Галоўная прэзыдэнцкая газэта сёньня аддала вялікую трэцюю паласу пад матэрыял, прысьвечаны 75-годзьдзю рэспубліканскай больніцы кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. У гэтай установе папраўляюць сваё здароўе работнікі кіруючых органаў краіны. У савецкі час яна называлася «лечкамісіяй ЦК КПБ». Знаходзіцца яна адразу ля прэзыдэнтуры і займае цэлы квартал між вуліцамі Чырвонаармейскай і Энгельса.
Кіруе рэспубліканскай больніцай Ірына Абельская, якая прыйшла на гэтую пасаду з пазыцыі асабістае доктаркі кіраўніка краіны.
У артыкуле «СБ», што мае загаловак «Эвалюцыйны падыход», І.Абельская распавядае пра дзейнасьць шпіталя і пра ўнікальнае абсталяваньне, закупленае для яго. «Мяжы дасканаласьці няма, – заяўляе І.Абельская. – Мы будзем ісьці ў нагу з сусьветнай мэдыцынай, як таго патрабуе жыцьцё і лекарская практыка».
Многія палітолягі лічаць Ірыну Абельскую адной з самых уплывовых асобаў краіны. Ейная маці Людміла Пастаялка з загадчыцы шпіталя ў Берасьці ў свой час узьляцела на пасаду міністра аховы здароўя, а цяпер выконвае функцыі сэнатаркі.
Артыкул цалкам чытайце тутака .