Дэвальвацыя беларускага рубля не плануецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу«Дажынкі-2010» 25 верасня ў Лідзе (Гродзенская вобласць).

«Сёння не толькі ў нас гавораць аб дэвальвацыі. У Расіі ўжо загаварылі аб дэвальвацыі ледзь не ў 20% расійскага рубля. Блеф поўны — як у Расіі, так і ў нас», — сказаў ён.

На яго думку, такія заявы робяцца для дэстабілізацыі эканамічнай абстаноўкі і стварэння панікі сярод насельніцтва.

«Зусім нядаўна такое было, я папярэджваў людзей: не бяжыце (у банкі, забіраць свае ўклады), нармальна ўсё будзе. Той, хто пабег, вярнуўся назад. Што, абваліліся мы? Не абваліліся.

І сёння мы не збіраемся абвальвацца, калі гэтага не захочуць людзі, не пачнуць панікаваць», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у краіне дастаткова золатавалютных рэзерваў для таго, каб «разлічыцца аднамомантна з людзьмі, калі яны захочуць забраць свае ўклады».

«Мы поўнасцю выконваем свае абавязацельствы, узятыя сёлета па дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Наадварот, рубель нават ўзмацняўся ў апошні час, што таксама не вельмі добра для нашых экспарцёраў», — адзначыў Лукашэнка.

«Мы не збіраемся, каб дагадзіць камусьці, сваю валюту дэвальваваць», — падкрэсліў прэзідэнт. Якія б парады ні давалі МВФ, Еўрасаюз або Расія, «у нас ёсць свае мазгі», дадаў ён.

Лукашэнка паабяцаў, што ўлады «загадзя скажуць людзям», калі будуць «дэвальваваць або ўмацоўваць нацыянальную валюту».

Да 19 снежня, даты прэзідэнцкіх выбараў, «вам столькі напішуць і раскажуць, што вы самі здзівіцеся», сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Нас ужо пужалі шмат разоў і дэвальвацыяй, і знішчэннем, чаго толькі нам не гаварылі. Сёння няма ніякай крытычнай сітуацыі ў краіне, але нашым ворагам народа выгадна дэстабілізаваць сітуацыю, каб нават не выйграць гэтыя выбары, а паказаць, што Лукашэнка не здольны», — лічыць прэзідэнт.

Час цяпер цяжкі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. «Вы бачыце гэты ціск з усіх бакоў, яны хочуць мяне нахіліць, але я не нахіляльны. Ціснуць нас бесперспектыўна, але ціснуць усё роўна будуць, таму нам трэба супакоіцца і займацца сваёй справай», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?