Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай

Па інфармацыі польскага выдання Gazeta Wyborcza, якую перадае Polsat News, польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) падчас кіравання ў Польшчы партыі PiS (Права і справядлівасць) магло «незаконна праслухоўваць» не толькі прадстаўнікоў тагачаснай польскай апазіцыіі — партыі «Грамадзянская платформа» Дональда Туска, — але і Святлану Ціханоўскую.

Паводле афіцыйнага следства, сачэнне спецслужбаў за прадстаўнікамі Дональда Туска адбывалася ў перыяд з 2019 па 2021 гады і таксама ўключала ў сябе таемнае праслухоўванне сустрэчы некаторых палітыкаў «Грамадзянскай платформы» са Святланай Ціханоўскай у варшаўскім гатэлі Marriott каля аэрапорта імя Шапэна.

«Георге Крыстэску, прэзідэнт гатэльнага холдынгу PHH, куды ўваходзіць і варшаўская сетка Marriott, загадзя папярэдзіў члена партыі PiS Іаахіма Брудзіньскага аб сустрэчы Святланы Ціханоўскай з некалькімі вядомымі прадстаўнікамі «Грамадзянскай платформы», у тым ліку і Томашам Семанякам, які цяпер з'яўляецца членам Рады міністраў Польшчы і каардынатарам спецслужбаў краіны.

У сваім папярэджанні Крыстэску адзначыў, што на сустрэчы будзе прысутнічаць «санітарны доктар» — нефармальны знак польскіх спецслужбаў, што будзе ўсталявана праслухоўванне, ці сярод супрацоўнікаў гатэля будуць агенты ABW», — піша Gazeta Wyborcza са спасылкай на расследаванне.

Факт правядзення расследавання пацвердзіў і сам міністр Семаняк, «які назваў усю сітуацыю шакуючай, асабліва калі ўлічыць уцягванне ў яе Святланы Ціханоўскай, якая і так нацярпелася ў сваёй краіне з-за таталітарных абмежаванняў».

Семаняк спадзяецца, што ўсе вінаватыя «панясуць суравае пакаранне».

Па версіі следства, да незаконнага сачэння могуць мець дачыненне не толькі Георге Крыстэску, Іаахім Брудзіньскі і некаторыя іншыя члены партыі PiS, але і былы міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі і яго намеснік Мацей Вонсік.

Апошні назваў інфармацыю пра сваё дачыненне да незаконнага сачэння фэйкам. Такое ж меркаванне выказаў і Іаахім Брудзіньскі, які цяпер з’яўляецца дэпутатам Еўрапарламента.

Чытайце таксама:

«Чый Крым?» Прэзідэнт Польшчы нечакана паслізнуўся на гэтым пытанні

Ціханоўскую паспрабавалі ўцягнуць ва ўнутрыпольскую палітыку. Ёй прыпісалі словы, якія яна не казала

Пра каго з беларускіх палітыкаў найбольш чытаюць у Вікіпедыі?

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
11
Ого
9
Сумна
3
Абуральна
26