19 студзеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску (пр. Незалежнасці, 47) адкрылася выстава жывапісу і графікі Аляксандра Ісачова, прысвечаная 55‑годдзю з дня нараджэння мастака.

 Аляксандр Ісачоў, аўтапартрэт.

Аляксандр Ісачоў, аўтапартрэт.

У экспазіцыі — 48 твораў са збору мінскага калекцыянера і мастака Алега Арлова.

Удава мастака Наталля Ісачова мяркуе, што сваёй творчасцю аўтар дазваляе быць бліжэй да Бога і глыбей разумець свет. Паводле яе слоў, адначасова творы Ісачова выстаўлены і ў Галерэі народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі.

Дырэктар музея Наталля Шаранговіч адзначыла, што экспазіцыя дазваляе ўбачыць «вельмі чысты, цікавы і яскравы талент мастака».

Тэлежурналіст Аляксандр Дамарацкі назваў адкрыццё выставы вялікім святам і вялікай падзеяй у культурным жыцці краіны.

Паводле яго слоў, Ісачоў — «сапраўдны мастак, таленавіты і незвычайны чалавек, у якім гарэла Божая іскра, бо яго карціны закранаюць, прымушаюць думаць, вяртацца да палотнаў, гартаць альбомы з рэпрадукцыямі яго твораў, а таксама больш даведацца аб жыцці і характары, звычках і ўдачах аўтара».

Як адзначыў Арлоў, выстава з’яўляецца «яшчэ адным доказам таго, што цуд на зямлі існуе». Паводле яго слоў,

творчасць Ісачова напоўнена магіяй бясконцасці, цішыні і дзіцячага ўспрымання свету.

«Работы Ісачова адрозніваюцца ад сучаснага алейнага жывапісу класічнай тэхнікай Леанарда да Вінчы, заснаванай на падмалёўцы, прапісцы і лесіроўцы — шматслойным накладванні чыстых фарбаў з доўгім, да двух месяцаў, прасушваннем кожнага слоя. Вось чаму такія карціну жывуць стагоддзі, а работы сучасных жывапісцаў, напісаныя на пінене і шкіпінары фарбамі, змяшанымі на палітры, — праз 10 гадоў дэградуюць у колеры», — сказаў Арлоў. Ён лічыць, што унікальная канцэпцыя мастацтва Ісачова, заснаваная на даступнасці, прыгажосці і інфарматыўнасці, зрабіла творчасць мастака »такой прыцягальнай і папулярнай».

Выстава працуе да 14 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?