II Ліцэй у Бельску Падляскім распачаў сваю гісторыю ў 1944 годзе — у той час ён існаваў у выглядзе чатырохгадовай Беларускай дзяржаўнай гімназіі, а таксама двухгадовай Беларускай сярэдняй школы.

Афіцыйна ўстанова называецца ліцэем з беларускай мовай навучання. Фактычна ўсе асноўныя прадметы, канечне, выкладаюцца па-польску, але факультатыўна вучні наведваюць заняткі беларускай мовы і літаратуры — разам тры гадзіны на тыдзень. У трэціх класах ёсць дадатковая гадзіна па гісторыі і культуры беларускай меншасці, распавяла настаўніца беларускай мовы Ганна Бражоўская.

У статуце ліцэя прапісана, што яго дзейнасць накіраваная на падтрымку беларускай культуры сярод навучэнцаў. Беларусаў, якія зусім нядаўна з’ехалі з радзімы, ліцэй можа здзівіць: у класе бел-чырвона-белы сцяг, а калідоры ўпрыгожаныя стэндамі, якія распавядаюць пра Браніслава Тарашкевіча (яго імя носіць ліцэй) і «Пагоню». Пры ліцэі ёсць невялікая праваслаўная капліца.

Сёлета ў ліцэй паступіла больш за 90 вучняў. Сярод іх палякі і этнічныя беларусы, а таксама ўкраінцы, якія вымушана пакінулі радзіму. Колькасць украінцаў, аднак, увесь час змяняецца, бо некаторыя сем’і пераязджаюць на захад Польшчы, паведаміў дырэктар ліцэя Уладзімір Вавульскі.

У асноўным у ліцэй паступаюць дзеці з пачатковай школы, якая знаходзіцца побач з ліцэем, а таксама дзеці бацькоў, якія самі вучыліся ў гэтым ліцэі.

— Цяпер бацькі перад пачаткам навучальнага года пішуць заяву, калі іх дзеці плануюць наведваць урокі беларускай мовы. Раней такіх правіл не было: за ўсю гісторыю існавання ліцэя мову вывучалі ўсе, а потым здавалі экзамены, — кажа Ганна Бражоўская.

Дзецям больш за ўсё падабаецца Багдановіч

Навучэнцы, якія займалі высокія месцы ў алімпіядах або з добрымі адзнакамі здавалі экзамены, маглі прэтэндаваць на паступленне ў прэстыжныя польскія ўніверсітэты: беларускую мову залічвалі як замежную нароўні з англійскай або нямецкай.

— Мой выхаванец вучыўся ў Вышэйшай тэхнічнай акадэміі ў Варшаве. Дзесьці на трэцім курсе ён разам з аднагрупнікамі пачаў шукаць працу: у СV пазначыў, што добра ведае беларускую мову. Ён быў адзіны, каго запрасілі на тую працу, — адзначае Бражоўская.

Падручнікі для вывучэння мовы рыхтуюць настаўнікі з Гайнаўкі — горада, які ёсць цэнтрам беларускай нацыянальнай меншасці. Суразмоўца адзначае, што ў беларускіх школах ухіл робяць на вывучэнне мовы, літаратура ж адыходзіць на другі план. У ліцэі — не так.

— Перадусім навучаем арфаграфіі, да кожнай тэмы імкнёмся падбіраць патрэбную лексіку. Рыхтуемся і да здачы экзаменаў: распавядаем дзецям, як правільна інтэрпрэтаваць і аналізаваць вершы.

З беларускіх класікаў дзецям больш за ўсё падабаецца Максім Багдановіч, лічыць настаўніца. Цікавяцца яны таксама творчасцю Васіля Быкава.

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0