Як і 170 гадоў таму, праваслаўная царква ўхваляе цэнзурныя змены ў казцы Аляксандра Пушкіна.

Малюнак Пушкіна да рукапісу казкі. Подпіс: «Балда, Бѣсенокъ, Попъ талаконный лобъ, Старый бѣсъ»

Малюнак Пушкіна да рукапісу казкі. Подпіс: «Балда, Бѣсенокъ, Попъ талаконный лобъ, Старый бѣсъ»

У Армавіры (Расія) намаганнямі айца Паўла — святара Свята-Траецкага сабора, загадчыка кафедры Армавірскага праваслаўнага сацыяльнага інстытута — выдадзеная адна з казак Аляксандра Пушкіна. Наклад — 4 тысячы асобнікаў, меркаванае кола чытачоў — навучэнцы нядзельнай школы пры храме. Адзін з галоўных герояў казкі — работнік Балда. Яго апанентам, аднак, з’яўляецца не поп, а купец — «Жил был купец Кузьма-Остолоп / По прозванью Осиновый Лоб».

Менавіта ў такім выглядзе — «Казка пра купца Кузьму-асталопа і работніка яго Балду» — пушкінская казка ўпершыню ўбачыла свет у 1840 годзе ў часопісе «Сын Отечества». Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага музея Пушкіна Вераніка Кірсанава ў інтэрв’ю РІА «Навіны» зноў падкрэсліла факты, даўно вядомыя не толькі даследчыкам рускай літаратуры: замена папа на купца была зробленая Васілём Жукоўскім — «які разумеў, што без гэтых зменаў твор проста не будзе апублікаваны» царкоўнай цэнзурай. Аўтарскі варыянт, уласна, «Казкі пра папа…» (аўтограф «болдзінскай восені» 1830 года цяпер захоўваецца ў Пушкінскім доме РАН) пабачыў свет толькі ў 1882.

Тым не менш, у інтэрв’ю таму ж агенцтву кіраўнік прэс-службы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Уладзімір Вігілянскі падтрымаў публікацыю айца Паўла — падкрэсліўшы, што «святар перапублікаваў помнік літаратуры, зрабіў свой унёсак» у яго вывучэнне. «Калі гэта была воля Пушкіна і спадчынніка, які быў выдаўцом і выпускаў яго неапублікаваныя рэчы, то айцец Павел нічога не парушыў», — сказаў на заканчэнне Вігілянскі.

Айцец Уладзімір не растлумачыў, якім чынам Пушкін мог ухваліць рэдакцыю Васіля Жукоўскага, у якой «Казка…» выйшла праз тры гады пасля дуэлі на Чорнай рэчцы.

Варта адзначыць, што гэта далёка не першы сюжэт, звязаны са стаўленнем РПЦ да дадзенага тэксту Пушкіна.

У 2005 годзе ў Сыктыўкары ледзь не сарвалася прэм’ера оперы Дзмітрыя Шастаковіча «Балда».
Сакратар епархіі айцец Філіп, які прыйшоў на мастацкі савет, заявіў: «Шастаковіч напісаў музыку да гэтай казкі не па сваёй волі ў 30-я гады мінулага стагоддзя, калі ў краіне ішлі ганенні на царкву, пацярпелі тысячы ні ў чым не вінаватых святароў. Ды і Пушкін раскайваўся, што напісаў гэтую сатыру». Функцыянеры епархіі звярнуліся да кіраўнікоў Рэспублікі Комі, і фінансаванне пастаноўкі было спыненае. Аднак прэм’ера ўсё ж адбылася на месяц пазней. Больш за тое, міністр культуры Рэспублікі Комі Надзея Баброва прынесла прабачэнні за спробу паўплываць на тэатр: «На нас проста нешта найшло».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?