Пашыраны сьпіс супрацоўнікаў беларускай адміністрацыі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага зьвязу. У “навабранцах” – два судзьдзі і два пракуроры. Тыя, што спрычыніліся да ўвязьненьня актывістаў “Партнэрства” – арганізацыі па назіраньні за выбарамі, якую ўлады спачатку не далі зарэгістраваць, а пасьля разграмілі. А таксама тыя, што ўдзельнічалі ў працэсе над экс-кандыдатам у прэзыдэнты, лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным.

Такім чынам, усяго ў сьпісе неўязных у Эўропу цяпер стала 41 прозьвішча.

Прысуд Аляксандру Казуліну вынес судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Аляксей Рыбакоў (пяць з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму), пракурорам на працэсе выступаў Сяргей Бортнік (патрабаваў шасьці гадоў зьняволеньня).

Сьпіс папоўнілі таксама судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Леанід Ясіновіч і пракурор Андрэй Мігун, які выступаў абвінаваўцам у працэсе “Партнэрства”. Тады былі асуджаныя чатыры юнакі. Мікола Астрэйка і Цімох Дранчук дагэтуль застаюцца за кратамі.

На сайце www.charter97.org беларускія праваабаронцы заклікалі распаўсюдзіць сымбалічную забарону на ўезд у ЭЗ на пракурора Натальлю Талаш і судзьдзю Ленінскага раёну Менску Тацяну Жулкоўскую, якія ўчора засудзілі да двух гадоў турмы 60-гадовую Кацярыну Садоўскую. Віна яе палягала на сачыненьні звароту да грамадзкасьці з заклікам да псыхіятрычнае экспэртызы А. Лукашэнкі, а таксама, нібыта, у тэлефонных пагрозах судзьдзі.

Апошнія тыдні множыліся чуткі пра гатоўнасьць Менску да нармалізацыі адносінаў з Эўропай. Вянцом іх стала таямнічая сустрэча Ўладзімера Канаплёва і Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Маскве. Першы -- старшыня палаты прадстаўнікоў і блізкі сябар беларускага кіраўніка. Другі -- старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Пад акампанэмэнт чутак у беларускай сталіцы працягваліся пасьпешлівыя судовыя працэсы над дысыдэнтамі. Рашэньне Брусэлю пра пашырэньне візавых санкцыяў рыхтавалася даўно і абмяркоўвалася з Аляксандрам Мілінкевічам падчас візыту апошняга ў Фінляндыю, якая цяпер старшынюе ў эўрапейскай супольнасьці. Яно мае на мэце паказаць, што эўрапейцы болей ня вераць абяцанкам-цацанкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?