Фота: Taylor Weidman/LightRocket via Getty Images

Фота: Taylor Weidman/LightRocket via Getty Images

Суровыя ўмовы ў Манголіі называюць дзуд. Ён надыходзіць, калі летняя засуха змяняецца моцнымі снегападамі і экстрэмальнымі маразамі. Тэмпература паветра можа апускацца да -30°C або і ніжэй, піша CNN.

Высокае снежнае покрыва і тоўсты пласт лёду пакрываюць пашы, пазбаўляючы жывёлу доступу да ежы.

У Манголіі каля 300 тысяч чалавек займаюцца традыцыйнай качавой жывёлагадоўляй: іх дзейнасць залежыць ад буйной рагатай жывёлы, коз і коней. Сем'і жывёлагадоўцаў вандруюць па шырокіх лугах краіны, каб знайсці новыя пашы для выпасу жывёлы. У летнія месяцы яны вырошчваюць корм для жывёл на зіму.

Дзуды здараюцца ў Манголіі ўсё часцей, таму пашы не паспяваюць аднавіцца ў перапынках паміж экстрэмальнымі ўмовамі надвор'я, а пастухі — зрабіць патрэбныя запасы.

«Людзі, якія цалкам залежаць ад сваёй жывёлы, усяго за некалькі месяцаў сталі жабракамі. Некаторыя з іх цяпер не могуць пракарміць сябе або абагрэць свае дамы», — кажа Аляксандр Матэу, рэгіянальны дырэктар МКЧК у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Па дадзеных МКЧК, з лістапада 2023 года прынамсі 2250 сем'яў жывёлагадоўцаў страцілі больш за 70% сваёй жывёлы. Больш за 7000 сем'яў не маюць дастатковага доступу да пракорму.

Дзуд пабіў тры чвэрці тэрыторыі краіны, але чакаецца, што ўмовы пагоршацца.

«Цяпер вясна, але зіма ў Манголіі зацягваецца, на зямлі ўсё яшчэ ляжыць снег, а быдла ўсё яшчэ гіне», — адзначае Матэу.

У мінулым месяцы мангольскі ўрад абвясціў стан павышанай гатоўнасці, якое працягнецца да 15 мая.

«Нават высокага ўзроўню гатоўнасці, які быў у Манголіі ў гэтым годзе і ў папярэднія гады, недастаткова, каб справіцца з экстрэмальнымі ўмовамі. Мы зрабілі вялікую падрыхтоўку, і маштабы ўсё яшчэ заспелі нас знянацку», — тлумачыць рэгіянальны дырэктар МКЧК.

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, цяперашні ўзровень снежнага покрыва быў самым высокім за 49 гадоў і ахапіў 90% тэрыторыі краіны.

«Гэтыя дзуды цыклічныя, і яны здараюцца ўсё часцей. Іх было ўжо шэсць за апошнія 10 гадоў. Гэты, безумоўна, найгоршы», — сказаў Матэу.

Дадзеныя праграмы развіцця ААН (ПРААН) сведчаць, Манголія з'яўляецца адной з краін, найбольш пацярпелых ад кліматычнага крызісу. Сярэдняя тэмпература паветра там за апошнія 70 гадоў вырасла на 2,1°C.

Чытайце таксама:

Чаго хочуць еўрапейскія фермеры?

У беларускага фермера за даўгі па аліментах арыштавалі статак авечак

Чалавек засольвае планету. Навукоўцы патрабуюць, каб некаторыя меры былі прынятыя проста зараз

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
7
Сумна
38
Абуральна
5