Ідэя прыйшла ў галаву Аліне Занямонец — каларысту і ўладальніцы салона прыгажосці. Пасля дэкрэту зʼявілася натхненне на новы праект. Але хутка стала зразумела: у адзіночку не пацягнуць. Тады ідэю падтрымалі іншыя бʼюці-майстрыцы Валожына. А зараз паступаюць прапановы і з іншых гарадоў. Напрыклад, на нарошчванне валасоў зʼездзіць у Гомель.

Але нават без далёкіх паездак пераўтварэнне ў сярэднім займае тры дні. Для ўдзельніцы яно цалкам бясплатнае. 

— Самае галоўнае пры стварэнні вобразу — не нашкодзіць чалавеку. А зрабіць так, каб ён адпавядаў прафесіі і ладу жыцця. Зрабіць рэальную прыгожую жанчыну, а не ляльку напаказ, — распавяла Onlíner Аліна. Хоць, акрамя паўсядзённага, часта падбіраюць і святочны вобраз.

 

Як і ў папулярных шоу пра ператварэнне, удзельніцам дораць новыя ўборы. Каб іх купіць, скідаецца ўся каманда. Але мясцовыя магазіны ўжо заявілі аб жаданні паўдзельнічаць у праекце. А часам новыя сукенкі пераходзяць нават з уласнага гардэроба майстрыц. Дзяўчыны прызнаюцца, што расставацца з яшчэ ні разу не надзетымі ўборамі бывае шкада, але вынік таго варты. 

У ператварэнні паспелі паўдзельнічаць прыбіральшчыца, выхавальніца дзіцячага садка, аграном і дамашні кандытар. А ацэньваюць вынік семʼі і блізкія, якія прыязджаюць на фінальную сустрэчу.

 

— Часта мужыкі проста не пазнаюць сваіх жонак. У нас нядаўна быў выпадак, калі муж зайшоў з букетам і стаяў разгублены, не ведаў, да каго падыходзіць. Пакуль жонка не падала яму асаблівы сігнал. У яго так бровы падняліся! Гэта трэба было бачыць. 

Зараз аб праекце гаворыць увесь Валожын — усе чакаюць выхаду новых ролікаў у сацсетках. 

— Мне было важна браць не мясцовых «зорачак», а звычайных людзей, якім гэта сапраўды трэба. Тых жанчын, якія ўсе ў дзецях, побыце, працы, крэдытах… Даць ім станоўчыя эмоцыі і адчуванне шчасця. І так супала, што ўсе ўдзельніцы — сапраўды вельмі добрыя людзі. Напэўна, дзякуючы гэтаму праект не згас адразу, а толькі разрастаецца, — падзялілася думкамі Аліна.

Клас
35
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
3