Анжаліка Калатазішвілі. Фота: сацыяльныя сеткі

Анжаліка Калатазішвілі. Фота: сацыяльныя сеткі

«Змагаюся за жыццё, пакуль няма чым пахваліцца. Папала на гемадыяліз. 10 дзён комы. Не ведаю, ці ачуняю. Перажываю за сваіх катоў і сабак», — напісала Анжаліка Калатазішвілі за месяц да смерці.

А потым перастала апавядаць пра сябе ў сацыяльных сетках, а сёння стала вядома, што яна памерла 23 лютага. Ёй было 53 гады.

Анжаліка Калатазішвілі са Слаўгарада. З 27 гадоў працоўнага стажу трынаццаць яна адрабіла ў мясцінах, забруджаных з-за Чарнобыльскай катастрофы радыяцыяй. Гэта адбілася на здароўі. Праявіліся праблемы з шчытавіцай, пачалі разбурацца косткі.

Анжаліка казала, што ў 2011 годзе лекары дыягнаставалі ў яе рак: саркому маткі, якую выдалілі разам з яечнікамі.

Пасля аперацыі гісталагічны аналіз паказаў, што анкалогіі ў пацыенткі не было. Дадатковае абследаванне пацвердзіла захворванне шчытападобнай залозы, з-за якога ў касцях не трымаўся кальцый.

Анжаліка дамагалася пакарання вінаватых. Пісала ў пракуратуру і ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Адусюль прыходзілі адпіскі.

Жанчына спадзявалася, што яе змаганне зменіць падыходы ў дыягнаставанні хваробаў і людзям не давядзецца прайсці тое, што яна.

У 2013 годзе пасля чатырох аперацый Анжаліцы далі інваліднасць першай групы. Выдалі вазок. За тры гады лячэння ў яе атрафіраваліся цягліцы. Але жанчына здолела паставіць сябе на ногі. Самастойна выходзіла на вуліцу, праўда, трымаючыся за вазок.

Па яе словах, калі з'явілася без яго на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію, то чыноўнікаў гэта шакавала. Яны не спадзяваліся, што жанчына наогул выжыве. 

Анжаліка Калатазішвілі ля магілёўскай турмы галадае, каб далі спатканне са зняволеным мужам. Фота: svaboda.org

Анжаліка Калатазішвілі ля магілёўскай турмы галадае, каб далі спатканне са зняволеным мужам. Фота: svaboda.org

У 2014 годзе Анжаліка выйшла замуж за грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі, з якім пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы. У 2018-м яго затрымалі па абвінавачанні ў распаўсюдзе наркатычных рэчываў.

Калі ён быў пад следствам, Анжаліцы не давалі спаткання з ім. Тады яна абвясціла галадоўку. Трывала яе пад магілёўскай турмой. Гэта падзейнічала.

Кахабера Калатазішвілі асудзілі на два гады і дэпартавалі на радзіму. Анжаліка дамагалася, каб яму дазволілі вярнуцца, але марна. Пазней яна даведалася, што ён жыве з іншай жанчынай.

Анжаліка лічыла, што мужа зняволілі з-за яе ўпартасці ў абароне сваіх правоў.

Яна сама трапіла пад пераслед за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы».

Апошнія гады Анжаліка прысвяціла клопату аб бадзяжных жывёлах. У яе дома пастаянна перабывалі каты і сабакі. Некаторых яна сабе знаходзіла на вуліцах, а іншых падкідвалі.

Сваю невялікую пенсію жанчына траціла на гадаванцаў. Звярталася да людзей аб дапамозе ў набыванні корму для іх. 

Яшчэ яна шыла лялек.

Пахавалі Анжаліку Калатазішвілі ў яе родным Слаўгарадзе, вуліцамі якога яна любіла прагульвацца. Часта прыходзіла на мясцовае замчышча, каб паглядзець на Сож і яго наваколле.

Глядзіце таксама:

«Боль ніколі не знікае». Кацярына Ваданосава — пра жыццё пасля раку і змены, якія цяжка прыняць

Лукашэнка сцвярджаў, што кавід можа быць «лекам» ад анкалогіі. А што пра ўплыў кавіду на рак пішуць у свеце?

Мігрантка з Эфіопіі цяжарнай ляцела ў Еўрасаюз, а нарадзіла ў Магілёве

93-гадовы ветэран: Які парад, навошта?! Хіба Лукашэнку карціць паказацца ў маршальскім мундзіры

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
115
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?