7–8 кастрычніка ў Вільні маюць прайсьці дні нацыянальнай літоўскай і беларускай культуры.
З прывітальным словам перад удзельнікамі Дзён маюць выступіць прэзыдэнт Літоўскай Рэспублікі Валдас Адамкус і старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.
У днях культуры возьмуць удзел творчыя прадстаўнікі абедзьвюх краінаў. Заплянаваныя іхнія выступы, а таксама ўдзел у дыскусіях і творчых дыялёгах.
У суботу таксама мяркуецца адкрыцьцё мэмарыяльных шыльдаў Максіму Гарэцкаму і Натальлі Арсеньневай.
У нядзелю дні перамяшчаюцца зь сядзібы саюзу пісьменьнікаў Літвы ў Віленскую ратушу, дзе выступяць генэральны дырэктар Дэпартамэнту нацыянальных мяншынстваў пры ўрадзе Літоўскай Рэспублікі Антанас Пятраўскас, старшыня саюзу пісьменьнікаў Літвы Ёнас Лініяўскас і старшыня саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч. Тамсама адбудзецца прэзэнтацыя новых кніг, выстава мастакоў і канцэрт мастацкіх калектываў.