Схуднелы, з доўгімі валасамі, як у хіпі, Лябедзька: «У турме стаў паэтам — лаўры Някляева не даюць спакою».

 Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

 Анатоль Лябецька з Аляксандрам Казуліным. Фота bymedia.net.

Анатоль Лябецька з Аляксандрам Казуліным. Фота bymedia.net.

 Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Увечары 6 красавіка з турмы КДБ «амерыканкі» выйшаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Як кажа сам палітык, яго вывезлі, а 22:30 на «апошняй маршрутцы КДБ».

Лябедзька адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Абвінавачванне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з яго ўсё яшчэ не знятае.

Так супала, што 7 красавіка акурат мусіў прайсці чарговы Нацыянальны камітэт АГП. Ужо з раніцы ўсе чакалі на ім Анатоля Лябедзьку.

Старшыня з’явіўся ўжо з букетам кветкам. Лябедзька з доўгімі валасамі, як хіпі. Здаецца, яшчэ больш пахудзеў, хоць здавалася куды. Але характэрнае пачуцце гумару Лябедзька захаваў і ў турме.

Нават камунікаванне з журналістамі ён пачаў з жарту. «Хачу зрабіць палітычную заяву: мяне вызвалілі на Нацкам партыі. У залежнасці ад таго, як ён пройдзе, будзе залежыць, ці я вярнуся назад, ці застануся тут».

«Я знаходзіўся ў інфармацыйнай ізаляцыі. Шмат чаго не ведаю, што ў краіне, што ў партыі. Ведаю толькі, што ў сям’і. Самае галоўнае — маці перастала плакаць. У мяне было мала кантактаў з людзьмі, што мяне забралі. На першай сустрэчы мне сказалі, калі я зраблю пэўныя заявы, то літаральна ў гэты ж дзень магу быць дома.

Я паказаў следчаму сваю правую руку. І сказаў, што хутчэй яе адгрызу, чым адмоўлюся ў тое, што веру, ці скажу супраць некага», — зазначае Лябедзька. Наступны раз следчага ён пабачыў толькі ў 2011 годзе.

«Ніякіх паказанняў я не даваў. Я запытаўся ў следчага, ці падобны я да вярблюда. Ён адказаў, што, натуральна, не. Ну дык калі вы лічыце, што я вярблюд, то даказвайце гэта.

Калі прайшло тры дні, то тры невядомыя асобы сказалі самае галоўнае. „Анатоль Уладзіміравіч, за вамі цягнецца здаравенны-здаравенны шлейф грахоў“. Давялося адзначыць, што грахі — катэгорыя маральная, а не юрыдычная. Тым больш Ісуса Хрыста я там не бачыў, каб ён мог вызначаць мае грахі», —
Лябедзька кажа, што гэта былі адзіныя ягоныя кантакты з кадэбістамі.

«Я знаходзіўся ўвесь гэты час у стане закладніка. Для чаго? Для бартэру ці нечага іншага, я не ведаю. Вінаватым я сябе не лічыў і не лічу. Калі справа дойдзе да суда, то я гатовы прадстаўляць доказы сваёй невінаватасці».

У гэты момант у офісе АГП з’явіўся Аляксандр Казулін. Лябедзька адразу ж абняўся з ім. «Многія вас там памятаюць. Сустракаў людзей, якія гаварылі пра Чыгіра, пра Валодзю Кудзінава, якія там сядзелі. Узгадвалі добрым словам».

З чатырма ўдзельнікамі крымінальнай справы па 19 снежня старшыня АГП знаходзіўся ў адной камеры. «Алесь Кіркевіч — малайчына, усё нармальна ў яго. Праўда, некаторыя праз тое, што ён моліцца, думаюць, што ён мусульманін. Я быў з Малчанавым, калі мы ляжалі на драўляных канапах. Мне пашанцавала, калі перавялі з адной камеры ў іншую, то засталася „шконка“ ад Фядуты, яна на дзве дошкі шырэйшая. Дык я там катаўся як сыр у масле. Сустракаўся з Уладзімірам Яроменкам, аддаў яму свае шкарпэткі. І з Аляксандрам Арастовічам быў самы працяглы час. У косці я яго выйграў», — расказаў пра сукамернікаў.

«Да мяне даходзіла інфармацыя, што некаторыя людзі выходзілі адтуль, падпісаўшы паперы, зрабіўшы заяву. Я нічога такога, у прынцыпе, не мог падпісаць.

Снежань і студзень былі ў турме на надзвычайнай сітуацыі, з усімі наступствамі. У лютым пачалося пацяпленне. А ў сакавіку я сябе адчуваў нармальна. Не было жадання паглядзець, як я выглядаю без адзення.
Цікавасць да мяне прапала. Наша турэмная сістэма савецкая, якая скіраванае не на тое, каб зрабіць чалавека іншым, а каб яго прынізіць», — Лябедзька тым самым фактычна пацвярджае словы Міхалевіча аб катаваннях у КДБ.

«Было ўсё. Ніводзін чалавек там не можа адчуваць сябе нармальна. Вельмі кепска тым людзям, што да гэтага не падрыхтаваныя фізічна і маральна.

Мне было лягчэй за іншых. У мяне былі нейкія балячкі, але я адтуль выйшаў фізічна больш моцным. Бо кожныя дзве гадзіны на шпацыры я адціскаўся па тысячу разоў.
Калі пачаліся пэўныя дзеянні, не буду казаць якія, апускацца да гэтага. На прагулках я танцаваў пад музыку. Спачатку на мяне глядзелі, як на вар’ята, а потым стала нармальна».
«Першы ліст я атрымаў ад сям’і толькі пры канцы лютага. Гэта была невялікая цыдулка, што ў іх усё нармальна. Апошні раз я плакаў, напэўна, у дзясятым класе, а тут на слязу прабіла.
У турме я стаў паэтам. Лаўры Някляева не даюць мне спакою. Пры вызваленні ў мяне забралі чатыры сшыткі. Адзін з якіх быў з вершамі. Гэтыя сшыткі бралі тройчы на праверку, але аддавалі. Спадзяваўся забраць іх з сабой.
Пачаў пісаць апавяданне «Лёлік». Гэта пра галуба, з якім я кожны раз вітаўся на шпацыры. Ён здзіўлена глядзеў на нас. Звычайна ж птушкі ў клетцы, а тут наадварот», — расказвае пра свае літаратурныя практыкаванні Лябедзька.
«З пункту гледжання вытрымаеш ці не вытрымаеш у «амерыканцы», то ўсё залежыла ад таго, якая ў цябе фізічная форма і дух.
Калі чалавека, якому 24 гады, кожны дзень выводзяць пад нейкія крыкі, лямант. Уніз, уверх, раздзецца, адзецца...
Страшна першы дзень, страшна другі дзень. На чацвёрты ці пяты гэты страх прападае. Я сказаў, што яны рыхтуюць новае пакаленне апазіцыі, якая не будзе баяцца. Яны будуць ненавідзець.
Мяне таксама спрабавалі скінуць у нішу нянавісці, але я не паддаўся. Я нават на міліметр не адышоў ад таго чалавека, якога вы ведалі раней», — гаворыць Анатоль Лябедзька.

Ён пацвердзіў існаванне людзей у чорных масках, пра якіх казаў Алесь Міхалевіч. Менавіта яны ўдзельнічалі ў катаваннях. «Я іх называў «добрыя людзі». З намі працавалі «добрыя людзі ў масках».

Калі кажуць, што ногі павінны быць на расцяжцы на 70 сантыметраў, то я рабіў на 1 метр 30 сантыметраў. Калі табе загадваюць рабіць 70 см, каб прынізіць, а ты робіш больш, то яны разгубленыя. Былі розныя людзі. Адны ўвесь час паважліва называлі мяне Анатоль Уладзіміравіч, іншыя лічылі, што толькі сілай можна нешта даказаць».

«Я ведаў, што супраць мяне нічога не было, апроч выступу на радыё і інцыдэнту з правакатарамі з тэлекамерамі.

Я быў на гэтым выбарах героям другога плана, ні кандыдат у прэзідэнты, ні кіраўнік штаба. Але так я ім спадабаўся, што вырашылі: Лябедзьку на «Тэфі» трэба вылучыць.
Першыя тры дні мне была прыемная такая ўвага».
«У турме быў тэлевізар. Але ў асноўным паказваў толькі тэлеканал «Русь-ТВ».
Я шмат чаго даведаўся пра такі народ, як яўрэі. Аказваецца, гэта вялізная праблема для чалавецтва. Шмат даведаўся пра Візантыю, — іранізуе Лябедзька. — Спецыфічны падбор. Газеты даходзілі «Советская Белоруссія». Атрымаў адзін нумар «Народнай волі».

«Я не ведаю сутнасці заявы Раманчука», — каротка пракаментаваў ён сітуацыі з кандыдатам у прэзідэнты ад АГП.

За кратамі Лябедзька прагаладаў 10 дзён. Кажа, што толькі піў гарачую гарбату. «З медыцынай там нармальна, доктар прафесійны. Аказаць дапамогу змогуць», — гаворыць палітвязень.

Пасля прэс-канферэнцыі Лябедзька адразу ўзяўся за справу. Пад ягоным пачаткам адбыўся нацкам АГП.

* * *

Анатоля Лябедзьку выпусцілі з турмы пад падпіску пра нявыезд. Пра гэта паведаміў Цэнтр грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі. Палітык выйшаў на свабоду 6 красавіка ўвечары, але да ранку са СМІ не звязваўся.

Аб 11.30 старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі з’явіўся на паседжанні Нацкама АГП, запланаваным раней. Схуднелы, з доўгімі валасамі, як у хіпі, але чыста паголены.

Вызвалілі яго, а 22.30, расказаў Анатоль Лябедзька. Пры вызваленні сканфіскавалі чатыры сшыткі з «вершамі і думкамі».
«Стаў паэтам — лаўры Някляева не даюць спакою», — пачуцця гумару Лябедзька ў турме відавочна не страціў.

Анатоль Лябедзька расказаў, што ў турме перасякаўся з чатырма «дзекабрыстамі»: Алесем Кіркевічам, Уладзімірам Яроменкам, Аляксандрам Малчанавым і Аляксандрам Арастовічам.

Размова Лябедзькі з журналістамі была вельмі кароткай, неўзабаве пачалося пасяджэнне Нацыянальнага камітэта АГП за зачыненымі дзвярыма.

Неўзабаве на нашым сайце з’явіцца відэа з Анатолем Лябедзькам.

Лябедзька — адна з цэнтральных фігур у беларускай апазіцыі.
Яго не раз затрымлівалі, збівалі, супраць яго распачыналі крымінальныя справы. З заяваў Лукашэнкі вынікала, што ён разглядае Анатоля Лябедзьку як аднаго з галоўных сваіх канкурэнтаў. Але ў турму Лябедзьку пасадзілі ўпершыню пасля апошніх выбараў.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Анатоль Лябедзька быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад АГП. Ён фігурант крымінальнай справы аб так званых «масавых беспарадках» у Мінску ў дзень выбараў. Яго арыштавалі, хоць ён на Плошчы і не выступаў, і не заклікаў на Плошчу публічна — тое рабілі кандыдаты.

Лідар АГП быў затрыманы ў сталіцы ў ноч з 19 на 20 снежня ва ўласнай кватэры
і дастаўлены ў СІЗА КДБ. 22 снежня стала вядома, што ў знак пратэсту супраць свайго незаконнага затрымання Лябедзька аб’явіў галадоўку, аднак неўзабаве спыніў яе паводле просьбы жонкі.
Адвакат Лябедзькі не меў магчымасці сустрэцца з падабаронным з 29 снежня,
што з вялікай доля імавернасці азначае, што на палітыка ажыццяўляўся псіхалагічны і фізічны ціск. Нагадаем, што экс-кандыдат Міхалевіч сцвярджае, што ў дачыненні да яго ўжываліся катаванні, каб прымусіць яго на размовы з аператыўнымі супрацоўнікамі КДБ без прысутнасці адваката. Сустрэча Лябедзькі з адвакатам адбылася толькі 23 сакавіка.

Нагадаем, раней пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ былі адпушчаны экс-кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч, рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў і актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазняк.

Яшчэ два фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі адпушчаны з СІЗА КДБ пад дамашні арышт — экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў і журналістка расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп, жонка былога кандыдата Андрэя Саннікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?