Улюбёная тэза Менска пра роўныя ўмовы гаспадараньня з расейцамі сёньня набыла новую афарбоўку.

Згадваючы пра перамовы з Пуціным, афіцыйны беларускі кіраўнік патлумачыў працаўнікам "Белшыны": "Сутнасьць нашай палітыкі ў тым, што беларусы і расейцы — гэта адзін народ, а значыць і ўмовы мусяць быць роўныя".

З аднаго боку, гэта бальзам на душу мыслярам імперскага кшталту. Зь іншага боку, канвэрсаваць заявы аб этнічнай тоеснасьці ў танны газ ды нафтавыя прэфэрэнцыі ўжо наўрад ці пашэнціць.

Тым болей што тут жа быў зроблены празрысты эківок. Хай, маўляў, расейцы не забываюць, што пад нашым каўпаком — іхні транзыт ды вайсковыя аб'екты. То бок, калі ўсё ж задзяруць кошты, дык ім таксама мала не падасца! Тады ўжо не паглядзім, што адзін народ :)

Тым часам, заўважце, Крэмль маўчыць. Меркаваньні ж назіральнікаў падзяліліся. Адны кажуць: абнародаваўшы па вяртаньні з Масквы сваю трактоўку перамоў, Лукашэнка спрытна захапіў ініцыятыву. Ня стане ж цяпер Пуцін абвяргаць: а вось гэтага я не казаў, ні ў якай дружбе ня кляўся...

Іншыя ж, наадварот, лічаць, што, зарана выкідваючы козыры на стол, беларускі кіраўнік аслабляе пазыцыі перад вырашальным раўндам. Потым можа стацца так, што крыць ужо ня будзе чым.

Зрэшты, ці ўсе козыры выкінуты? Маскоўскі аналітык Андрэй Суздальцаў мяркуе, што вось-вось можа прагучаць нейкі генэральны адлуп Крамлю. У прыватнасьці, гэты адказ мусіць уяўляць сабой і выразны крок у бок Захаду.

Нешта ня надта верыцца. Але ўявеце, што заўтра прагучыць: годзе, сыходзім ад расейскага мядзьведзя ў Эўропу!

Во быў бы кантрасны душ пасьля фразаў пра адзін народ!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?