Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Барацьба за сферы ўплыву

Эквадор лічыцца адносна спакойнай і эканамічна развітай дзяржавай Паўднёвай Амерыкі. Са слоў беларусаў, тое, што адбылося ў пачатку студзеня, коратка можна растлумачыць перадзелам сфераў уплыву.

За апошнія тры гады ў гэтай краіне змяніліся два прэзідэнты. А ў кастрычніку 2023-га па выніках чарговых пазапланавых выбараў да ўлады прыйшоў трэці — Даніэль Набоа, сын «бананавага караля».

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Выконваючы перадвыбарныя абяцанні, ён сярод іншага вырашыў скончыць з «санаторнымі ўмовамі» ў мясцовых турмах, дзе наркабароны працягвалі жыць напоўніцу, падкупляючы ахову.

Даведаўшыся пра перавод у турму больш строгага рэжыму, 7 студзеня 2024 года кіраўнік адной з груповак Хасэ Масіяс Вільямар збег з месца зняволення ў горадзе Гуаякілі. На наступны дзень ягоныя саўдзельнікі ўварваліся ў офіс мясцовай тэлекампаніі і ўзялі ў закладнікі яе супрацоўнікаў (іх потым вызвалілі), а таксама выкралі паліцэйскіх у горадзе Кеведа і сталіцы Кіта.

Паралельна па турмах на фоне чаканага ўзмацнення суровасці ўтрымання пракацілася хваля бунтаў. Улады абвясцілі надзвычайнае становішча і ўвялі каменданцкую гадзіну ў начны час.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Як падкрэслілі суразмоўцы, асноўныя падзеі адбываліся ў тых месцах, дзе і ў звычайных умовах неспакойна. У асноўным гэта населеныя пункты на мяжы з Калумбіяй і буйны партовы горад Гуаякіль.

Небяспечныя не вуліцы, а людзі

У інтэрнэце часта трапляюцца відэа, як у Паўднёвай Амерыцы людзі становяцца ахвярамі рабаўнікоў на матацыклах. Як правіла, так у Бразіліі і Венесуэле.

Максім падкрэслівае, што за тры гады жыцця з гэтым не сутыкаўся. Праўда, ён не адмаўляе, што такое магчыма. Але ў курортнай зоне, хутчэй за ўсё, гэта будуць заезджыя «гастралёры». І дзейнічаць яны могуць у бязлюдных месцах ці ўначы.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Што тычыцца наркамафіі, то, па словах суразмоўцы, калі чалавек ніяк не звязаны з гэтай сферай, наўрад ці яго закране выпадковая куля. Разборкі яны ладзяць адзін з адным, і Эквадор у гэтым сэнсе выглядае больш спакойным на фоне суседзяў. А надзвычайнае становішча і бунт бандытаў якраз і сведчаць пра жаданне ўладаў узяць сітуацыю пад кантроль.

Курортныя зоны — асобная гісторыя

Максім з жонкай жыве ў курортным мястэчку Манта. Гэта пяты паводле насельніцтва горад Эквадора. І яго не кранаюць кланавыя вайны, паколькі нават крымінальныя элементы зацікаўленыя ў захаванні рэпутацыі ціхай гавані.

Суразмоўца расказаў, як з-за студзеньскіх падзей і шуміхі ў прэсе тут адмовіліся прышвартоўвацца тры лайнеры з турыстамі, што выклікала хвалю незадаволенасці мясцовых жыхароў, большасць з якіх працуе ў грамадскім харчаванні і забаўляльнай індустрыі, гэта значыць залежыць ад заезджых гасцей.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Актывізацыя картэляў у барацьбе за кантроль какаінавых маршрутаў трыху папсавала той лад жыцця, які тут існаваў дагэтуль, але глабальна сітуацыю на курортах не змяніла.

Чаму беларусы выбралі Эквадор?

Максім і Наталля перагледзелі ледзь не ўсю карту свету. Пры гэтым яны адразу вызначылі выразныя крытэрыі: вечнае лета, мора або акіян, простасць легалізацыі і адэкватная дзяржава (наколькі гэта магчыма ў сучасных умовах) у плане аховы здароўя, сацыяльнай палітыкі і працы фінансавай сістэмы.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

У выніку абралі Паўднёвую Амерыку і Эквадор, куды беларусы маглі прыязджаць без візаў і жыць тры месяцы без якога-небудзь афармлення.

Цяпер гэты перыяд скарацілі да 60 дзён. Але і гэта не праблема: часу дастаткова, каб аформіць, напрыклад, двухгадовы дазвол на жыхарства.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Ёсць некалькі спосабаў. Максім, напрыклад, абраў легалізацыю на падставе дыплома. Галоўнае пытанне было толькі ў перакладзе дакумента, яго пацвярджэнні і чаканні рашэння ўладаў.

Ходзіць даляр

У Эквадоры асноўнай валютай з'яўляецца амерыканскі даляр. Таксама там адносна стабільныя цэны, у прыватнасці, на хадавыя прадукты: хлеб, малако, мяса, макароны, рыс.

А за ўстойлівасцю цэнаў і якасцю прадукцыі сочаць карэнныя жыхары. Мясцовыя індзейцы, якія жывуць па сваіх законах, нават пры нязначным падаражэнні могуць арганізаваць пратэсты, больш страшныя за бандыцкія. І пра гэта сусветная прэса не піша.

Напрыклад, папярэднія ўлады трохі паднялі цэннік на бензін. Карэнны народ перакрыў дарогі, праз што парушылася лагістыка і ў крамах на некалькі тыдняў зніклі прадукты. Цэны на паліва адкацілі да папярэдніх паказчыкаў, а палітычнае жыццё ініцыятара павышэння аказалася нядоўгім.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Паводле ацэнак Максіма, у Эквадоры рэальна працуе паняцце мінімальнай зарплаты: 460 даляраў — гарантаваны даход. Калі толькі гаворка не ідзе пра нелегальных мігрантаў з Венесуэлы і Калумбіі, гатовых працаваць за капейкі на бананавых плантацыях, цягаючы мяшкі па 60 кг.

Таксама ў гэтай марской дзяржаве танныя і разнастайныя морапрадукты, што не заўсёды бывае, напрыклад, у Еўропе. Кілаграм свежых велізарных кальмараў каштуе 3 даляры, а гіганцкі лобстар на рыбным рынку абыйдзецца ўсяго ў 4 даляры.

Практычна задарма можна набыць экзатычную садавіну, не кажучы ўжо пра бананы — адзін з галоўных артыкулаў даходаў дзяржавы.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Не лічачы паходаў у рэстаран, на прадукты беларуская пара траціць каля 300 даляраў у месяц. Пры гэтым Максім падкрэсліў, што якасць і выбар той жа малочнай прадукцыі не горшыя, чым у Беларусі.

Колькі каштуе жыллё ў Эквадоры?

Суразмоўцы змянілі ўжо тры кватэры. Усюды было па-свойму добра, але цяпер у іх аптымальнае спалучэнне кошту і якасці. Можна сказаць, што яны жывуць на мясцовай «Рублёўцы», непасрэдна на ўзбярэжжы з выглядам на акіян, а з другога боку — горы і прыгожы захад сонца па вечарах.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

За «еўрадвойку» пара штомесяц аддае 430 даляраў. У гэтую суму ўключана карыстанне тэнісным кортам, двума басейнамі, турэцкай лазняй і барбекю на тэрасе. Яшчэ прыкладна 120 даляраў сыходзіць на ваду, святло і інтэрнэт.

З недахопаў — адсутнасць пральнай машыны. Яе замяняе пральня на першым паверсе.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

І па вечарах, асабліва бліжэй да ўік-энду, з суседняга будынка, дзе працуе начны клуб, даносяцца дыджэйскія сэты. Максім разумее, што сем'ям з дзецьмі праз гэта можа быць некамфортна, а для яго гэта ў нейкім сэнсе яшчэ адзін бонус.

Чалавечы фактар

Галоўны мінус у Эквадоры, як і ў многіх паўднёвых краінах, — папяровая цяганіна. Праблема не толькі ў тым, што мясцовыя чыноўнікі могуць працаваць павольна. Часцяком на першы план выходзіць не бюракратыя як такая, а чалавечы фактар.

Да патрэбнага тэрміну зробяць дакументы, якія не вельмі патрэбныя, або забудуць упісаць важную інфармацыю. А выраб вельмі неабходных папер можа зацягнуцца.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Што тычыцца моўнага бар'ера, то ён лёгка вырашаецца з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій. Да «белага чалавека» эквадорцы ставяцца добразычліва, успрымаючы яго як патэнцыйнага інвестара. І нікуды не спяшаюцца, калі з усмешкай слухаюць галасавы перакладчык.

Ці лёгка іншаземцу знайсці працу ў Эквадоры?

Блогерства сужэнцы не манетызуюць, але часам яно дазваляе зарабляць па бартару. Некаторыя рэстараны просяць зрабіць рэкламу, а за гэта накрываюць стол і збіраюць салідны «магарыч».

У Беларусі Максім доўгі час быў рэгіянальным гандлёвым прадстаўніком розных брэндаў. Цяпер жа ён сышоў у IT, таму можа дазволіць сабе працаваць дыстанцыйна.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Каб знайсці занятасць на месцы, неабходна ведаць іспанскую мову, хоць у некаторых выпадках дастаткова і рускай з англійскай.

У асяроддзі суразмоўцы ёсць прыклад, як дзяўчына з Расіі ў Кіта зарабляе 700-800 даляраў у месяц, ведучы старонкі некалькіх устаноў грамадскага харчавання. Самі эквадорцы рабіць гэта добра яшчэ не навучыліся.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

У цэлым у Лацінскай Амерыцы не хапае кваліфікаваных кадраў. І дзяржавы над гэтым працуюць, прыцягваючы спецыялістаў з-за мяжы. Інжынеры, эканамісты і кіраўнікі з веданнем іспанскай мовы знойдуць сабе прымяненне за добрае ўзнагароджанне.

Медыцына на ўзроўні

Героі артыкула ў Эквадоры працягваюць карыстацца беларускай страхоўкай, якую аформілі яшчэ да ад'езду, а цяпер проста працягваюць. У эквіваленце на дваіх выходзіць каля 15 даляраў, а мясцовая каштуе 80-100 даляраў.

Аднойчы Максіму спатрэбіўся лекар у іншым горадзе. Ён звярнуўся ў найбліжэйшую бальніцу і ў парадку чаргі бясплатна трапіў да доктара, які яшчэ і выдаў неабходныя лекі.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Такім чынам, усе іншаземцы абслугоўваюцца нароўні з эквадорцамі. Гэта звязана з вялікай колькасцю прыезджых з Венесуэлы і Калумбіі.

За складаныя працэдуры ці, напрыклад, за лячэнне зубоў, вядома, прыйдзецца заплаціць. Але і тут парадак цэнаў адэкватны. Невыпадкова многія амерыканцы прыязджаюць у Эквадор па больш танную стаматалогію або, да прыкладу, у клінікі па перасадцы валасоў. Падобна на тое, як масквічы карыстаюцца паслугамі беларускіх медцэнтраў.

У Беларусь пакуль не цягне 

Рускамоўных турыстаў і рэлакантаў у Эквадоры няшмат. Адбіваецца вялікая адлегласць.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Тым не менш, Максім і Наталля пазнаёміліся з беларусамі, якія жывуць там ужо больш за 20 гадоў. Іх дачка стала найлепшай вучаніцай мясцовай школы і цяпер працягвае вучобу ўжо ў іспанскім універсітэце.

Не ўзнікае пытанняў і з тым, каб здабыць звыклыя для беларусаў прадукты. У Кіта ёсць абшчына старавераў, якая вырабляе старое знаёмае: ад «гарошку» і «шубы» да сала і казінага малака.

Зрэшты, у Паўднёвую Амерыку беларусы адправіліся ў тым ліку ў пошуках каларыту і экзотыкі. Таму часцей яны аддаюць перавагу мясцовай кухні. І ўсім прыезджым рэкамендуюць пачынаць знаёмства з севічы — нацыянальнай стравы з морапрадуктамі.

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Фота з архіва суразмоўцаў

Па прызнанні Максіма, дадому пакуль моцна не цягне. Думкі пра радзіму ўсплываюць толькі ў кантэксце блізкіх людзей. Часта ў госці да Максіма і Наталлі прыязджаюць іх сябры, такія ж, як і яны, вандроўнікі.

У найбліжэйшых планах — наведаць Куэнку, культурную сталіцу. Горад знаходзіцца на вышыні каля 2500 м над узроўнем мора, а ягоны цэнтр насычаны мноствам гістарычных будынкаў каланіяльнай эпохі, якія занесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У Эквадоры дастаткова месцаў, каб працягваць адкрываць гэтую краіну зноў і зноў.

Чытайце таксама:

«Двойчы ўвайсці ў раку Ла-Плата майму пакаленню не дадзена». Беларуская перакладчыца прайшла аргенцінскімі сцежкамі старых успамінаў

«У рэстаранах тут неверагодна смачна». Праграміст расказаў, як з ЗША быў вымушаны пераехаць у Мексіку

«Дрэвы аказаліся больш трывалымі за дамы». Беларуская перакладчыца прайшлася па ўругвайскай сталіцы сцежкамі старых успамінаў

«Такіх эмоцый, што «ваў!» — іх шмат!» Падарожнік з Салігорска расказаў, як праехаў на скутары ўсю Лацінскую Амерыку

Клас
31
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
7