Закон аб абароне правоў жывёл у Беларусі дагэтуль не прыняты. Законапраект быў распрацаваны ўжо даўно і некалькі разоў разглядаўся парламентам.

Прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца абаронай жывёл, лічаць, што гэты дакумент не адпавядае міжнародным стандартам.

Як заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Эгіда» Наталля Бялянава, у гэтым законе павінен быць дакладна прапісаны механізм стварэння прытулкаў працяглага і пажыццёвага ўтрымання жывёл, а таксама прадугледжана распрацоўка дзяржпраграмы па іх стэрылізацыі.

Неабходна вызначыць правілы працы дзряжпрадпрыемстваў па часовым утрыманні бяздомных сабак і катоў, парадак адлову жывёл і працэсу эўтаназіі.

Апрача таго, закон павінен вызначыць механізм размеркавання грошай, што ідуць ад падатку на ўтрыманне свойскіх жывёл.

Паводле слоў Бялянавай, усяго гэтага ў адхіленым праекце закона не было і калі б ён быў прыняты, то мог бы нашкодзіць жывёлам.

Разам з тым члены арганізацый, якія займаюцца абаронай жывёл, упэўнены: закон аб абароне жывёл у Беларусі неабходны. Толькі паводле афіцыйных звестак Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у 2009 годзе ў Беларусі было адлоўлена каля 80 тысяч бяздомных сабак і катоў, з іх каля 10 тысяч — у Мінску. Большасць гэтых жывёл былі забіты.

Прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца абаронай жывёл, звяртаюць увагу на праблему негуманнага адлову, утрымання і забівання жывёл у краіне. Так, паводле слоў Бялянавай, у невялікіх населеных пунктах бадзяжных сабак і катоў адстрэльваюць проста на вачах у людзей.

Як паведаміў старшыня камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання парламента Сяргей Канопліч, зараз вядзецца падрыхтоўка ініцыятыўнай групы для распрацоўкі новага законапраекта аб абароне жывёл.

Дакумент прадугледжваецца ўнесці ў план законапраектнай дзейнасці на 2011 год. Дэпутаты, запэўніў Канопліч, не супраць, каб у стварэнні закона «максімальна бралі ўдзел ўсе зацікаўленыя». «Закон павінен максімальна ўлічваць запыты грамадзян і сапраўды вырашаць праблему абароны жывёл», — падкрэсліў парламентарый.

Паводле яго слоў, распрацоўшчыкі закона маюць намер выкарыстаць вопыт краін СНД і ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?