54-гадовы капітан Бундэсвера на судзе (з замазаным тварам). Фота: Oliver Berg / dpa
54-гадовы капітан Бундэсвера (Узброеных сілаў Германіі), які адказваў за сістэмы радыёэлектроннай барацьбы Германіі, прызнаўся ў судзе, што добраахвотна шпіёніў на карысць Расіі і перадаваў ёй адчувальную вайсковую інфармацыю, піша нямецкае выданне Der Spiegel.
Па словах афіцэра, «страх перад ядзернай вайной і прагляд тыктоку партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (чальцом якой капітан афіцыйна стаў у 2023 годзе) заахвоцілі яго звярнуцца ў расійскае консульства і шукаць кантакты з расійскімі спецслужбамі.
Мужчына, паводле яго слоў, «спадзяваўся, што ў выпадку пачатку ядзернай вайны Расія загадзя папярэдзіць яго пра месцы нанясення расійскіх ядзерных удараў па Германіі, што дазволіць яму разам з сям'ёй паспець схавацца ў бяспечным месцы», перадае Der Spiegel.
Афіцэр адзначыў, што вельмі шкадуе пра тое, што здарылася, і лічыць свае дзеянні памылковымі, «бо ягоны псіхічны стан быў вельмі дрэнным».
Мужчыну за шпіянаж на карысць Расіі пагражае вельмі сур'ёзны тэрмін, дадае выданне.
Нагадаем, што ў Германіі цяпер таксама судзяць двух змоўцаў, якія хацелі зладзіць у краіне дзяржпераварот з намерам «адрадзіць Германскую імперыю ўзору 1871 года».
Чытайце таксама:
У Германіі збілі знакамітага майстра даносаў
Кадэбэшнікі спрабуюць вербаваць беларусаў-эмігрантаў праз іх бацькоў — што вядома?