Фота: нямецкая паліцыя

Фота: нямецкая паліцыя

У Баварыі затрымалі 21-гадовага беларуса, які вёз у аўтамабілі трох сірыйцаў-нелегалаў. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на паліцыю.

Інцыдэнт адбыўся ў аўторак на трасе B2 недалёка ад населенага пункта Мітэнвальд на мяжы Нямеччыны з Аўстрыяй. Калі аўтамабіль з польскімі нумарамі пад'ехаў да месца кантролю, кіроўца не знізіў хуткасць, праігнараваў сігналы супрацоўніка спыніцца і праскочыў міма. Як пазней распавёў адзін з сірыйцаў, машына здзейсніла манеўр ухілення, з-за чаго яе занесла, так што пасажыры спалохаліся за сваё жыццё.

Тут жа пачаўся пераслед. Убачыўшы хуткую рэакцыю праваахоўнікаў, кіроўца адразу зразумеў, што план прарвацца і з'ехаць не спрацаваў. Прыкладна праз паўкіламетра ён рэзка націснуў на тормаз, выскачыў з машыны і кінуўся ў лес.

Адзін з паліцэйскіх першым дагнаў нашага земляка, але той распыліў яму ў вочы газ з пярцовага балончыка. Уцячы ад пагоні мужчыну не ўдалося. Яго дагналі іншыя вартавыя парадку і надзелі кайданкі.

Тым часам іх калегі заняліся пасажырамі, якія, відавочна, былі ашаломленыя і засталіся ў машыне. Сірыйцаў асобна ад кіроўцы даставілі ў пастарунак Гарміш-Партэнкірхена. Паводле атрыманых звестак, за нелегальнае падарожжа з Сірыі ў Нямеччыну ім давялося заплаціць блізу 15 тысяч еўра на чалавека. Усе трое мужчын ва ўзросце 18, 23 і 28 гадоў падалі прашэнні аб прадастаўленні прытулку. Іх адправілі ў цэнтр першаснага прыёму бежанцаў і перасяленцаў у Мюнхене.

Пацярпелага ад пярцовага газу вартавога парадку на машыне хуткай дапамогі даставілі ў клініку Гарміш-Партэнкірхена для далейшага лячэння вачэй. Ён часова няздольны да службы, але сур'ёзных наступстваў для здароўя не прагназуецца.

У дачыненні да нашага суайчынніка, які мае польскую візу, інспекцыяй горада Розенхайм вядзецца расследаванне. Яго падазраюць у незаконным увозе замежнікаў, супраціве праваахоўнікам і прычыненні цялесных пашкоджанняў. У сераду днём мужчына паўстаў перад акруговым судом Мюнхена.

Суддзя задаволіў хадайніцтва пракурора і распарадзіўся папярэдне змясціць беларуса пад варту. Яго даставілі ў папраўчую ўстанову Мюнхен-Штадэльхайм.

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
2