Алена Цымбаліст. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена Цымбаліст. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

«Думалі, што не знойдзем»

Раніцай 31 кастрычніка 2022 года па Алену Цымбаліст прыйшлі двое «ветлівых маладых людзей у цывільным». У яе быў выхадны і яна хацела выспацца. На грукат у дзверы вырашала не рэагаваць, але госці былі настойлівыя.

Жанчыне было заяўлена, што трэба ехаць у школу на следчы эксперымент, бо там нешта здарылася. Дырэктарка на яе званок здзіўлена адказала, што ў школе ўсё спакойна.

Калі ўгаворы не далі плёну, супрацоўнікі сталі пагражаць АМАПам. Гаспадыня, тым не менш, паспела пачысціць тэлефоны ад падазронага.

Алена Цымбаліст на акцыі салідарнасці з Беларуссю ў гадавіну выбараў. З грузінскім сцягам, але беларускімі колерамі. 9 верасня, 2023 год. Вільня. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена Цымбаліст на акцыі салідарнасці з Беларуссю ў гадавіну выбараў. З грузінскім сцягам, але беларускімі колерамі. 9 верасня, 2023 год. Вільня. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Пазней Алена зразумее, што літоўскае грамадзянства ўратавала яе ад затрымання з гвалтам. Дзверы засталіся не выламанымі, не была перавернутая мэбля, абышлося без пагрозаў застрэліць сабаку.

Замежніца лічыць, што яе зняволеннем рэжым помсціў Літве за тое, што дае прытулак беларускім актывістам апазіцыі і выступае супраць Лукашэнкі.

Алену завезлі не ў школу, а ў ГУБАЗіК. Там былі здзіўленыя, што ў сацыяльных сетках літоўкі былі толькі допісы пра жывёл, літоўскія святы ды нейтральная інфармацыя аб падзеях ва Украіне. Тады ёй заявілі, што бацькі вучняў скардзяцца, што яна праводзіць на ўроках палітычную агітацыю, але доказаў у іх не было.

Замежніцу завялі ў кабінет і сказалі, што будуць запісваць з ёю відэа. Яна пагадзілася. Загадалі паўтараць тэкст. Тое, што прамаўлялі сілавікі, жанчыну смяшыла, бо гэта была бязглуздзіца. Настаўніца прасіла гаварыць карацейшымі сказамі.

«Гэта «фігня нейкая», сказала я ім, агучыўшы тэкст, але яны абыякава адрэагавалі, што «пойдёт», — згадвае Алена.

З гэтага відэа, апублікаванага ў наступны дзень тэлеграм-каналамі сілавікоў, стане вядома пра зняволенне замежніцы.

У ім гаварылася, што 58-гадовая настаўніца з 173-й мінскай школы ўдзельнічала ў двух пратэстных акцыях у 2020 годзе, а таксама чытала «дэструктыўныя каналы». Гэта і стала нагодай для затрымання.

Алена Цымбаліст у Вільні пасля 26 дзён зняволення ў Беларусі. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена Цымбаліст у Вільні пасля 26 дзён зняволення ў Беларусі. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Больш за тыдзень літоўскае консульства шукала Алену Цымбаліст у турмах. На яго ноту праінфармаваць аб лёсе жанчыны МЗС Беларусі аператыўна не адрэагавала.

«Мы думалі, што вас не знойдзем», — такімі былі першыя словы адвакаткі, якая прыйшла да зняволенай замежніцы 8 лістапада.

«Нявольнікі дзяржавы»

Алена Цымбаліст называе сябе рускамоўнай літоўкай. Яна нарадзілася ў Вільні. Ейны бацька трапіў у Літву са сваімі бацькамі ў чатыры гады. Па словах суразмоўніцы, ён гаварыў па-літоўску, па-польску, крыху па-беларуску. Маці была полькай з Беларусі і спявала беларускія калыханкі. Мела беларускамоўную Біблію.

У Літве Алена жыла да 47 гадоў, а з 30-ці была мара пажыць на радзіме сваіх продкаў.

«Мне падабалася прыязджаць у Беларусь, падарожнічаць, хадзіць па турыстычных сцежках. Усё было чыста і прыгожа», — расказвае яна.

Кепскага замежніца не заўважала. Пасля перажытага Беларусь успрымаецца ёю «клеткай звонку пазалочанай, а ўнутры турмой». Яна пераасэнсавала свае адносіны да свету і сваёй радзімы — Літвы. Зразумела, што памылілася з пераездам.

Па яе словах, у беларускай школе педагогі — нявольнікі дзяржавы, якія выконваюць чыноўніцкія дзівацтвы.

Такая атмасфера азлабляла настаўнікаў, і яны варожа ставіліся да праяваў інакшасці.

Алена Цымбаліст у часы настаўніцтва ў Беларусі. Школьная візітка педагога. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена Цымбаліст у часы настаўніцтва ў Беларусі. Школьная візітка педагога. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена кажа, што так і не змагла прывыкнуць да абавязалаўкі адпраўляць на дзяржаўныя святы вучняў і настаўнікаў. У Літве людзі ідуць на свае святы на покліч сэрца.

«Для маіх беларускіх калег чырвона-зялёны сцяг ёсць і ёсць, таму, што так трэба…» — адзначае яна.

Грамадзянцы Літвы засталося незразумелым, чаму беларусы не ведаюць сваёй нацыянальнай мовы.

Неяк яна павяла вучняў у Купалаўскі тэатр на «Пінскую шляхту», і ёй давялося перакладаць дзецям пастаноўку.

Па словах суразмоўніцы, калі пачалася вайна, то калегі «віталі ўвод расійскіх войск у суседнюю Украіну». Яна ў адказ пракрычала ў настаўніцкай «Слава Украіне!».

Яна лічыць, што да яе арышту спрычынілася кіраўніцтва школы, для якога «выкрыццё экстрэміста» ў калектыве адзнака паспяховай працы. 

«Напісалі, што размахвала ў міліцыі рукамі…»

Пасля відэа ў ГУБАЗіКу грамадзянку Літвы павезлі на вобшук кватэры. Адзін з міліцыянтаў на застаўцы тэлефона ўгледзеў украінскі сцяг, і гэта прычына, чаму гаспадыня тут жа стала экстрэмісткай.

У пакоі Цэнтральнага РУУС настаўніца ў кампаніі з хлопцам з кайданкамі на руках больш за гадзіну назірала «за судамі над алкаголікамі».

У пратаколе замежніца прачытала, што «ў міліцыі яна размахвала рукамі, нецэнзурна выказвалася, на заўвагі прадстаўнікоў правапарадку не рэагавала, таму абвінавачваецца ў дробным хуліганстве».

«Вядома ж, я абуралася і пазначыла ў пратаколе, што таго не рабіла», — кажа Алена.

Цэнтральнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінска. Фота: spring96.org

Цэнтральнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінска. Фота: spring96.org

Больш за гадзіну яе трымалі на падворку ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна, а затым кінулі ў перапоўненую двухмесную камеру. Там ужо было чацвёра нявольніц: трое палітычных і адна «бытавая хуліганка». Настаўніцы «дзяўчаты прапанавалі кавалак хлеба», а спаць давялося ёй на падлозе.

1 лістапада грамадзянцы Літвы прысудзілі 7 дзён арышту. Мужчыну, якога судзілі за бытавую правіну па тым жа артыкуле, аштрафавалі на 4 базавыя велічыні.

Дасведчаныя ж сукамерніцы былі перакананыя, што яе з Беларусі дэпартуюць. Так і выйшла.

У няволі грамадзянку Літвы ўтрымлівалі 26 дзён. Адсядзеўшы прысуджаныя суткі, яна заставалася за кратамі ў чаканні дэпартацыі.

«Туалетнай паперы і мыла не было, адзежу мылі хлоркай»

Пасля суду Алену Цымбаліст завезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і разам з яшчэ адной жанчынай памясцілі ў яшчэ больш перапоўненую двухмесную камеру. У ёй сядзелі 12 палітычных арыштантак і бадзяжніца.

Па словах настаўніцы, жылая плошча «хаты» складала 7,5 квадратных метраў. Адзін квадратны метр займаў туалет. У камеры было душна.

«У ёй гарэла зыркая лямпачка і здавалася, што мы трапілі ў парылку. У тумане ў сподняй бялізне стаялі нявольніцы. Я здуру запытала, ці яны з лазні. Пазней і з мяне цёк пот. Са сцен ніткамі струменяў збягалі выпарэнні. Туалетнай паперы і мыла не было, таму пасля туалета мы падмываліся, а адзежу мылі хлоркай», — згадвае яна.

За пяць дзён знаходжання ў гэтай камеры нявольніцам туалетную паперу выдалі толькі тры разы: скрутак на 15 чалавек. Два разы далі брусок гаспадарчага мыла.

Ізалятар на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

Ізалятар на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

На просьбу арыштантак уключыць вентыляцыю ахоўнікі крыўляліся, а калі ўключылі, то яна асабліва не дапамагала. Часам прадольныя пакідалі адчыненай кармушку, але прасілі завешваць яе тканінаю.

Алена кажа, што вялікім святам былі шмоны. Жанчын выводзілі на калідор з адчыненым акном і можна было надыхацца. Ахоўнікі, каб зайсці ў камеру, спачатку пшыкалі ў яе дэзадарантам.

«Дужа нам падабалася хадзіць на сустрэчы з адвакатам ці на розныя допыты, тады атрымлівалі задавальненне ад свежага паветра», — дадае яна.

«Клапы, недасып і мыла бадзяжніцы»

Грамадзянка Літвы кажа, што звычайным для камер з палітычнымі было падсяленне бадзяжніц.

Адну такую нявольніцу везлі ў жодзінскую турму, але дарогаю выявілі ў яе педыкулёз. У жанчыны былі і псіхічныя адхіленні.

«Калі зразумелі, што нам падкінулі заразу, сталі патрабаваць мыйныя сродкі. Сукамерніцу памылі, а рэчы выкінулі. Няшчасную жанчыну мы потым мылі яшчэ раз. Потым нам падкінулі яшчэ адну сукамерніцу, якая бамжавала на вакзале. Яна была чыстая. Мела зубную пасту са шчоткай і мыла», — апавядае Алена.

Такой паказваюць камеру ў ізалятары на Акрэсціна прапагандысты. Фота: sb.by

Такой паказваюць камеру ў ізалятары на Акрэсціна прапагандысты. Фота: sb.by

У бадзяжніцы палітычныя папрасілі выціснуць ім на палец зубной пасты і адрэзалі невялікі кавалак духмянага мыла.

«Адна дзяўчына ў роспачы прамовіла, што калі б ёй хто сказаў, што яна будзе прасіць у бамжыхі зубной пасты, то ўспрыняла б гэта за падколку», — згадала суразмоўніца.

За 26 дзён няволі Алена чысціла зубы пастай толькі тройчы, а замест яе выкарыстоўвала медыцынскую вату. За тры дні да вызвалення яна самаруч зрабіла сабе шампунь: у бутэльку з вадой паклала кавалак гаспадарчага мыла і гэтым растворам памылася.

Ручніком была навалочка, якую замежніца прыхапіла ў адным з пакояў, чакаючы сустрэчы з адвакатам. Ёю можна было выцерці галаву.

Кожны ранак у камеру прыходзіла доктарка і пытала, ці патрэбныя пракладкі. Ёй адказвалі, што ўсім, каб іх назапасіць. Аднойчы пракладак не аказалася, дык прапанавалі тэхнічную вату.

Кавалак нявольніцкага мыла (злева). Па тры такія кавалачкі давалі раз на два-тры дні 15 арыштанткам. Абрэзак навалочкі, якая была ручніком. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Кавалак нявольніцкага мыла (злева). Па тры такія кавалачкі давалі раз на два-тры дні 15 арыштанткам. Абрэзак навалочкі, якая была ручніком. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Даймалі клапы. Пакусаная імі жанчына неяк папрасіла ахоўніцу, каб у «пакоі» зрабіла дэзынфекцыю, а ёй параілі на ноч не выключаць асвятленне, якое і так гарэла кругласутачна.

З клапамі арыштанткі змагаліся, льючы па перыметры камеры ваду з хлоркай. У «хаце» дбалі пра чысціню. Два разы на дзень мылі камеру. Прымушалі мыцца бадзяжніц.

Арыштантак з палітычнай камеры два разы за ноч падымалі. Кожная павінна была ўскочыць, назваць сябе і артыкул, па якім асуджаная.

«Чалавеку, каб выспацца, патрэбна 8 гадзінаў, але калі два разы за ноч падымаюць, то які сон. Недасып уплывае на псіхіку. Цяпер у мяне дужа скача ціск, стала набіраць вагу. Кансультуюся з доктарам. Той, хто прайшоў праз зняволенне, не можа быць здаровым», — адзначае Алена.

Замест падушкі Алена клала пад галаву абутак. Ад асвятлення ратавалі шкарпэткі, якія клала на вочы.

З 6 раніцы да 10 вечара нявольніцам дазвалялі сядзець. Некаторыя спрабавалі спаць удзень, але калі б гэта выявілася, то пацярпела б уся камера.

«Найжахлівейшым была няпэўнасць з вызваленнем»

Алена Цымбаліст з асаблівай любасцю згадвае сукамерніц.

Яна кажа, што «правяла самыя цудоўныя дні з незвычайнымі людзьмі, якіх нячаста сустрэнеш на волі». Яны былі розных узростаў, «аб’яднаныя непрыманнем таго, што творыць з беларусамі Лукашэнка, які заяўляе, што не ваюе з жанчынамі».

Алена перакананая: нявольніц утрымлівалі ў нялюдскіх умовах, каб давесці ім, што рэжым беспакарана можа рабіць з людзьмі што заўгодна. Каб жанчыны выходзілі на волю запалоханымі, згорбленымі і з бояззю выпрастацца.

«У Беларусі працуе сістэма, якая пераломвае людзей, каб зазнаўшы няволю, у іх і думкі не было пратэставаць, каб на бел-чырвона-белы сцяг баяліся глядзець», — адзначае яна.

Кожны дзень замежніца чула гісторыі пра гвалт і ёй, як старэйшай, даводзілася знаходзіць словы, каб супакоіць сукамерніц.

«Да адной дзяўчынкі ўварваліся губазікаўцы, сярод іх быў дурань, якому падабалася збіваць людзей. Ён біў дзяўчынку днішчам патэльні. Затым пераключыўся на ейнага мужа. Той жа патэльняй, але рабрынаю, ён паламаў яму некалькі рэбраў. Пасля загадаў дзяўчыне спускацца пад канвоем з 9 паверха з бел-чырвона-белым сцягам», — пераказвае адну з гісторыяў грамадзянка Літвы.

Па словах замежніцы, у камеры сядзела жанчына, у якой была ўся нага сіняя ад пабояў, і яна не магла спаць на правым баку.

Алена кажа, што пакутай для зняволеных была няпэўнасць з вызваленнем. Па выхадзе з ізалятара іх на падворку нярэдка сустракалі губазікаўцы і вярталі ў турму.

«Была дзяўчынка, якая праседзела два тэрміны. За два дні да другога вызвалення яна давяла сябе амаль да нервовага зрыву. Несупынна пытала ў сукамерніц, ці выпусцяць яе. Так, гэтая свалата даводзіла людзей да стану, калі ў іх толькі адно жаданне — пабачыць волю», — падкрэслівае Алена Цымбаліст.

У камеры арыштанткі бавілі час прыдуманай гульнёй. Адна загадвала «нейкае слова» іншай, якая мелася патлумачыць яго словамі з пачатковай літарай «п».

«Гэтая забава так захапляла, што мы прысвячалі ёй цэлыя дні. З ёю час мінаў шпарчэй і вызваленне набліжалася хутчэй», — згадвае Алена.

Яна кажа, што за 26 дзён ад жанчын у камеры не пачула ніводнага мацернага слова, затое мацюкоў хапала ад ахоўнікаў.

У сваім аповедзе Алена згадвае і рэдкія выпадкі людскага стаўлення турэмшчыкаў да арыштантаў. Адзін раз міліцыянтка тайком падклала Алене ў кішэню пакунак з ежаю і шэптам выбачылася, што мала. Прасіла падзяліцца з сукамерніцамі.

«Хадзіла на пратэсты, каб адчуць сілу беларусаў»

Спачатку грамадзянку Літвы збіраліся дэпартаваць 18 лістапада. Яна аплаціла ўтрыманне ў няволі і расходы, звязаныя з дэпартацыяй.

Выправіцца на радзіму замежніцы ўдалося толькі 25-га. У гэты дзень на яе накінуўся начальнік ізалятара з-за таго, што ў яе не было даведкі аб прышчэпцы ад каранавіруса.

«А як ты паедзеш у сваю лабусню без даведкі, здзекаваўся ён, — згадвае Алена. — Я яму адказала, што мая радзіма мяне прыме без любой даведкі. Далей ён крычаў, што я жэрла 11 гадоў у Беларусі, а цяпер мая радзіма Літва. Пагражаў згнаіць мяне за кратамі. Гэтага монстра супакоіў ахоўнік».

Амбасада Літвы пра затрыманне літоўскай грамадзянкі даведалася з незалежных медыя.

Алена Цымбаліст упэўненая: калі б не было агалоскі, пікетавання актывістамі эмігранцкіх арганізацый беларускага пасольства ў Вільні, клопату літоўскіх уладаў, якія «пісалі спадару Лукашэнку», то яна б няволілася дагэтуль.

«Мая даўняя літоўская вучаніца, калі даведалася, дзе я, пазваніла ў КДБ і стала патрабаваць майго вызвалення і высвятляць, дзе я. А ёй адказалі, што «пра такіх людзей у Беларусі вам ніхто не скажа», — заўважыла суразмоўніца.

Алена Цымбаліст не ўтойвае, што ўдзельнічала ў пратэстах. Яна канчаткова пераканалася, што ў Беларусі не ўсё так добра, як паказвае тэлевізар. Зусім іншае было ў стрымах Сяргея Ціханоўскага. Там, па яе словах, паказана сапраўднае жыццё беларусаў. 

9 жніўня, у дзень выбараў, замежніцу «папрасілі пабыць валанцёркай на выбарчым участку», які быў у яе школе. У гэты дзень яна «пазнаёмілася» з новай дырэктаркай, якая запатрабавала ад настаўніцы зняць белую стужку, але Алена пакінула літоўскія стужкі. У далейшым з кіраўніцай школы адносіны былі напружаныя.

Алена Цымбаліст на беларускім пратэсце са сцягам свайго раёна. 2020 год. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена Цымбаліст на беларускім пратэсце са сцягам свайго раёна. 2020 год. Фота: асабісты альбом Алены Цымбаліст

Алена перакананая, што Лукашэнка прайграў выбары, а першыя два дні пасля іх яна называе «страшнымі».

«Калі пачаліся маршы, я не магла быць абыякавай. Атмасфера на пратэстах была непаўторная. Людзі не баяліся. Прыходзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Я хацела адчуваць іх сілу, адзінства, гонар», — тлумачыць грамадзянка Літвы.

Калі сілавікі сталі разганяць маршы, Алена перайшла да партызанкі. Расклейвала ўлёткі, наведвала дваравыя сустрэчы. Калі пратэст быў здушаны канчаткова, кожны дзень чакала затрымання, але з'язджаць з Беларусі не хацела.

Цяпер Алена Цымбаліст у Літве і працуе ў школе. У ёй вучацца і дзеці беларускіх эмігрантаў. Ад настаўніцтва на радзіме атрымлівае задавальненне.

«Тут калегі ўсміхаюцца адзін аднаму, дапамагаюць. Няма адчування, што ты некаму вінаватая і цябе могуць пакараць. Калі адміністрацыя робіць заўвагу, то гэта для таго, каб настаўнік штосьці зрабіў лепш. У літоўскай школе — заўвага не пакаранне», — расказвае суразмоўніца.

Калі ёй даводзіцца расказваць пра перажытае, то ў суразмоўцаў «валасы становяцца дыбам». Яна ж падкрэслівае, што ёй выпала ў няволі пазнаёміцца з цудоўнымі жанчынамі, якіх кінулі ў камеру за іх жаданне людзьмі звацца.

Глядзіце таксама:

Пратэст камеры №15: за што змагаюцца жанчыны, якія абвясцілі галадоўку ў ЦІП на Акрэсціна

Як беларусаў катуюць на Акрэсціна — сведчанні зняволеных, экс-супрацоўніка ІЧУ, развагі гісторыка ў фільме «НН»

«Вы забралі ў нас свабоду»: Алена Леўчанка распавяла пра катаванні на Акрэсціна, знаходжанне без матраца, гарачай вады і каналізацыі ВІДЭА

У МУС пракаментавалі заявы пра ўціск палітычных арыштантаў на Акрэсціна

«Вярнуся, калі рэжым зжарэ сябе». Гэтыя беларускія спартоўцы з’ехалі з краіны 

Клас
29
Панылы сорам
11
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
66
Абуральна
38

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?