Будаўніцтва знаходзіцца на месцы старога Чэрвеньскага рынку, які размяшчаўся, калі хто забыў, на рагу вуліц Маякоўскага і Аранскай, піша Blizko.by.

Рэканструяваць стары рынак задумалі яшчэ ў 2003 годзе сіламі «Белпрампраекта», потым з'явіліся іранскія інвестары, і ў 2008-м старшыня праўлення Белкаапсаюза Уладзімір Куляшоў злётаў у Іран для падпісання інвестыцыйнай дамовы. Потым зноў усё прыпынілася на некалькі гадоў, і толькі роўна дзесяць гадоў таму, у самым пачатку 2013-га, Чэрвеньскі рынак на старым месцы зачыніўся і пераехаў на новае месца — да холадакамбіната № 2.

А кампанія «Дзідас Інтэрнэшнл груп» паабяцала пабудаваць на месцы рынку сяміпавярховы гандлёвы цэнтр з эксплуатаваным дахам.

Але потым некалькі гадоў зноў нічога не адбывалася, і ў 2015-м Мінгарвыканкам развітаўся і з гэтым іранскім інвестарам. Затым новыя інвестары і забудоўшчыкі яшчэ некалькі разоў змянялі адзін аднаго, і будоўля то ішла бадзёра, то млява. Праект, вядома, таксама змяніўся: замест 7-павярховіка з «зялёным» дахам будзе 3-павярховы будынак са звычайным дахам, на якім ніякіх кустоў-дрэў-травы і лавачак.

«Высокі замак», субпадрадчык польскага генпадрадчыка Trasko-Inwest, збанкрутаваў, яго месца заняла брэсцкая кампанія «Алвора-Бел», а заказчык застаўся ранейшым: кампанія «Сільверкапітал». Усе работы абяцалі завяршыць да 31 снежня гэтага года.

Журналісты прыйшлі да будучага цэнтра за дзесяць дзён да абяцанай даты і паглядзелі, што там і як. Адразу спойлер: вонкава ён выглядаў больш гатовым, чым «Магніт Мінска» на ўсходзе.

Прынамсі, з боку галоўнага фасаду ўжо амаль усюды гатовыя тратуары і паркоўкі, рабочыя змятаюць пясок з пліткі. Але штабелі плітак таксама ляжаць тут жа — відавочна, брукаваць бакавыя тэрыторыі.

Тут будзе прыменена вельмі цікавае і хітрае аздабленне. На сцены фасаду мацуюцца рознакаляровыя металічныя швелеры. Прычым яны не проста металічныя, а з шчыльнай, гусцейшай перфарацыяй.

А ў скругленай частцы, якая выходзіць як раз на вугал скрыжавання, верхнюю частку будынка абліцавалі панэлямі бела-блакітных адценняў з вертыкальным малюнкам-насечкай.

Асноўны варушняк адбываецца з адваротнага боку будынка. Тут размясціўся будаўнічы гарадок, і тут жа візуальна максімальная актыўнасць будаўнікоў. Штабелі мінеральнай ваты, шпулькі з кабелямі, элементы вентыляцыі, будаўнічыя рыштаванні, свабодныя паддоны і шмат смецця.

А вось тэрмін здачы аб'екта дакладна ссунуўся — цяпер гэта ўжо ліпень 2024-га. Гэта значыць, адкрыцця крам прыйдзецца пачакаць яшчэ мінімум 7 месяцаў.

Вулачка, якая праходзіць збоку ад будучага ГЦ — гэта вуліца Аранжарэйная. Мабыць, гэта самая кароткая ў Мінску вуліца, дзе аж два разы арганізаваны кальцавы рух.

Калісьці на гэтай вуліцы стаялі дамы мінскіх падпольшчыкаў часоў Другой сусветнай — мемарыяльная дошка, прысвечаная ім, засталася на месцы, але калі раней яна стаяла каля яблыні, то цяпер амаль падпірае сцяну гандлёвага цэнтра.

Дарэчы, з боку Аранжарэйнай будоўля ніяк не агароджана, можна падысці амаль ушчыльную да ГЦ і зазірнуць у падкрамавую прастору, дзе хаваецца нешта, падобнае да паркінгу.

Паколькі тут рабочым не трэба старацца паспець да 31 снежня, то падаецца, што часу ўсё дарабіць у іх дастаткова, не будуць у аўральным парадку разрэзаць стужачку проста пад люлькай з рабочымі, што прыбіваюць на вышыні шыльду.

Мяркуецца, што першыя два паверхі ў аб'екта будуць гандлёвымі — гіпермаркет і невялікія крамы, вышэй дзіцячы цэнтр са спартзалай, зонамі адпачынку і крамамі адзення. Плануецца размяшчэнне 3-х двухпавярховых крамаў, якія аб'ядноўваюць першы і другі паверхі ГЦ, унутры якіх будуць устаноўлены эскалатары. Такое рашэнне заклікана павышаць праходнасць другога паверха ГЦ, прыводзячы туды наведвальнікаў, якія зайшлі ў якарныя крамы-магніты. Дакладна такое ж рашэнне можна ўбачыць у ГЦ Dana Mall. Якарным арандатарам будзе гіпермаркет Green.

На сайце інвестыцыйнай групы Rapa сказана, што гандлёвы цэнтр атрымае назву «Чэрвеньскі», яго адрас будзе такі: вуліца Маякоўскага, 6.

Агульная плошча — крыху большая за 63 тысячы квадратных метраў, карысная плошча — 34 тысячы «квадратаў».

Уласна гандлёвы цэнтр будзе мець плошчу 43,6 тысячы квадратных метраў і два паркінга: падземны і наземны (па 500 месцаў у кожным).

Клас
7
Панылы сорам
10
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
4