Ва ўсе часы народ больш любіў тыранаў – такіх, як Іван Жахлівы, чым цароў- вызваліцеляў і рэфарматараў. Піша Віталь Тарас.

У ноч на 20 студзеня 1990 года сталіцу Азербайджана Баку штурмам узялі савецкія танкі. Загінулі 134 жыхары горада і 20 салдат, каля сямісот чалавек былі паранены. Гэтаму папярэднічаў тыдзень армянскіх пагромаў у Баку, ахвярамі якіх сталі не менш за 60 чалавек.

Але пачатак трагічных падзей быў пакладзены яшчэ раней. У лютым 1988 г. у Сцяпанакерце, сталіцы Нагорнага Карабаха – аўтаномнай вобласці (НКАВ), населенай пераважна армянамі, якая ўваходзіла ў склад Азербайджанскай ССР, адбыўся мітынг. Яго ўдзельнікі патрабавалі ўз’яднання з Армянскай ССР. У азербайджанскім Сумгаіце адбыўся першы армянскі пагром, былі забітыя і закатаваныя некалькі дзясяткаў чалавек. Следам усчалася хваля этнічных пагромаў у Арменіі і Азербайджане. Увядзенне Масквой асобага кіравання НКАВ пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела ЦК КПСС Аркадзя Вольскага нічога не дало. На пачатку 90-га адбываліся гарматныя абстрэлы з абодвух бакоў азербайджана-армянскай мяжы. Пачаўся ўзброены канфлікт, вырашыць які не ўдаецца дагэтуль.

У тым жа 1990-м тры балтыйскія рэспублікі абвясцілі незалежнасць: Эстонія (2 лютага), Літоўская Рэспубліка (11 сакавіка), Латвія (4 траўня). А 27 ліпеня 1990 г., услед за іншымі савецкімі рэспублікамі, Дэкларацыю аб суверэнітэце прымае Беларуская ССР.

Стала канчаткова ясна, што Савецкі Саюз імкліва набліжаецца да свайго распаду. Заставалася толькі вынуць з савецкай імперскай сістэмы заіржаўлены матор. Гэта адбылося ў сакавіку таго ж 1990 – чарговы з’езд народных дэпутатаў скасаваў 6-ы артыкул Канстытуцыі СССР адносна кіруючай ролі КПСС.

Усяго за пяць гадоў з таго моманту, як Генеральным сакратаром ЦК гэтай партыі стаў Міхаіл Гарбачоў, адбыліся эпахальныя змены, роўныя якім цяжка знайсці ў сучаснай гісторыі.

У палітбюро ЦК КПСС

На пачатку 80-х быў папулярны анекдот: Алё, гэта палітбюро? – Так, палітбюро. – Я хачу ўладкавацца да вас на працу. – Вы што, хворы?! – Так-так! Вельмі хворы і ве-ельмі стары!

Пасля смерці трох састарэлых генсекаў [Брэжнеў, Андропаў, Чарненка], некалькіх сакратароў ЦК і міністра абароны [Дзмітры Усцінаў] сярэдні ўзрост членаў палітбюро ўсё яшчэ перавышаў нармальныя межы. Сімвалам савецкага маразму на той час была постаць 80-гадовага старшыні Савета міністраў СССР Мікалая Ціханава.

(На фоне ўсіх астатніх членаў тагачаснага палітбюро фантастычным выглядае лёс Гейдара Аліева, які ў маладосці працаваў у НКВД, з пасады кіраўніка кампартыі Азербайджана трапіў у намеснікі старшыні Савета міністраў, у 1987 годзе падаў у адстаўку, у 1993 стаў прэзідэнтам Азербайджана і пакінуў сваю пажыццёвую пасаду ў спадчыну сыну – Ільхаму. А Гарбачоў так і не навучыўся правільна вымаўляць назву гэтай рэспублікі, называе яе Арзебайджанам.)

Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на пост генсека ў 85-м былі першы сакратар Ленінградскага абкама 62-гадовы Рыгор Раманаў і сакратар ЦК, самы малады член палітбюро Міхаіл Гарбачоў, якому тады толькі споўніліся 54.

Вось парадокс: чалавек, які пусціў пад адхон камуністычную імперыю, узыйшоў на вяршыню ўлады дзякуючы партыйна-наменклатурнай савецкай сістэме.

Гарбачоў стаў генсекам не ў выніку нейкай ідэйнай барацьбы паміж «рэтраградамі» і «прагрэсістамі», але ў выніку звычайнай апаратнай інтрыгі, згодна з традыцыямі ЦК.

Палітбюро сабралася ў Крамлі 10 сакавіка, усяго праз дзве гадзіны пасля смерці Чарненкі. Гарбачоў фармальна прапанаваў узначаліць урадавую камісію па пахаванні генсека першаму сакратару маскоўскага гаркама Грышыну (традыцыйна той, хто ўзначальваў такую камісію, пераймаў потым і вышэйшую пасаду.) Але Грышын адмовіўся, разумеючы, што расклад сіл не на яго карысць.

Найбольш уплывовыя на той момант члены палітбюро, брэжнеўскія кадры – кіраўнік кампартыі Казахстана Кунаеў і кампартыі Украіны Шчарбіцкі не паспелі прыехаць на пленум ЦК 11 сакавіка (Шчарбіцкі быў у паездцы ў ЗША). Раманаў адпачываў у Паланзе. Яму паведамілі пра рашэнне палітбюро толькі позна ўвечары 10-га...

Напярэдадні пленума яно сабралася яшчэ раз – у пашыраным складзе. Былі запрошаны кандыдаты ў члены палітбюро і сакратары ЦК, у іх ліку – Ягор Лігачоў, які ў той час актыўна падтрымліваў Гарбачова. Былы памочнік Лігачова Легастаеў пазней успамінаў, як яго шэф узрадаваўся, што да Гарбачова прыйшоў першы сакратар Свярдлоўскага абкама Ельцын і паабяцаў, калі раптам на пленуме ўзнікнуць іншыя прэтэндэнты, вылучыць і адстойваць яго кандыдатуру.

Пасяджэнне палітбюро вёў Раманаў. Першымі выступілі Грамыка, Грышын, Ціханаў, і ўсе трое назвалі прозвішча Гарбачова. Грамыка выступіў і на пленуме. Міністр замежных спраў дыпламатычна не казаў пра яго дзейнасць на пасадзе сакратара ЦК па сельскай гаспадарцы, гаварыў толькі пра высокія арганізацыйныя і маральныя якасці будучага генсека.

Чужы

Чвэрць стагоддзя таму вельмі многія, у іх ліку быў і я, звязвалі з прыходам адносна маладога генсека нейкія цьмяныя надзеі на перамены да лепшага. Але ж ацаніць маштаб тых перамен тады, напэўна, не мог ніхто, улучна з Гарбачовым.

Цікава, аднак, што партыйнае і савецкае начальства хоць і звыкла прагнулася пад новага «цара» (бо на гэтым будавалася сістэма), яно яго адразу незалюбіла. Відаць, інстынктыўна адчула ў ім чужога. І гэта тычылася не толькі начальства. Я ў той час працаваў на БТ у рэдакцыі інфармацыі і памятаю, з якой злой іроніяй, нават грэблівасцю адгукаліся «глаўнюкі» і старэйшыя калегі пра Гарбачова з першых дзён яго кіравання. Расейскае вызначэнне «человек семи пятен во лбу» было, бадай, самым мяккім з іх водгукаў.

Многіх раздражняла манера генсека выступаць без паперкі, адыходзіць ад падрыхтаванага тэксту, гаварыць доўга і безупынна, пры чым гаварыць толькі самому, такаваць як глушэц, нікога не слухаючы, перабіваючы іншых на паўслове. Але асаблівую нянавісць выклікала чамусьці жонка Гарбачова Раіса Максімаўна. Мабыць, не столькі яе асоба ці манеры, колькі сам факт, што муж браў яе з сабой паўсюль – і не толькі за мяжу, але і ў паездкі па краіне.

Тое, што ва ўсім свеце ўспрымалася як норма цывілізаваных паводзінаў, у Савецкім Саюзе лічылася ледзь не абразаю годнасці.

Як жа з генсекам размаўляць пра важныя справы – не на паляванні, не ў лазні, але ў прысутнасці яго жонкі? Ды хто яна такая?!

Не толькі начальства, але і просты люд не любіў Раісу Максімаўну. Не маглі дараваць ёй дарагіх сукенак? Ёй прыпісвалі ініцыятыву ўвядзення «сухога закону». Між тым, жонка генсека называла «найвялікшым глупствам» забараняць чалавеку выпіць бутэльку віна...

Дачасная смерць Раісы Гарбачовай ад лейкозу (раку крыві) у 1999 г. крыху змякчыла азлобленасць да мужа і жонкі. Многія ўбачылі, якой цяжкім ударам стаў сыход гэтай жанчыны для Гарбачова, які ўсё жыццё яе кахаў. Ён пражыў з сваёй першай і адзінай жонкай 46 гадоў. Сёння ў Беларусі гэта, вядома, выглядае анахранізмам.

Але Гарбачову не даравалі нічога.

Трэба прызнаць, ён рабіў шмат памылак на кожным кроку. Пачынаючы ад ідыёцкай антыалкагольнай кампаніі, ад маўчання ў першыя дні Чарнобыля,

калі ў Мінску і Кіеве адбыліся першамайскія дэманстрацыі пад радыеактыўным дажджом, ад барацьбы з Ельцыным, ад спробаў вырашыць праблемы сілай у Літве, Малдове, Азербайджане, да ад’езду ў Фарос у пярэдадзень путчу.

Не толькі партнаменклатура ды ідэйныя ворагі, але і ліберальная інтэлігенцыя, якая адчувала да яго сімпатыю, не аднойчы адчувала моцныя расчараванні і крыўду.

Усяго праз некалькі месяцаў пасля прарыўных дэбатаў на З'ездзе народных дэпутатаў у Маскве ён прыязджае ў Мінск, дзе выступае на сходзе партгасактыва ў АН БССР. Тое, як рыхтаваўся і праводзіўся той актыў, нагадвала самыя застойныя час. У выступе Гарбачова, іншых аратараў (сярод іх будучыя аўтары сумнапамятнага «Политического собеседника») даваўся адлуп «ідэалагічным правакацыям» і варожым спробам «скажэння сацыялізму». Ці не тады ўпершыню прагучала славутая гарбачоўская фраза: «Нам тут падкідваюць!»

Скажы мне, хто твой сябра...

Напярэдадні Дня Перамогі Гарбачоў выступае з дакладам, у якім даецца станоўчая ацэнка Сталіну як военачальніку. Словы «паскарэнне», як потым і «перабудова» ды «галоснасць» успрымаюцца напачатку не больш, чым палітычная траскатня.

Але Гарбачоў сапраўды быў апантаны ідэяй вяртання да ленінскага разумення сацыялізму, да яго ачышчэння. У гэтым яго падтрымлівалі колішнія шасцідзясятнікі. Ён і сам, па сутнасці, быў шасцідзясятнікам. На Гарбачова ў маладосці моцна паўплывала сяброўства з аднакурснікам на юрыдычным факультэце МДУ Здэнекам Млынаржам, які стаў адным з ініцыятараў Пражскай вясны ў 1968-м. У кнізе «Міхаіл Гарбачоў – Здэнек Млынарж. «Дыялог пра перабудову, «Пражскую вясну» і сацыялізм» (упершыню яна выйшла ў Нью-Ёрку ў 2002 годзе) Гарбачоў прызнаецца: «да адмаўлення ўяўлення, што савецкая сістэма тоесная сацыялізму, што яна ўвасабляе яго перавагі, я прыйшоў толькі пасля 1983 года, дый то не адразу. Спачатку я зрабіў яшчэ адну спробу рэфармаваць сістэму, робячы стаўку на спалучэнне сацыялізму з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй праз перавагі, якія, як мы лічылі, уласцівыя планавай эканоміцы, з выкарыстаннем канцэнтрацыі ўлады і г.д. – такі быў пачатковы план. Практыка не пацвердзіла нашы разлікі».

Вядомы выраз: скажы мне, хто твой сябра – і я скажу табе, хто ты. Да Гарбачова-генсека і прэзідэнта гэты выраз, аднак, не надта пасуе. У яго, як і ў кожнага палітыка такога рангу, па-сутнасці, не было сяброў. А што тычыцца каманды – такое ўражанне, што ў яго іх было адразу некалькі. У адной – цвёрдалобы бальшавік Лігачоў, плаксівы прэм’ер Рыжкоў, невыразны Болдзін, падступны Лук’янаў, абмежаваны Кручкоў, у другой – хітрамудры візір Шэварднадзе, эрудзіраваны начотчык Вадзім Мядзведзеў, інтэлігентны Якаўлеў, у трэцяй – плойма эканамістаў і дарадцаў: Аганбегян, Шаталін, Шахназараў, Чарняеў.

Нікога, акрамя Гарбачова, так не зненавідзелі, як сакратара ЦК па ідэалогіі Аляксандра Якаўлева.

Асабліва, як ні дзіўна, у асяродку савецкіх пісьменнікаў, мастакоў, кінематаграфістаў. Хаця, чаго тут здзіўляцца – з яго ініцыятывы друкуюцца масавым накладам забароненыя датуль «Жыццё і лёс» Гросмана, «Рэквіем» Ахматавай, «Доктар Жывага» Пастэрнака. З жывых аўтараў пачынаюць друкаваць Анатоля Рыбакова – «Дзеці Арбата» (крыху пазней выйдзе яго «35-ты і іншыя гады»), кнігі эмігрантаў, у тым ліку, адыёзнага Салжаніцына. Вышэйшую (ленінскую) прэмію атрымлівае «Знак бяды» Быкава.

Вяртаюцца з паліц «спецхрана» фільмы «Праверкі на дарогах», «Камісар», выходзіць фільм Клімава «Ідзі і глядзі» паводле аповесці Адамовіча.

На фоне вяртання сапраўдных твораў літаратуры і мастацтва становіцца бачнай цана творчасці афіцыйных савецкіх класікаў.

Але асабліва ненавідзелі Якаўлева за адноўлены працэс рэабілітацыі ахвяраў сталінізму і за вяртанне праўды аб вайне (у якой ён удзельнічаў і быў цяжка паранены).

І ўсё ж, нічога таго не было б без Гарбачова. Вядома, ён быў непаслядоўны. У лістападзе 86-га патэлефанаваў у Горкі акадэміку Сахараву, дзе той адбываў ссылку, і проста сказаў: «вяртайцеся ў Маскву». А потым ён жа не даваў выступаць Сахараву на з’ездзе народных дэпутатаў, па-хамску зганяў яго з трыбуны. Бо не хацеў, як і большасць дэпутатаў, слухаць праўду пра вайну ў Афганістане.

Ад Эхнатона да прэзідэнта СССР

Вывад войск з Афганістана, краін Усходняй Еўропы, аб’яднанне Германіі, падпісанне дамовы з ЗША пра Абмежаванне стратэгічных узбраенняў-2 (яно і дагэтуль фармальна дзейнічае, хоць тэрмін яго скончыўся) – усё гэта безумоўная гістарычная заслуга Гарбачова. Не толькі захаванне соцень тысяч, магчыма, нават мільёнаў жыццяў, але пазбаўленне чалавецтва пагрозы ядзернай вайны, ці хоць бы значнае яе змяншэнне. Але гэта – для Захаду.

У Расеі, іншых былых савецкіх рэспубліках ён – увасабленне «найвялікшай геапалітычнай катастрофы ХХ стагоддзя».

Мільёны былых савецкіх людзей, дый шмат хто з маладых расейцаў сёння не хаваюць, што аддалі б перавагу жыццю пад сталінскім ботам, у «Верхняй Вольце з ракетамі», вызваленню з рабства.

Нічога новага ў гэтым няма. З часоў егіпецкага фараона Эхнатона, які амаль тры з паловай тысячы гадоў таму спрабаваў правесці рэлігійную рэформу (фактычна, гэта была першая ў гісторыі спроба перайсці да монатэістычнай рэлігіі), шырокія народныя масы не разумелі ды пракліналі рэфарматараў. Егіпецкія жрацы потым забаранілі нават згадваць Эхнатона. (Але ад яго эпохі засталіся шэдэўры мастацтва – напрыклад, выявы царыцы Неферціці.)

Ва ўсе часы народ больш любіў тыранаў – такіх, як Іван Жахлівы, чым цароў- вызваліцеляў і рэфарматараў. А калі ні тых, ні іншых няма, а жыццё ніякае, застаецца толькі настальгія аб моцнай руцэ, аб Сталіну.

Заходняя дэмакратыя ўнесла, канечне, пэўныя карэктывы. Але ж за дэмакратыю трэба пастаянна змагацца, у той час, як дыктатура гарантуе стабільнасць і яснасць, прымат жывёльнага інтарэсу над духоўным, адсутнасць патрэбы разважаць і рабіць выбар.

Але ці шмат залежыць ад чалавека? Самае цяжкае, калі пішаш пра Гарбачова – гэта падзяліць тое, што было прадвызначана гісторыяй ад таго, што зыходзіла непасрэдна ад яго самога, ягонай асобы. Гарбачоў не выглядае вялікім палітыкам, выдатным мысліцелем ці паспяховым рэфарматарам. Але, магчыма, у гэтым уся справа? Яму не даруюць самых дробных агрэхаў, бо ён быў і ёсць усяго толькі чалавекам, адрозна ад «вялікіх», якім даруюць мільёны ахвяраў толькі за тое, што яны былі выдатнымі дзяржаўнымі дзеячамі, меднымі вершнікамі, для якіх жыццё іншых людзей – нішто.

У Гарбачове, пры ўсёй супярэчлівасці і зменлівасці ягонай натуры, дамінуюць чалавечыя рысы – ён не быў наменклатурным робатам. Гэтыя рысы былі яўлены свету гарбачоўскай эпохай. Якая, на жаль, так і не стала эрай міласэрнасці.

Але за спробу – рэспект.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?