Фота: сайт kufar.by

Фота: сайт kufar.by

«Зраблю вырабы, кампазіцыі з розных матэрыялаў, кошт залежыць ад памеру, складанасці і колькасці затрачаных матэрыялаў. Прымаю заказы на любую тэматыку. На фота рэальныя прыклады маіх прац, якія выйгравалі ў разнастайных конкурсах па ўсёй рэспубліцы. Высылаю поштай, «Еўрапоштай», — піша адна з майстрых і пазначае мінімальны кошт 10 рублёў.

Фота: сайт kufar.by

Фота: сайт kufar.by

Майстрыха з Оршы прадае ўжо гатовую працу пад назвай «Мышыная кладоўка» — універсальны варыянт для тых, каго папрасілі прынесці хоць нешта на тэму восені. Цана — 15 рублёў. Пазначана, што ў аўтаркі можна замовіць вырабы любой тэматыкі.

Можна нават адшукаць нешта патрыятычнае, калі вы маеце ў гэтым патрэбу, напрыклад, бусла, які ляціць над картай Беларусі. «Не хвалюйцеся, калі ў вас няма часу, ці жадання, ці матэрыялаў, ці проста так атрымалася, — супакойвае патэнцыйных кліентаў майстрыха з Мінска. — З задавальненнем дапамагу з выкананнем кампазіцыі для вас і вашага дзіцяці! Кошт у сярэднім 10—20 рублёў. Тэрмін — прыкладна 2—3 дні. Пры наяўнасці неабходных матэрыялаў і адсутнасці чаргі выканаю на наступны дзень. Паўтораў не раблю! Усе кампазіцыі ў адзіным экзэмпляры. Перадаплаты не трэба. Падабаецца — забіраеце, не падабаецца — не забіраеце, усё проста».

Фота: сайт kufar.by

Фота: сайт kufar.by

У інстаграме, дарэчы, таксама можна адшукаць майстрых, якія прымаюць замовы на псеўдадзіцячыя вырабы. Цэны даволі даступныя. Напрыклад, сімпатычная лісічка з домікам-грыбком прадаецца ўсяго па 13 рублёў.

Фота: акаўнт майстрыхі ў інстаграме

Фота: акаўнт майстрыхі ў інстаграме

Але можна знайсці варыянты і больш складаныя, напрыклад, пано з натуральных матэрыялаў і сухацветаў «Восень у акенцы» каштуе 40 рублёў.

Але навошта бацькі набываюць вырабы для выстаў у школах ці нават у дзіцячых садах? Мы задалі гэтае пытанне мамам і татам, якія хаця б раз куплялі «дзіцячую творчасць».

— Я ніколі не думала, што стану ўдзельніцай такой гонкі сярод бацькоў, — прызнаецца Аліна. — Першы год у дзіцячым садзе я прыносіла вырабы, якія рабіла дачка пры маёй дапамозе.

Але, разумееце, вельмі крыўдна, калі бачыш, што вы аддаяце выхавацельцы прымітыўны выраб кшталту вожыка з каштана ды запалак, а большасць бацькоў прыносіць амаль што працы для музея! Я ледзь прытомнасць не страціла, калі ўпершыню ўбачыла, як адна маці прынесла вялікі макет дзіцячай пляцоўкі, дзе зробленыя з жалудоў чалавечкі гушкаліся на арэлях. Ну зразумела ж, што дзіця ў тры-чатыры гады не зробіць самастойна такога.

І з кожным разам якасць вырабаў, якія прыносілі бацькі, расла. У нейкі момант мая дачка пачала плакаць ад таго, што ў яе менш прыгожыя вырабы, чым у іншых. Тады я паскардзілася сястры свайго мужа, а яна адказала, што яны ўжо даўно набываюць творчыя працы для ўсякіх школьных выстаў і конкурсаў. І нават да звычайных заняткаў! Дала кантакт дзяўчынкі, якая можа дапамагчы — у іх школе адна са старшакласніц робіць на замову розныя вырабы. Бярэ ў сярэднім ад 15 да 25 рублёў. Адзінае, мне хочацца, каб мая дачка таксама ў гэтым неяк удзельнічала. Таму я замаўляю работу, у якой трэба нешта крышачку дарабіць. Напрыклад, зрабіць і прыклеіць таго самага вожыка каля кошыка.

— Некалькі гадоў таму я развёўся з маці свайго сына, — шчыра распавядае Максім. — І мы тады яшчэ дамовіліся, што за ўсю гэтую дзіцячую творчасць адказваю я. Бо былая жонка гэтым займацца не хоча прынцыпова, а выхавацелька ў дзіцячым садзе робіць вельмі незадаволены выгляд, калі нехта не прыносіць выраб на дзіцячую выставу.

Пры гэтым прынесці тое, што сапраўды зрабіла дзіця, немагчыма. Калі гэта нешта просценькае, выхавацелька кажа сыну: «Недастатковы мастацкі ўзровень. Калі ласка, перарабі разам з татам або мамай». Уяўляеце, як яму крыўдна гэта чуць.

Самому клеіць рабіны на кардон альбо ляпіць з пластыліну домікі мне здаецца дзіўным у 32 гады. Таму я купляю вырабы ў суседкі. У яе трое дзяцей, і яна з ахвотай прадае вырабы пасля мерапрыемстваў у дзіцячым садзе і школе. Кажа, што выкідаць рука не падымаецца. Аддае за сімвалічныя 10 рублёў.

— У мяне здалі нервы ў той момант, калі аднойчы ўвечары абодва мае малыя разам сказалі, што ім заўтра абавязкова трэба прынесці ў школу нейкія вырабы на тэму восені, — згадвае Святлана. — І вось я ў цемры з нейкім ліхтарыкам у парку пад дажджом збіраю лісце. А потым паўночы сушыла яго прасам і выразала-клеіла нейкіх зайчыкаў ды мядзведзікаў.

Літаральна на наступны дзень выпадкова пабачыла ў інстаграме акаўнт жанчыны, якая можа за грошы зрабіць што трэба, і цяпер пішу ёй — яна і за ноч можа зрабіць, калі вельмі трэба. Хаця ў яе звычайна ёсць гатовыя вырабы, з якіх можна выбіраць.

Трэба адзначыць, што ёсць таксама кампрамісны варыянт — для бацькоў, якія гатовы займацца творчасцю разам з дзіцем ці замест яго, аднак не хочуць марнаваць час на збор прыроднага матэрыялу.

Скрыншот з сайта eonardohobby.by

Скрыншот з сайта eonardohobby.by

У некаторых крамах ужо можна набыць патрэбныя для хэндмэйд-вырабаў рэчы. Напрыклад, у хобі-гіпермаркеце «Леанарда» прадаюцца шышкі алешыны (3,56 рубля за 10 грамаў), сасны (5,44 рубля за 10 штук ці 4,97 рубля за 5 штук) і елкі (4,97 рубля за 5 штук). Натуральны высушаны мох (50 грамаў) каштуе 6,53 рубля, кара дрэва (4 штукі) — 7,96 рубля.

Уся гэтая сітуацыя з продажам вырабаў і прыроднага матэрыялу паказвае, як састарэлі праграмы і падыходы да навучання. Свет змяніўся, а праграмы — не. У выніку дзеці прывучаюцца да імітацыі, а не да сапраўднай творчасці ці практычнасці.

Чытайце таксама:

«Шчаслівая, што з'явіўся ўрок патрыятычнага выхавання!» Як прайшло 1 Верасня для Груздзевых і іншых зорак прапаганды

«Дырэктарка абурылася тым, што мы паклеілі беларускія шпалеры, а не нямецкія». Бацькі пра зборы на рамонт у школах

Ці дапусцяць дзіця да заняткаў без школьнай формы? Вось што адказалі ў Мінадукацыі

Клас
1
Панылы сорам
22
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?