Генеральная пракуратура Тайланда зняла абвінавачанні з экіпажа самалёта Іл‑76, затрыманага ў снежні ў Бангкоку з нелегальным грузам зброі на борце.

Генеральная пракуратура Тайланда зняла абвінавачанні з экіпажа самалёта Іл‑76, затрыманага ў снежні ў Бангкоку з нелегальным грузам зброі на борце.

Як паведамляе Асашыэйтэд Прэс са спасылкай на прэс‑сакратара Генпракуратуры Тайланда Тханапіча Мулапрука, пяць лётчыкаў — адзін грамадзянін Беларусі і чатыры грамадзяніны Казахстана — будуць дэпартаваны на радзіму, дзе, магчыма, паўстануць перад судом. «Суд тут не пойдзе на карысць Тайланду, таму мы вырашылі закрыць справу», — сказаў Мулапрук. Пры гэтым самалёт і груз, знойдзены пры надглядзе, застануцца ў Тайландзе пад арыштам.

Пакуль няясна, калі лётчыкі будуць дэпартаваны. Паводле інфармацыі СМІ, хутчэй за ўсё, пастанова аб вызваленні будзе выдадзена сёння, а ўжо заўтра члены экіпажа пакінуць Тайланд.

Як паведамляе МЗС Беларусі, зараз беларускі консул знаходзіцца ў Бангкоку. «Ён ужо сустракаўся з нашым грамадзянінам. Яму аказваецца прадугледжаная ў такіх выпадках консульская дапамога. Вядзецца праца з тайскімі ўладамі па арганізацыі выезду беларускага грамадзяніна з краіны», — зазначае прэс‑служба МЗС.

***

Іл‑76, зарэгістраваны ў Грузіі, быў затрыманы тайландскімі ўладамі 11 снежня 2009 года паводле падазрэння ў перавозцы ўзбраенняў з Паўночнай Карэі.

У складзе экіпажа — чатыры грамадзяніны Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў. Ім былі выстаўлены абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі і паведамленні заведама падманных звестак пра характар грузу ўладам Тайланда. Лётчыкі поўнасцю адмаўляюць сваю віну, сцвярджаючы, што не ведалі аб знаходжанні на борце зброі.

2 лютага міністр замежных спраў краіны Касіта Пірома паведаміў, што Кабінет міністраў прапанаваў пракуратуры вызваліць экіпаж, бо «рэзалюцыя ААН не накладае абавязак на Тайланд выносіць абвінавачанні ў дачыненні да пілотаў і каманды». Пры гэтым Пірома падкрэсліў, што Кабінет міністраў не можа прымусіць пракуратуру прыняць якое‑небудзь рашэнне. Але ўрад Тайланда прасіў уважліва паставіцца да гэтай справы, таму што яна «даволі складаная і можа закрануць нацыянальную бяспеку і адносіны паміж краінамі».

29 студзеня пракуратура Тайланда адклала вынясенне рашэння аб лёсе экіпажа да 11 лютага з‑за вялікай колькасці дакументаў, якія маюць дачыненне да гэтай справы і якія трэба было вывучыць. Бок абвінавачання таксама папрасіў суд прадоўжыць тэрмін утрымання пілотаў у бангкокскай турме на наступныя 12 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?