Выява: скрыншот з відэа тэлеканала LaSexta

Выява: скрыншот з відэа тэлеканала LaSexta

Сярод сярэднявечных каменных будынкаў іспанскага мястэчка Касэрэс (Cáceres) можна знайсці рэстаран і гатэль «Атрыё» (Atrio), удастоены трох зорак Мішлен, які прапануе наведвальнікам свята труфелі, малюскаў і іберыйскі хамон. Запіць гэта ўсё можна найлепшымі вінамі, якія толькі можна купіць за грошы. Вінны склеп змяшчае 40 000 бутэлек, і самі ўладальнікі гатэля называюць яго «перлінай» будынка.

29-гадовая Прысцыла Лара Гевара, былая мексіканская каралева прыгажосці, і 47-гадовы Канстанцін Думітру, яе румына-нідэрландскі партнёр, не былі чужымі для «Атрыё»: яны аглядалі рэстаран прынамсі тры разы за некалькі месяцаў да вячэры, якая адбылася 26 кастрычніка 2021 года і «вылілася» ў адзін з самых дзёрзкіх крадзяжоў віна ў найноўшай гісторыі. Як распавядае The Times, пара скрала віно рэдкіх ураджаяў агульным коштам каля 1,6 мільёна еўра. 

Спачатку ўсё ішло як па масле: Гевара зарэгістравалася ў гатэлі па падробленым швейцарскім пашпарце і з пустым заплечнікам. Супрацоўнік гатэля, які падняў сумку жанчыны, заўважыў, што яна вельмі мала важыць, але выгляду не падаў. Пазней да Гевары далучыўся Думітру.

Выява: Solarpix

Выява: Solarpix

Калі пасля дэгустацыйнага меню з 14 страў у 2:10 ночы Гевара патэлефанавала на стойку рэгістрацыі і замовіла яшчэ салату, персанал пачалі раздзіраць смутныя сумневы (асабліва пасля неаднаразовага пытання пра «час, які спатрэбіцца на падачу»). Першапачаткова дзяжурны кансьерж адмовіўся пакінуць свой пост, каб прыгатаваць салату, але ў выніку саступіў, адышоўшы прыкладна на 20 хвілін. Па версіі следства Думітру за гэты час скраў электронны ключ, які адкрываў вінны склеп.

Патрапіць усярэдзіну ён, аднак, не змог, бо ўзяў не той ключ — таму патэлефанаваў напарніцы, каб тая зноў адцягнула ўвагу кансьержа. Гэтым разам Гевара замовіла пудынг. Жанчына была настолькі настойлівай, што кансьерж ізноў пагадзіўся пакінуць свой пост.

Тым часам Думітру вярнуўся ў склеп з іншым ключом, нарэшце змог увайсці ў дэгустацыйную залу і паклаў у тры мяшкі 45 пляшак віна. Як заявілі потым пракуроры на судзе, гатэль абвінавачаныя пакінулі каля 5-й раніцы, несучы з сабой заплечнік і дзве сумкі з бутэлькамі, у якія паклалі ручнікі з ваннай гасцінічнага нумара, каб пазбегнуць звону пляшак.

Той самы вінны склеп / Фота: atriocaceres.com

Той самы вінны склеп / Фота: atriocaceres.com

У выніку Гевара і Думітру былі прысуджаныя да чатырох і чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі адпаведна пасля таго, як іх прызналі вінаватымі ў крадзяжы пры абцяжарваючых абставінах. Суд абавязаў іх выплаціць страхоўшчыкам шкоду ў памеры больш за 750 000 еўра, каб кампенсаваць ім скрадзеныя віны, у тым ліку бутэльку Château d'Yquem 1806 года (кошт адной гэтай пляшкі ў меню складаў 350 000 еўра).

Пара была арыштаваная праз дзевяць месяцаў пры спробе перасячэння мяжы паміж дзвюма балканскімі краінамі. Падчас суда Думітру адмаўляў абвінавачанні. Як сказаў ягоны адвакат: «Сорак пяць бутэлек і чатыры ручнікі не змесцяцца ў дзве спартыўныя сумкі, і гэты чалавек не можа іх так лёгка насіць».

Таксама ўзніклі пытанні наконт карт-ключоў, у тым ліку здагадкі, што ніхто, акрамя супрацоўнікаў гатэля, не мог ведаць, як выглядае правільны майстар-ключ да склепа. Па словах работнікаў гатэля на судзе, абедзве магнітныя карты знаходзіліся ў часткова схаванай скрынцы на стойцы рэгістрацыі, пры гэтым ключы былі перамяшаныя з іншымі падобнымі картамі, каб замаскаваць галоўны майстар-ключ. То-бок, каб даведацца, які ключ быў патрэбны, нават супрацоўнік гатэля павінен быў бы працаваць на рэцэпцыі.

Ніхто так і не змог патлумачыць, як злодзеі зразумелі, які ключ патрэбны і чаму яны спачатку скарысталі ключ да нумара 106, які ў тую ноч займалі сябры гаспадароў. Зніклае віно так і не было знойдзена, а некаторыя дэталі (напрыклад, як пляшкі пакінулі гатэль і іх месцазнаходжанне), дагэтуль застаюцца загадкай.

Чытайце таксама:

У беларускай культурнай прасторы скралі бокс з данатамі на дапамогу Украіне

«Крадзеж у тым, што я не даляцеў да Мінска»: былы пасол Беларусі ў Аргенціне расказвае пра «крадзеж» 2393 даляраў

Ці праўда, што чырвонае віно карыснае? Медык аспрэчвае

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
1