Гастралёры аказаліся аматарамі джыпа BMW Х5, прадавец якога знік у сталіцы.

На днях на некаторых беларускіх сайтах з’явілася інфармацыя аб знікненні ў Мінску прадаўца BMW Х5 Андрэя Барысава. Ён размясціў у інтэрнэце аб’яву аб продажы аўто і паехаў яе паказаць патэнцыяльным пакупнікам. Сустрэча была прызначаная непадалёк ад сталічнай станцыі метро «Каменная Горка» побач з будмаркетам «Мацярык». З той пары Андрэя больш ніхто не бачыў. На тэлефанаванні ён не адказваў, а бліжэй да ночы яго тэлефон стаў недаступны. У той жа вечар родныя хлопца напісалі заяву ў міліцыю.

І жонка, і сябры Андрэя сцвярджаюць, што ён не мог добраахвотна знікнуць, нікога не папярэдзіўшы.

Міліцыя пакуль шукае Барысава. Праваахоўнікі адмаўляюцца ад каментарыяў па гэтай справе, тым не менш, як нам стала вядома з кампетэнтных крыніц, міліцыя звязвае прапажу Андрэя Барысава з дзеяннем пскоўскіх бандытаў. Чацвёра ўраджэнцаў Пскоўскай вобласці адзначыліся ў беларускай сталіцы яшчэ месяц таму. 25 кастрычніка двое маладых людзей пад прычынай арэнды кватэры на суткі ў доме па вуліцы Куйбышава пад пагрозай пісталета збілі і звязалі скотчам сямейную пару. Бандыты адабралі ў іх 700 долараў, 700 тысяч беларускіх рублёў, нетбук і два мабільныя тэлефоны.

Ужо тады было вядома, што гэта справа рук ураджэнцаў Пскоўскай вобласці,

якія раз’язджаюць на джыпе BMW Х5 серабрыстага колеру 2001 года выпуску з расійскімі нумарамі. Аўтамабіль, дарэчы, быў выкрадзены бандай у Маскоўскай вобласці. Пасля ўчыненых злачынстваў у сталічным рэгіёне Расіі маладыя людзі былі заўважаныя і ў Піцеры. Там яны, уцякаючы ад міліцыі, учынілі перастрэлку, параніўшы аднаго з праваахоўнікаў, таксама падчас перастрэлкі пацярпеў выпадковы мінак. Вядома, што па дарозе з Расіі ў Мінск гастралёры ўчынілі злачынства ў Полацку.

Чым вызначылася яшчэ за месяц знаходжання ў Мінску банда, пакуль невядома. Але менавіта яны маюць дачыненне да знікнення Андрэя Барысава.

З тэлефона-аўтамата на станцыі метро «Каменная Горка» злачынцы тэлефанавалі прадаўцам BMW Х5, якія давалі аб’явы ў інтэрнэце,

і прапаноўвалі сустрэцца на стаянцы побач з будмаркетам «Мацярык».

Амаль ніхто з прадаўцоў не змог у той дзень паказаць свой аўтамабіль. Адзін са шчасліўчыкаў усё ж прыехаў да «Мацерыка», праўда, бандытам яго машына не спадабалася. Пасля сваё аўто ім паказаў Андрэй Барысаў, які бясследна знік. Не знойдзена і машына.

Будмаркет не абсталяваны камерамі вонкавага назірання, а яго ахоўнікі не бачылі нічога, што адбывалася ў той дзень на стаянцы перад магазінам. Праўда, першы прадавец, джып якога банда не ўпадабала, апазнаў па фота пскоўскіх злачынцаў. Пакуль яны застаюцца няўлоўнымі. Міліцыя папярэджвае прадаўцоў дарагіх аўто — лепш пачакаць з продажам. Праўда, цяпер машына злачынцам нейкі час не спатрэбіцца, калі яны і сапраўды завалодалі чорным BMW Х5 2005 года выпуску, які належыць Андрэю Барысаву.

***

Як паведаміла прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Ала Галубовіч, 23 лістапада, на чацвёртыя суткі пасля знікнення Андрэя Барысава, Фрунзенскім РУУС заведзена крымінальная справа. Праваахоўнікамі адпрацоўваецца шэраг версій, у тым ліку і тая, што ў адносінах да зніклага ўчынена гвалтоўнае злачынства. Супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС праводзяць шэраг вышуковых мерапрыемстваў, аднак пакуль ні Андрэя Барысава, ні яго аўтамабіль знайсці не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?