Нафтаперапрацоўчыя заводы могуць спыніцца, калі пастаўкі нафты не адновяцца ў ранейшым аб'ёме.

«Пампавання сыравіны ў кірунку Мазыра 24 студзеня не было, а пастаўка на Наваполацкі НПЗ за суткі склала ўсяго 6 тысяч тон», — паведаміла Reuters 25 студзеня крыніца ў гэтай сферы. Калі прапампоўка сыравіны ў бліжэйшы час не адновіцца ў поўным аб'ёме, прадпрыемствы будуць вымушаныя перавесці ўстаноўкі на рэжым рэцыркуляцыі.

Пампаванне расейскай нафты ў напрамку беларускіх НПЗ за першыя 24 дні студзеня 2010 года склала каля 592 тысяч тон, у той час як меліся пусціць больш чым у 2 разы вялікшы аб'ём.

25 студзеня беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам краіны Уладзімірам Сямашкам прыбыла ў Маскву для абмеркавання ўмоў паставак нафты ў 2010 годзе. Першы дзень перамоваў не прынёс значных вынікаў.

Затое 25 студзеня таксама прайшла інфармацыя аб тым, што Расея гатовая даць Беларусі крэдыт для аплаты расейскай нафты ў 2010 годзе. «Расія гатовая даць Беларусі крэдыт на суму, эквівалентную аб'ёму вывазных мытаў, якія будуць выкарыстоўвацца для дадаткова ўзгодненых закупак нафты», — заявіла ПРАЙМ-ТАСС крыніца, блізкая да перамоваў бакоў па ўмовах паставак нафты.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы перапрацоўваюць штогод больш за 21 млн. тон нафты. Адзіным пастаўшчыком нафты ў Беларусь па-ранейшаму застаецца Расія.
Да 2007 года Беларусь не плаціла Расеі мыту за перапрацоўваемую нафту. З 2007 года, згодна з падпісаным пагадненнем, Беларусь стала плаціць траціну ад узроўню экспартнага мыта, устаноўленага Расіяй.

У 2010 годзе Беларусі пакуль не ўдалося дамовіцца аб ільготных умовах набыцця расейскай нафты, таму наша краіна цяпер закупляла яе, выбіраючы бязмытную квоту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?