў гэты час не будзеш галадаць, не ўлезеш у даўгі і крэдыты, плюс пазнаёмішся з новымі людзьмі і вывучыш мову. 

Нармальна, што вы, так бы мовіць, пасля пераезду ў новую краіну «падаеце па сацыяльнай лесвіцы». Гэта ўсё досвед. 

— Ты казала раней, што твая мама хацела, каб ты стала важным чалавекам. Як яна ставіцца да таго, што табе давялося працаваць у «Макдональдсе»?

— Вельмі цяжка, бо для яе вельмі важны статус. «Вось ты цяпер мыеш падлогі палякам, а магла б ужо стаць пракуроркай». Не змагла змірыцца, што я наогул кінула службу, кар’еру юрысткі і не пайшла на вышку (я не бачыла сэнсу адпрацоўваць яшчэ два гады і заваліла экзамен). У нас у сям'і ўсе з вышэйшай адукацыяй, і яна лічыць, што я зганьбіла сям’ю. 

То-бок у нашай сям'і я — тая самая сваячка, якая матаецца па ўсім свеце, і ніхто не ведае, што яна робіць.

Чытайце таксама:

Айцішнік з'ехаў у Польшчу на паўтара месяца, а вярнуўся дахаты «дармаедам». Як так атрымалася?

«Тут IT не панацэя». Беларус расказаў, як яно — вучыцца ў Нарвегіі

Бойкі «раён на раён» і моцная класавасць. Як беларус паўгода працаваў у Папуа — Новай Гвінеі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?