Вольга Гарбунова Ольга Горбунова Olga Garbunova

Вольга Гарбунова. Скрын відэа TOK_talk / YouTube

У выпуску «Ток» Гарбунова згадвае, што з пачатку яе знаходжання ў зняволенні яна атрымлівала па 5-6 лістоў кожны дзень. У асноўным гэта былі лісты ад незнаёмых людзей. Дачка пісала Вользе кожны дзень, але лісты не даходзілі. Дастаткова хутка жанчына перастала атрымліваць лісты ад сястры і іншых блізкіх, а пазней і ад іншых.

Гарбунова згадвае пра цікавы ліст, які да яе дайшоў:

«Звычайна на карэспандэнцыі стаіць пячатка цэнзара, хто менавіта праверыў гэты ліст. На гэтым пячаткі не было. На момант атрымання я ўжо ведала, што на мяне і маю арганізацыю «Радзіслава» напісалі лжывы данос пра тое, што мы давалі сваім кліенткам жыць у прытулку ўзамен на іх удзел у пратэстах, а ў падвалах нашага дома мы шылі бчб-сцягі, друкавалі пратэсныя стыкеры. І гэтая ўся бязглуздзіца пайшла ў ГУБАЗіК, Адміністрацыю, хіба што ў не ў КДБ. Там вялізны пералік адрасатаў быў.

І гэты чалавек напісаў мне асабіста. Ліст дастаткова пусты, хворы. І я б нават сказала, малаадэкватны. Але некалькі сказаў з гэтага ліста пазбавілі мяне спакойнага жыцця на вельмі працяглы час. Там утрымліваліся пагрозы фізічнай расправы на адрас маёй непаўналетняй дачкі. Гэта ўсё было завуаліравана такімі словамі: «мы паклапоцімся пра тваю дачку», «цяпер ты і яна адкажаце за тое, што ты рабіла з дзецьмі ў прытулку».

Першай рэакцыяй было — бязглуздзіца. Але гэта бязглуздзіца, калі ты на волі, калі ты ў любы момант можаш пазваніць дзіцяці, пачуць яе голас, спытацца, ці вярнулася яна са школы, прыйсці вечарам пагаварыць, абняць, здзейсніць нейкія меры бяспекі. Але ты замкнёная ў камеры. 

Спачатку ты рацыяналізуеш і думаеш: гэта пустыя пагрозы. А потым прыходзіць адвакат і гаворыць: «Воля, гэта жахліва. Табе трэба напісаць заяву ў міліцыю». І ты разумееш, што калі адвакат табе такое раіць, то можа ты ўвогуле нешта няправільна інтэрпрэтуеш. І мозг пачаў гуляць у вельмі злыя гульні са мною.

Калі я спала, мне гэта снілася. А калі не спала, ад 6-й ранку да 10 вечара мой мозг маляваў вельмі розныя сцэны таго, як гэта можа адбыцца. І ты проста едзеш з глузду. І ты чакаеш адваката. Адвакатка прыходзіла кожны тыдзень. А ў той момант мне здавалася, што гэта ўсё цягнецца бясконца. Ты ўвогуле не ведаеш, што з ёю. Ці жывая яна. Можа, хто яе параніў. Можа, яна ў бальніцы».

Гарбунова распавяла пра тое, што калі яна знаходзілася ў СІЗА, у яе памёр бацька. І, па словах адваката, яе родныя сумняваліся ў тым, ці варта ёй пра гэта гаварыць. Згадаўшы пра гэта, яна зразумела, што адвакат можа ёй не распавесці, калі што адбудзецца з дачкой.

«Я прыходзіла на гэтыя спатканні. Маска, шчыток. Я проста глядзела ёй у вочы, чакала хвіліну. Мне здавалася, калі нешта адбылося страшнае, яна адвядзе позірк. Яна не зможа мне глядзець у вочы. І заўсёды ў першую чаргу я пытала: «Усе жывыя? Усе здаровыя?» Яна адказвае: «Так».

У мяне была такая параноя. Гэты досвед — тое, што не планаваў рэжым. Гэта тое, што адбываецца без ведама сілавікоў. Але ў кожнага палітзняволенага і палітзняволенай ёсць свае іншыя жыццёвыя абставіны. У мяне гэта быў актывізм, звязаны з абаронаю правоў жанчын.

І гэта дадатковая рызыка таго, што ты рэальна можаш паехаць кукухай. І ніхто цябе не зберажэ. І ніякая потым шматгадовая медыцынская рэабілітацыя пасля твайго вызвалення табе не дапаможа. Таму для мяне так важны гуманітарны трэк».

Глядзіце цалкам:

Чытайце таксама:

Калі трэба напісаць Прэзідэнт з вялікай літары «п», каб цябе памілавалі, пішы — Гарбунова

Гарбунова пра сэксістаў у апазіцыі і пытанне да Качанавай

Камінг-аўт, Лукашэнка сэксіст, роля Абельскай і як вызваліць палітвязняў — новы «Ток» з Вольгай Гарбуновай

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
18
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?