З нагоды 65-годдзя перамогі Кітая ў вайне з Японіяй (1937–1945), якую адзначаюць 3 верасня, пасольства КНР у Беларусі ўручыла памятныя падарункі беларускім ветэранам, што ўдзельнічалі ў ваенных аперацыях на кітайскай тэрыторыі. Цырымонія адбылася 2 верасня на ўрачыстым прыёме ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.

Паводле слоў пасла КНР у Беларусі Лу Гуйчэна, перамога ў гэтай вайне азначае для кітайскага народа вельмі шмат. Яна «паслужыла моцным падмуркам» для развіцця КНР. У Кітаі, адзначыў дыпламат, памятаюць і ўдзячныя тым, хто аказаў народу краіны неацэнную падтрымку, асабліва байцам Савецкай Арміі, уключаючы беларускіх салдат.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, Лу Гуйчэн адзначыў, што вельмі высокі ацэньвае сяброўскія адносіны, якія склаліся паміж Кітаем і Беларуссю. Паводле яго слоў, яны «паспяхова развіваюцца ва ўсіх абласцях». «У палітычнай — мы давяраем адзін аднаму, у эканоміцы — вельмі канструктыўна супрацоўнічаем, асабліва сёлета», — сказаў дыпламат.

«Як пасол я заўсёды за тое, каб разам з нашымі беларускімі сябрамі прыкладаць намаганні да далейшага развіцця нашых сяброўскіх стасункаў, — падкрэсліў Лу Гуйчэн. — Карыстаючыся выпадкам, хачу пажадаць беларускай дзяржаве росквіту, а беларускаму народу — шчасця і дабрабыту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?