Амаль уся Еўропа адкрыла паветраную прастору. Гэта, аднак, не значыць, што ўсе самалёты адразу пачнуць выконваць рэйсы, а пасажыры вернуцца дадому. Патрэбны яшчэ некалькі дзён, можа, нават тыдзень.

Напрыклад, рэйс «Люфтганзы» з Франкфурта ў Менск сёння яшчэ не адбыўся.

На цяперашні момант рашэнне адкрыць паветраную прастору падтрымалі міністры транспарту па ўсёй Еўропе, таму можна разлічваць на тое, што хутка людзі, якія трапілі ў пастку ў аэрапортах Еўропы, змогуць вярнуцца дадому. За шэсць дзён было адменена больш за 100 000 рэйсаў. Гэта азначае, што парушыўся графік падарожжаў мільёнаў людзей, завіслі тысячы тон грузаў.

Параліч у аэрапортах усёй Еўропы трываў з мінулых чацвярга-пятніцы. Самалёты не лёталі праз воблака пылу з ісландскага вулкана, якое завісла над Еўропай. Пыл можа нанесці шкоду рухавікам самалётаў.

Попел у паветры застаецца, аднак пасля пробных палётаў і кансультацый з вытворцамі органы рэгулявання паветранай прасторы рашылі змякчыць нормы бяспекі. Вырашана, што лятаць можна і пры наяўнасці хмараў у паветры, адно што стане абавязковай дадатковая пасляпалётная праверка самалётаў.

На працягу некалькіх дзён авіякампаніі падлічвалі страты, палітыкі і эканамісты заломвалі рукі, перад кампаніямі стаяла пагроза банкруцтва, а ісландскі вулкан яшчэ дыміўся.

Аднак у апошні час ёсць рэальная надзея на паляпшэнне.

Эксперты кажуць, што сценкі вулкана пачалі ападаць – гэта значыць, што ён ужо выкінуў большасць газу. Лётныя выпрабаванні не выявілі істотнага ўплыву вулканічнага попелу на працу авіяцыйных рухавікоў. Прыціснутыя да сцяны палітыкі і кіраўнікі авіякампаній вырашылі адкрыць паветраныя калідоры, каб крыху разгрузіць аэрапорты.

Кампаніі-перавозчыкі і навукоўцы рэзка крытыкуюць рашэнне аб закрыцці паветранай прасторы над Еўропай. Многія сцвярджаюць, што магчымасць рызыкі была завышаная. «Гэта можа вам сказаць кожны даследчык атмасферы», – заявіў нідэрландскі астраном Рудольф Ле Пол.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?