Ілюстрацыйнае фота, monito.com

Ілюстрацыйнае фота, monito.com

Горш за ўсё сітуацыя ў Ніжнесілезскім ваяводстве. Па даных на 2022 год, тут дазволу на часовае знаходжанне (pobyt czasowy) чакалі ў сярэднім 544 дні, а на пастаяннае жыхарства (pobyt stały) — 267 дзён. Аляксандр чакае часовага ДНЖ ужо два гады. Як так выйшла, ён расказаў Mostmedia.io.

Аляксандр пераехаў у Польшчу ў канцы сакавіка 2021 года па візе PBH. Для жыцця мужчына абраў Уроцлаў. Там жа 14 сакавіка 2022 года ён падаў дакументы на ДНЖ. Беларус ведаў, што Уроцлаў славіцца працяглымі тэрмінамі разгляду спраў, але не думаў, што ў яго выпадку працэс настолькі зацягнецца.

Малады чалавек прызнае, што падаў дакументы ў складаны момант: у сакавіку 2022 года ў Польшчу пайшоў паток бежанцаў з Украіны і ўпраўленне па справах замежнікаў было перагружана.

Праз восем месяцаў вырашыў памяняць мэту

Першапачаткова Аляксандр падаў дакументы на Blue Card — дазвол на часовае знаходжанне для працы па прафесіі, якая патрабуе высокай кваліфікацыі. Але ў лістападзе 2022 года ён змяніў працу і адкрыў ІП. І тады ж прыйшоў у канцылярыю адміністрацыі (ужонда), каб унесці змены ў заяву — пазначыць дзейнасць ІП падставай для атрымання ДНЖ. А заадно вырашыў удакладніць, у якія тэрміны разгледзяць яго справу.

Супрацоўнік даў беларусу дакумент для запаўнення і паведаміў, што хутка з ім звяжацца інспектар, які вядзе справу, і дасць усю неабходную інфармацыю. У канцы месяца Аляксандр адправіў ва ўжонд запоўнены дакумент, але інспектар так і не выйшаў з ім на сувязь.

— Толькі ў канцы студзеня 2023 года мне прыйшоў ліст ад 9 снежня 2022 года. З яго я даведаўся, што дакумент, адпраўлены яшчэ ў канцы лістапада 2022 года, не быў прыняты, — распавядае Аляксандр.

Ён зноў адправіўся ў канцылярыю, і там яму выдалі яшчэ адзін дакумент на змену мэты ДНЖ, але ўжо іншага тыпу. Аляксандр запоўніў яго і адправіў у лютым 2023 года. А паралельна спрабаваў звязацца са сваім інспектарам, які не выходзіў на сувязь.

— Я атрымліваў толькі афіцыйныя адказы, маўляў, інспектар паведаміць мне, калі нешта спатрэбіцца. Але пры гэтым я ўсё яшчэ нічога не ведаў пра статус маёй заявы і дату разгляду справы.

«Ужо год чакаю, паўтара чакаю — зусім хутка гэта скончыцца»

Аляксандр ведаў пра выпадкі, калі эмігранты з'язджалі з Уроцлава ў іншыя гарады, напрыклад у Варшаву ці ў Беласток, каб падаць дакументы на ДНЖ там. У гэтых гарадах заявы разглядаюць хутчэй. Ён таксама задумваўся аб пераездзе, але вырашыў гэтага не рабіць. А фіктыўную рэгістрацыю (meldunek) у іншым горадзе малады чалавек палічыў ненадзейнай задумай.

— Я ўвесь час думаў: ужо год чакаю, паўтара чакаю — вось зусім хутка гэта дакладна скончыцца. Цяпер я, вядома, разумею, што, хутчэй за ўсё, прыняў няправільнае рашэнне. Затое атрымаў добры досвед, — кажа Аляксандр.

Да кастрычніка 2023 года зрухаў у справе аб ДНЖ па-ранейшаму не было — і Аляксандр стаў пісаць скаргі ў МУС, Упраўленне па справах замежнікаў, кантрольную палату Польшчы і ў офіс амбудсмена па грамадзянскіх правах. Менавіта зварот да амбудсмена Аляксандр лічыць эфектыўным — пасля гэтага справа зрушылася з мёртвага пункту, хоць перш прыходзілі «стандартныя адпіскі».

— Мабыць, бо яго (амбудсмэна) абавязвае ўтрымліваць Еўразвяз, ці ж спрацаваў назапашвальны эфект, — разважае Аляксандр. — Чуў, што шмат у чым гэта можа залежаць ад інспектара: сярод іх ёсць і крыўдлівыя людзі. Тым не менш я раю не баяцца, не чакаць і адразу падаваць у суд — ён абавязвае разгледзець справу цягам двух-трох месяцаў. Але падача пазову і чаканне зойме нямала часу. Наколькі мне вядома, можа даходзіць і да паўгода.

«Штомесяц плачу тысячу даляраў падаткаў»

21 лютага 2024 года Аляксандр нарэшце атрымаў станоўчае рашэнне і цяпер чакае пластыкавую карту ДНЖ. Свой шлях беларус называе «халодным душам», пасля якога ў яго знікла жаданне заставацца жыць ва Уроцлаве.

— Пры пераездзе ў Польшчу я ўважаў сябе за найлепшага эмігранта для гэтай краіны — маладога, законапаслухмянага, маю запатрабаваную прафесію, з якой штомесяц плачу тысячу даляраў падаткаў, гатовы вучыць мову і інтэгравацца. Адзінае, чаго я хацеў, — гэта атрымаць ВНЖ, груба кажучы, сам дазвол на інтэграцыю.

У польскай прававой сістэме Аляксандр расчараваўся. Але нягледзячы на складаны і працяглы шлях, лічыць, што яму адносна пашанцавала. Малады чалавек сустракаў людзей, якім давялося чакаць дакументы ва Уроцлаве тры гады.

У іншых гарадах час чакання быў меншы. Усе кракаўскія калегі Аляксандра атрымлівалі ВНЖ на падставе ІП за 2-4 месяцы.

«Падчас пошуку працы даводзілася перабольшваць сітуацыю»

Пакуль Аляксандр чакаў ДНЖ, яго знаходжанне ў Польшчы было легальным, а вось пакідаць краіну малады чалавек не мог. Былі і іншыя мінусы:

— Пры жаданні ўзяць крэдыт мяне чакала адмова або горшы працэнт. А падчас пошуку працы даводзілася перабольшваць сваю сітуацыю рекруцёрам. Усе пыталіся пра наяўнасць ДНЖ, і фармулёўка «чакаю два гады» іх, вядома, палохала. Таму даводзілася казаць, што ён у мяне ёсць. Звычайна яго ніхто не правярае. Акрамя таго, абмежаванні мяне чакалі і на анлайн-сэрвісах, напрыклад у Revolut — там патрабавалася пацвярджэнне майго легальнага знаходжання ў краіне.

Як толькі Аляксандр атрымае карту, плануе шмат падарожнічаць і нават пажыць у розных краінах.

— Уроцлаў сам па сабе прыгожы, кампактны, зручны і цёплы горад, але ў ім я не планую заставацца жыць, — прызнаецца Аляксандр.

Чытайце таксама:

Праблемы Маргарыты Ляўчук ва Украіне пачалі вырашацца

Беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі за мяжой чыноўнікі пагражаюць штрафамі. Ці варта баяцца?

Вызваленне з турмы ў Славеніі, шлюбы ў Швецыі, падтрымка ў Ізраілі. Як народныя амбасады дапамагаюць беларусам

Клас
12
Панылы сорам
15
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
14
Абуральна
20