У рэдакцыю НН звярнулася яго жонка Ларыса Асмалоўская, якая лічыць неабгрунтаванай такую меру.

Жанчына распавяла гісторыю, якая здарылася з яе мужам чатыры месяцы таму.

Уначы 19 верасня мастака Віталя Калгіна (Бісмарк) збілі трое мужчын. Каб абараніцца, ён схапіў металічны прут, якім ударыў аднаго з нападаючых у грудзі. У выніку

экспертыза зафіксавала ў Віталя адкрытую чэрапна-мазгавую траўму, мноства пераломаў касцей твару, пераломы сківіцы, носа. А следчыя органы завялі на яго крымінальную справу.

Ларыса Асмалоўская лічыць, што да мужа следчыя аднесліся прадузята. Яна ўпэўнена, што калі Віталь параніў аднаго з нападаючых, тыя перапужаліся і вырашылі спіхнуць усю віну на мастака. Маўляў, гэта ён пачаў бойку. І ў адзін голас адзначалі, што сам сябе параніў: «біўся галавой аб бетонную сметніцу». Але медыцынскі судовы эксперт зрабіў вывад, што «лакалізацыя і характар дадзеных пашкоджанняў не характэрныя для іх утварэння «пры падзенні з вышыні ўласнага росту на плоскасць». Але пад увагу вынікі не былі прынятыя.

Крымінальная справа на Віталя Калгіна была заведзена па частцы 1 артыкула 147 КК (наўмыснае нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання). Але ў пастанове аб прызначэнні псіхіятрычнай экспертызы быў указаны пункт 7 часткі 2 артыкула 147 (наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання з хуліганскіх памкненняў). Больш цяжкая віна. Жонка мастака ўпэўнена, што гэта было зроблена наўмысна, каб паўплываць на вынікі экспертызы. Паказаць, што ён спецыяльна так параніў чалавека. Да таго ж Віталь з’яўляецца інвалідам па псіхічным захворванні.

Судова-псіхіятрычныя эксперты прыйшлі да высновы, што

Калгін «мае патрэбу ў прымяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння». То бок яму патрабуецца «лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы са строгім назіраннем»,

якое можа зацягнуцца да пяці гадоў.

Суд над Віталём Калгіным адбудзецца 25 студзеня а 15.00 у судзе Фрунзенскага раёна Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?