За каго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта паставілі свае подпісы мінчане? Як ставяцца жыхары сталіцы да таго, што Белтэлерадыёкампанія прапанавала праводзіць тэледэбаты кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду не ў прамым эфіры, а ў запісе? Гэтыя пытанні задалі мінакам на вуліцах беларускай сталіцы карэспандэнты БелаПАН.

Пажылая жанчына: «Я ведаю, што Лукашэнка будзе прэзідэнтам. Таму што ён — добры чалавек, гаспадар у доме і наогул. За Лукашэнку я і падпісалася».

Дзяўчына: «За Аляксандра Лукашэнку».

Малады мужчына: «Па-першае, неяк ляніва. А па-другое, хто збярэ гэтыя сто тысяч подпісаў, той і без мяне збярэ. А наогул жа я не маю рацыі, проста я — лянівы».

Пажылы мужчына: «Лепш было б у прамым эфіры — каб паглядзелі людзі, паслухалі».

Пажылы мужчына: «Вядома, больш цікава слухаць чалавека, калі ён гаворыць без падрыхтоўкі, сам ад сябе. Зрэшты, можа быць і іншая форма».

Малады мужчына: «Уласна кажучы, манціраваныя — гэта ўжо не дэбаты, а невядома што. Нават глядзець не буду».

Юнак: «Шчыра кажучы, гэта крыху незразумелы пункт гледжання БТ, таму што пра астатніх кандыдатаў, акрамя дзейнага прэзідэнта, вядома не вельмі шмат. І вельмі цікава было б убачыць іх ужывую, пачуць, што яны думаюць аб цяперашнім стане краіны, якія іх палітычныя погляды».

Мужчына: «Я ні за каго подпіс не ставіў. Заўсёды за Лукашэнку галасаваў і буду галасаваць. Пакуль ён пры сіле, шмат праектаў ажыццяўляе — няхай працуе. Не ведаю іншага кіраўніка, які б столькі зрабіў для Беларусі».

Мужчына: «Дэбаты — гэтае карысная справа. А як будуць паказваць, гэта, як гаворыцца, не нам вырашаць».

Жанчына: «Я падпісвалася за некалькіх — за дзейнага прэзідэнта і за альтэрнатыўных кандыдатаў, каб былі выбары дастойныя».

Пажылы мужчына: «Я за Мілінкевіча падпісаўся. Як не балатуецца? А чаго я за яго ставіў подпіс — пайду забяру назад» (смяецца).

Мужчына: «Спадзяюся, будзе калі-небудзь замена і Лукашэнку, а пакуль ён поўны сіл, няхай працуе».

Мужчына: " Не будзе карысці ў тэледэбатах, калі яны не будуць ужывую для грамадскай думкі прадстаўлены. Людзі павінны бачыць прэтэндэнтаў».

Жанчына: «Я пакуль яшчэ ў роздуме».

Малады мужчына: «Не, не падпісваўся — не вызначыў кандыдата, якога мог бы падтрымаць. Буду галасаваць за Лукашэнку».

Жанчына: «У прамым эфіры народу было б больш цікава і варта ўвагі. Ну, а калі вырашылі ў запісе, на тое таксама былі падставы».

Жанчына: «Да таго, што тэледэбаты будуць не ў прамым эфіры, стаўлюся, вядома, адмоўна. А наогул: „Мы — за прэзідэнта, мы — за Беларусь!“ Таму будзем ставіцца да гэтых дэбатаў так, інфармацыйна».

Бабуля: «Няхай яны паміж сабой разбіраюцца самі, як хочуць».

Звяртае на сябе ўвагу, што ні адзін з альтэрнатыўных прэтэндэнтаў ад апазіцыі ў гэтых дыялогах не быў названы.

З гэтага можна зрабіць наступныя высновы: слаба яны сябе прэзентуюць грамадству; дзяржаўныя СМІ, найперш тэлебачанне, наўмысна ігнаруюць магчымых канкурэнтаў прэзідэнта Лукашэнкі. У той жа час большасць апытаных не лічаць дэбаты бескарыснай справай — калі, канечне, яны пройдуць у прамым эфіры, без умяшання цэнзарскіх «нажніц». Значыць, ёсць цікавасць і да тых, хто прапаноўвае альтэрнатыўны погляд на развіццё краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?