Фота: Наша Ніва

Фота: Наша Ніва

Польшча. «€15К дайшлі за 15 хвілін»

€15К, красавік 2023

— Прадаў у красавіку аўтамабіль, выводзіў грошы ў Польшчу Swift-пераказам з «Альфа Банка» ў PKO (абодва рахункі — у еўра). 

Камісія на той момант склала 150 беларускіх рублёў (калісьці была 30, але за месяц да майго пераводу расцэнкі паднялі).

Грошы дайшлі за 15 хвілін.

PKO грошай не затрымліваў і ніякіх тлумачэнняў, адкуль сродкі, дагэтуль не запатрабаваў.

Пакуль уся сума ляжыць на валютным рахунку ў PKO. У далейшым яна пойдзе на куплю аўтамабіля ў Польшчы альбо нерухомасці.

Польшча. «Перавод у еўра дайшоў за гадзіну»

€70К, красавік 2023

— Пераводзіла ў красавіку €70К за продаж кватэры ў польскі PKO праз «Альфа Банк».

З боку «Альфы» — €200 камісіі (600 рублёў на той момант).

Грошы пашлі каля 16:00 па Мінску — а ўжо, а 18:00 я ўбачыла іх на рахунку ў РКО, то-бок дайшлі за гадзіну.

Я сябе крыху падстрахавала: данесла ў PKO карту побыту, пераканалася, што яе ўнеслі (паводле абмежаванняў ЕС у сувязі з вайной ліміт на рахунку без карты — €100К). У тытуле пераказу на ўзгадненне з банкам напісала, што грошы паступілі ад продажу кватэры. 

Кватэру я планавала прадаць па генеральнай даверанасці, якую аформіла яшчэ да ад’езду, але пакупнікам было прынцыпова ўбачыць уладальніка. Прапанова ад іх была найлепшай на той момант, дый нам грошы патрэбныя былі тэрмінова — давялося ехаць у Беларусь. 

Грошы мы ўжо выдаткавалі — дадалі да іншых зберажэнняў і купілі кватэру ў новабудоўлі ў Варшаве. Робім рамонт цяпер.

Італія. SWIFT + кэш

€25К — пераводамі, €80К — наяўнымі, зіма-вясна 2023

— У студзені пераводзіў грошы з Беларусі ў Італію праз «Парытэтбанк» і «Белсвісбанк». Сумы пераводаў складалі ад €5К, камісіі — ад 1 да 3%. Італьянскі Volksbank камісіі не выстаўляў, пад падаткі нашыя ўкладанні не патрапілі. 

Грошы прыходзілі на наступны дзень або праз дзень. А потым 3-4 дні залічваліся на рахунак у Італіі. 

У Беларусі мы паказвалі дамовы на продаж кватэр, у Італіі акрамя іх прыйшлося падаць у банк ранейшыя дамовы на куплю кватэр, дакументы аб праве ўласнасці, дамову з рыэлтарам і нават плацежкі за рэгістрацыю ў кадастры. 

Усе гэтыя дакументы пераклаў перакладчык, а затым засведчыў суддзя.

У маі я вывез праз мяжу з Польшчай наяўныя грошы — €80К, з сабой у мяне была дамова на продаж кватэры. На мяжы сам прымусіў нашых мытнікаў запоўніць дэкларацыю і пералічыць купюры. Было вельмі доўга. На польскім баку — крыху хутчэй. Мяркуючы з журнала, я ў тую раніцу быў пятым, і з Беларусі ўжо вывезлі €260К. 

Усе грошы (а сумарна атрымалася €105К) мы паклалі на рахунак у банку ў Італіі. Цяпер шукаем кватэру для куплі — трэба ўладкоўваць новае жыццё. 

Кэш

Польшча. «З’язджала ў адпачынак і ўзяла $30К на выпадак адключэння свіфта. Потым даведалася, што выклікаюць у КДБ»

$30К, вясна 2023

— Увесну з’язджала ў адпачынак на тры тыдні і ўзяла з сабой буйную суму наяўнымі — $30К: не ведаю, навошта столькі, пэўна, на ўсялякі выпадак, калі раптам адключаць карты. Пасля адключэння Расіі ад Swift я трымаю ў галаве, што і беларусаў могуць у любы момант адключыць — таму з сабой мусіць быць гатоўка. 

У мінскім аэрапорце прайшло без праблем: мытнік кінуў погляд на перавязаныя банкаўскай стужкай тры пачкі грошай, праштампаваў дэкларацыі, унёс у базу, распісаўся і вярнуў мой асобнік без якіх-небудзь пытанняў. Нават даведку пра заробак не прасіў паказаць, хоць я ўзяла на дзвюх мовах — рускі варыянт для беларусаў, англійскую версію для краіны ўезду. 

А вось раней, у 2022 годзе, калі я таксама вывозіла з краіны буйную суму грошай, мне задавалі пытанні хвілін 30. Потым доўга ўручную пералічвалі, адсліньваючы кожную купюру. А пасля яшчэ і сумкі вытраслі — шукалі грошы, якія я не ўнесла ў дэкларацыю. 

Ужо ў адпачынку я даведалася, што мяне выклікаюць у КДБ — праз данаты, і вырашыла не вяртацца ў Беларусь. Перабралася ў Польшчу. Банк PKO адмовіўся прыняць мае грошы, хоць я прынесла дакумент аб іх паходжанні (Даведку пра зп. — Заўв.). Наогул ніякага тлумачэння не далі. Я была ў двух аддзяленнях банка ў Варшаве — у абодвух адмова. Менеджар тэлефануе кудысьці, тлумачыць сітуацыю, потым чакае і яму кажуць, маўляў, не, і ён мне таксама, маўляў, не — адмоўлена прыняць. На пытанне чаму, проста кажуць «адмоўлена», і ўсё. У іншы банк не планую ісці. 

Грошы ляжаць у мяне дома ў сейфе. $5К я патраціла, астатнія — на неспадзяваны выпадак.

У Беларусі ў мяне засталіся яшчэ грошы ў наяўных — $100К, як іх забраць, пакуль не ведаю. Я ж не планавала з’язджаць з Беларусі, думала купіць кватэру. 

Польшча. «Перавозіла цешча па генеральнай даверанасці ад жонкі, аформленай яшчэ да ад’езду»

$80К, вясна 2023 

— Каля $80К ад продажу кватэры перавозіла вясной з Беларусі ў Польшчу цешча па генеральнай даверанасці ад жонкі (кватэра была ва ўласнасці жонкі), аформленай яшчэ да нашага ад’езду. 

Мытнікі-палякі доўга мучылі яе, не хацелі запаўняць дэкларацыю на жонку (хаця фактычна яна ўладальніца сродкаў) і спрабавалі скласці на цешчу. Але яна настойвала на сваім. На беларускай мытні таксама былі праблемы, бо і яны не ведаюць, як выконваць працу, якая крыху адрозніваецца ад стандартнага «Papers, please».

У выніку дэкларацыі аформілі, гэта заняло па 15 хвілін на кожнай мяжы — і яшчэ гадзіну сышло на чаканне. 

У банку Santander дэкларацыі выявілася недастаткова, каб пакласці грошы на рахунак, прыйшлося зрабіць пераклад дамовы продажу ў прысяжнага перакладчыка. Засведчваць яго натарыяльна не патрабавалася. 

Цяпер грошы захоўваюцца там — збіраемся ўнесці іх як першапачатковы ўзнос за кватэру ў іпатэку.

Польшча. «Не задавалі пытанняў — можа, таму што была з дзесяцімесячным дзіцем»

$30К, сакавік 2023

— На пачатку сакавіка вывезлі гатоўкай у Польшчу $30К. Яны былі ў пачках па $10К. Зайшлі ў нейкую будку, разам з беларускай мытніцай пералічылі ўручную кожны пачак. Яна не задавала пытанняў — можа, адыграла сваю ролю тое, што была з дзесяцімесячным дзіцем. 

Перад гэтым мытнікі спыталі, ці не пераязджаем мы, — яны ўбачылі, што наш багажнік забіты да столі рэчамі. Рэчы таксама праверылі, але не вельмі старанна.

Уся працэдура на мяжы заняла паўгадзіны. Але папярэдне я запоўніла дэкларацыю анлайн, а яшчэ на ўсялякі выпадак узяла на працы выпіску аб зарплаце за 4 гады. 

Потым мы прайшлі польскую мытню — патрацілі там крыху больш часу, бо дэкларацыю запаўнялі ўжо з нашых слоў. Плюс прыйшлося доўга ісці нейкімі калідорамі. Затое ў палякаў ёсць машынка для пераліку грошай.

Мы хацелі пакласці грошы ў банк PKO, але ў аддзяленні адмовіліся прыняць больш за $3К, — так яны і ляжаць «пад падушкай».

Польшча. «Прапаноўвалі наогул не дэклараваць грошай, дый толкам не лічылі іх»

€15К у лютым 2023, $35К — у сакавіку

— У лютым і ў красавіку вывез з Беларусі ў Польшчу каля $50К. Першая паездка была «трэніровачнай» — каб зразумець, што і як: узяў з сабой €15К. У другі раз перавёз $35К.

Праблем на мяжы з абодвух бакоў не ўзнікла — палякі наогул прапаноўвалі не дэклараваць грошай, дый толкам не лічылі іх, але я настаяў, каб усё аформілі, як трэба. З цікавага: у палякаў была машынка для пераліку грошай, у нашых няма — трэба было прасіць, каб яе прынеслі.

З дакументаў з сабой у мяне былі даведка з працы і выпіска з беларускага банка (на польскую мову не перакладаў), але ніхто не прасіў іх паказаць. 

Грошы я паклаў на рахунак у PKO. У розных аддзяленнях агучвалі розныя ўмовы: дзесьці могуць і $15К без дакументаў прыняць, а дзесьці і $1К з дакументамі не бяруць (хлопца перада мной у чарзе проста «паслалі»).

Не з першага разу, але я знайшоў аддзяленне, у якім можна было пакласці да $10К гатоўкі (больш не бралі — нават з дакументамі). 

Грошы са свайго асабістага рахунку я перавёў на фірмовы — гэта рахунак для юрыдычных асоб і ІП (у тым жа банку), а потым падышоў да спецыяліста ў банку і сказаў: «Цяпер на рахунку 0 — давайце пакладзем яшчэ $10К наяўнымі». А затым вярнуў усё назад на асабісты рахунак. І так прарабіў некалькі разоў.

Таксама я «абнуляў» асабісты рахунак з дапамогай Walutomat: у платформы ёсць рахункі ў розных валютах амаль ва ўсіх банках Польшчы, залічэнне туды і назад займае да гадзіны — і пакуль грошы там, можна ўнесці на свой рахунак яшчэ.

Вывад з рахунку Walutomat без камісіі — пяць разоў на месяц, залічэнне заўсёды без камісіі. Можна наогул не мяняць грошы, а проста вярнуць назад на асабісты рахунак — лічы, перадумаў. Кажуць, людзі таксама выкарыстоўваюць платформу, каб пераводзіць валюту з аднаго банка ў іншы без камісіі, хоць першапачаткова Walutomat для гэтага не прызначаўся.

Дакументаў на сродкі, што я паступова клаў на свой рахунак, пакуль не патрабавалі. Што рабіць з грашыма, я не вырашыў — можа, у іпатэку ўлезу.

Польшча. «Не рызыкнула перавозіць усе грошы, узяла $70К. Астатняе — праз сяброў і знаёмых»

€70К, жнівень 2023

— Месяц таму прадала кватэру. Перад угодай пракансультавалася на мяжы з нагоды дакументаў, якія спатрэбяцца, каб вывезці больш за $100К.

Палякі папрасілі задэклараваць грошы пры ўвозе, беларусы сказалі, што патрэбная дэкларацыя, пашпарт угоды, імянная даведка з банка, калі такая буйная сума будзе ў валюце. 

Здаецца, усё зразумела і ясна. А насамрэч такой даведкі ў банку не даюць — даюць толькі чэк ад продажу рублёў і куплі валюты. На просьбу выдаць нешта з таго, што запатрабуюць на мяжы, адказалі: «Яны нам мусяць запыт выслаць. 5 працоўных дзён на адказ». 

Я не рызыкнула перавозіць усе грошы, узяла $70К, задэкларавала іх.

Добра, што беларускія мытнікі папярэдзілі, што трэба дэклараваць наогул усе грошы — у тым ліку тое, што ў кашальку і ў кішэнях, бо вывернулі ўсё — кожную кішэню на вопратцы, заплечнікі, сумкі…

А палякі нават не пералічвалі — зазірнулі ў пакет і пазычылі ўдалай пакупкі. 

У банку ING прынялі грошы без папер, але папярэдзілі: калі сума істотна павялічыцца, трэба будзе перакласці на польскую дамову продажу кватэры ў Мінску. Астатнія грошы паволі перавозім па $10К за паездку праз сяброў і знаёмых.

Ізраіль (праз Грузію). «У Тбілісі не знайшоў чырвонага калідора пры адлёце — затрымалі на памежным кантролі»

$50К, ліпень 2023

— 3 ліпеня вывозіў $50К самалётам праз Тбілісі ў Тэль-Авіў. У мінскім аэрапорце запоўніў дэкларацыю — без праблем. З сабой былі дакументы аб паходжанні сродкаў — працоўныя кантракты гадоў за 10, а таксама выпіскі з банка, — але нічога з гэтага не запатрабавалі, толькі пералічылі грошы. 

У Тбілісі некаторыя складанасці былі: там няма транзітнай зоны, таму кантроль трэба праходзіць і пры прылёце, і пры адлёце. Па прылёце я заявіў пра грошы і атрымаў паперку, але пры адлёце не знайшоў чырвонага калідора (дагэтуль не ведаю, дзе ён быў) — і мяне затрымалі на памежным кантролі. Хвілін 15 чакаў, потым прыйшоў афіцэр, выслухаў мае тлумачэнні, паглядзеў на запоўненую па прылёце паперу і адпусціў.

Па прылёце ў Ізраіль праблем не ўзнікла — я запоўніў дэкларацыю, і ўсё. 

Мы рэпатрыяваліся — атрымалі грамадзянства Ізраіля, грошы патрэбныя нам на жыццё тут (а ён даволі дарагі, асабліва цягне здыманне жытла, а працу знайсці пакуль не можам — вучым мову).

Захоўваем зберажэнні ў банку — у нас сямейны рахунак у шэкелях, звычайны: ані мы банку нічога не вінныя, ані ён нам працэнтаў не плаціць.

Нейкая частка грошай у доларах у нас на руках, але няшмат — вялікія сумы ў Ізраілі захоўваць дома забаронена.

Пры рэпатрыяцыі банкі прымаюць без дакументаў ад кожнага дарослага па $10К на рахунак, а далей трэба дамаўляцца і даказваць — усё залежыць і ад банка, і ад канкрэтнага клерка. Альбо можна ўносіць невялікія сумы кэшам — у банку сказалі, што да 10К шэкеляў (што прыкладна раўняецца $2,6К) на месяц пытанняў не выклікаюць.

Пры адкрыцці рахунку ў банку спатрэбіўся беларускі УНП — пра гэта папярэджваюць яшчэ да рэпатрыяцыі, гэта не палітыка канкрэтнага банка.

Зняцце з карты ў банкамаце за мяжой

Германія. «З кожнай карты можна зняць да €2,5К на месяц без камісій»

€10К, красавік-жнівень 2023

— Здымаў з красавіка да жніўня гатоўку ў замежным банкамаце з карты «Альфа Банка» (пакет Black). З кожнай карты можна зняць да €2,5 на месяц без камісій — думаю, сумарна за паўгода я зняў €10К. 

На маёй беларускай карце засталося яшчэ каля €20K, я працягну ёю карыстацца для аплаты тавараў і паслуг. Тое, што зняў, я паклаў на рахунак у нямецкім банку — аплачваю з гэтых грошай арэнду і карыстаюся ў тых выпадках, калі патрабуецца замежная карта. 

Паколькі я клаў невялікія сумы грошай, то банк ніякіх дакументаў на іх у мяне не патрабаваў.

Чытайце таксама:

«Часам гэта можа быць лэвэл даўн». Што з працай і заробкамі ў беларускім ІТ-сектары

«Схадзіў муж па прадукты на 20 еўра, то-бок я яму вінная 10 еўра». Беларуска расказала, як можа быць уладкаваны сямейны бюджэт 

Айцішнік з'ехаў у Польшчу на паўтара месяца, а вярнуўся дахаты «дармаедам». Як так атрымалася?

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4