У Каіры пакрысе аднаўляецца нармальнае жыццё. Хоць на плошчы Тахрыр яшчэ застаюцца тысячы дэманстрантаў, вайскоўцы паступова вызваляюць ад людзей вуліцы для руху аўтатранспарту.

Карэспандэнты Бі-бі-сі перадаюць, што лідэры дэманстрантаў заклікалі да новай хвалі пратэстаў з тым, каб дамагчыся неадкладнага сыходу Хосні Мубарака, усё паказвае на тое, што ўлады бяруць сітуацыю пад кантроль.

Ужо больш за два тыдні ў Егіпце доўжыцца палітычны крызіс — удзельнікі вулічных маніфестацый патрабуюць адстаўкі кіруючага краінай 30 гадоў прэзідэнта Мубарака. Мяркуючы па ўсім, неадкладна складаць свае паўнамоцтвы ён не мае намеру, але, зрэшты, заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах кіраўніка дзяржавы, прызначаных на верасень.

Як адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі ў Каіры Джым М’юір, ёсць верагоднасць таго, што пратэстуючыя могуць згубіць свой запал. Спробы неяк абвастрыць сітуацыю з боку дэманстрантаў, мяркуе М’юір, амаль непазбежна прывядуць да сутыкненняў з войскам, якое карыстаецца вялікай павагай ў егіпецкім грамадстве. Гэтая дылема ўскладняецца яшчэ і асцярогамі ўдзельнікаў масавых акцый адносна адплаты з боку ўладаў, якая можа наступіць услед за іх адступленнем.

Эканамічныя наступствы

Пратэсты нанеслі адчувальны ўдар па егіпецкай эканоміцы. Страты ад кожнага дня дэманстрацый ацэньваюцца на ўзроўні 310 мільёнаў даляраў у суткі. Асабліва адчувальна крызіс адбіўся на турызме. Па словах віцэ-прэзідэнта Егіпта Амара Сулеймана, з-за масавых антыўрадавых выступленняў краіна страціла не менш за 1 млн. замежных турыстаў. Для таго, каб неяк змякчыць народную незадаволенасць, улады прынялі рашэнне павялічыць на 15% зарплаты і пенсіі работнікам бюджэтнай сферы, што абыйдзецца дзяржаўнай казне яшчэ ў 960 млн даляраў. З-за беспарадкаў, паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі Human Rights Watch і ААН, загінула каля 300 чалавек, курс егіпецкага фунта ўпаў да мінімальнай адзнакі за апошнія шэсць гадоў.

Стомленасць

Пра стомленасць дэманстрантаў гавораць ужо даволі актыўна, пра гэта сведчыць і той факт, што, па дадзеных брытанскай газеты Guardian, да вечара 7 лютага на плошчы Тахрыр заставалася ўсяго толькі каля тысячы чалавек.

Агенцтва Асашыэйтэд прэс адзначае, што напружанне вулічнага супрацьстаяння пачынае адбівацца на яго ўдзельніках, якія правялі пад адкрытым небам ужо не адну ноч. Дробны дождж ператварыў пляцоўку на плошчы, дзе пратэстоўцы паставілі свае палаткі, у лужыну бруду. Пратэстоўцы відавочна адчуваюць недахоп харчавання, да таго ж многія з іх атрымалі раненні ў ходзе сутыкненняў. Тым не менш, маніфестанты , што засталіся ў цэнтры Каіра, працягваюць настойваць на выкананні сваіх патрабаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?