Фота: Fakt.pl

Фота: Fakt.pl

Упершыню прысуд у чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ўкраінцу вынеслі яшчэ ў чэрвені. Але з ім не пагадзіліся ні абарона, ні абвінавачванне. У выніку ў апеляцыйным працэсе пракурор запытваў для нападніка ажно 12 гадоў турмы, а абарона выступіла за скарачэнне тэрміну да «ўсяго» паўтара года.

«Гэта за вайну»

Нападнік і пацярпелы прыехалі ў Польшчу на заробкі, а пазнаёміліся падчас абавязковага каранціну ў вёсцы Казлоўка ў Люблінскім ваяводстве — гэта прыкладна за 30 кіламетраў ад Любліна.

1 сакавіка 2022 года Максім і Яўген вырашылі разам выпіць гарэлкі, але неўзабаве пасварыліся. У ходзе канфлікту ўкраінец нанёс беларусу два нажавыя раненні ў вобласць грудзей і рук. А потым прысвоіў рэчы Яўгена: тэлефон, кашалёк з гатоўкай і дакументы. Пазней украінец тлумачыў паліцыі, што прычынай рознагалоссяў нібыта стала вайна ва Украіне.

«Гэта за вайну», — аргументаваў свой учынак Максім В.

У канцы чэрвеня 2023 года Акруговы суд у Любліне прызначыў Максіму чатыры з паловай гады пазбаўлення волі і абавязаў выплаціць пацярпеламу 10 тыс. злотых. Тады суд дапусціў, што ўкраінец не рабіў замах на забойства, а хацеў прычыніць пацярпеламу цялесныя пашкоджанні.

«Злачынец усведамляў, што вынік можа быць смяротным»

Аспрэчыць чэрвеньскае рашэнне суда вырашылі адразу два бакі — пракурор і абарона падсуднага. Слуханне адбылося 14 снежня ў Люблінскім апеляцыйным судзе. Пракурор Кшыштаф Сокул выступіў за ўзмацненне жорсткасці пакарання да 12 гадоў пазбаўлення волі.

«Наносячы глыбока пранікальнае раненне ў грудную клетку, злачынец усведамляў, што зыход можа быць смяротным. Пасля першага ўдару ён наўмысна здзейсніў другі, хоць пацярпелы абараняўся. Таму сумневаў у сапраўдных намерах нападніка няма», — заявіў ён.

«Калі б хацеў забіць, распачаў бы іншыя дзеянні»

Абарона Максіма В. абапіралася на рашэнне раённага суда Любліна, які пастанавіў, што наўмыснага замаху на забойства магло не быць.

«У абвінавачанага не было негатыўнага стаўлення да пацярпелага. Яны разам распівалі алкаголь, толькі што пазнаёміліся. Тое, як быў нанесены першы і наступныя ўдары, сведчыць пра тое, што забойства не ўваходзіла ў намеры абвінавачанага. Калі б ён хацеў забіць, ён бы распачаў іншыя дзеянні», — падкрэсліла ягоная адвакатка.

«Прашу прабачэння за тое, што здарылася»

У залу суда абвінавачанага даставілі з СІЗА, у якім ён утрымліваўся з сакавіка мінулага года.

«Прашу прабачэння за тое, што здарылася. Прашу справядлівага прысуду», — заявіў украінец падчас працэсу.

У выніку апеляцыйны суд пакінуў у сіле чэрвеньскае рашэнне суда першай інстанцыі — чатыры з паловай гады зняволення.

«Напад з нажом не быў справакаваны»

Апеляцыйны суд Любліна адзначыў, што галоўная складанасць у прыняцці рашэння — высветліць сапраўдныя намеры нападніка. Падстаў для змякчэння пакарання суд не ўгледзеў, але пры гэтым улічыў, што канфлікт паміж украінцам і беларусам быў першым.

«Напад з нажом не быў справакаваным. Але з-за ўдару пацярпелы атрымаў пашкоджанне лёгкіх — гэта ўяўляла пагрозу яго здароўю і з'яўляецца сур'ёзным учынкам», — адзначыў суддзя Яцэк Міхальскі.

Рашэнне суда цяпер канчатковае. Адзіная магчымасць яго абскарджання — касацыйная скарга ў Вярхоўны суд.

Чытайце таксама:

Парэшткі мінскага бізнэсмена знайшлі праз 25 гадоў пасля яго знікнення

Акцёра са «Слова пацана» арыштавалі па справе аб забойстве 12-гадовай даўніны

Хлопец, які застрэліў 15 чалавек у Празе, падазраецца таксама ў забойстве маладога мужчыны і яго двухмесячнай дачкі 

Клас
12
Панылы сорам
8
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
16