У Мінску да чэмпіянату свету па хакею, які пройдзе ў 2014 годзе, пабудуюць 22 гатэлі. Пра гэта заявіў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Міхаіл Савановіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай уключэнню гасцініцы «Еўропа» ў міжнародную сетку Warwick International Hotels.

Да чэмпіянату свету па хакею ў Мінску з’явіцца 5,5 тыс. новых месц размяшчэння. Гасцініцы будуць будавацца практычна па ўсім горадзе: ад цэнтра да мікрараёнаў, уключаючы Чыжоўку і Каменную Горку. Пры гэтым некаторыя атэлі, у тым ліку «Беларусь» і «Кастрычніцкая», будуць рэканструяваны.

У цэнтры горада ў асноўным будуць узводзіцца 4-5-зоркавыя гатэлі,
сказаў старшыня Мінгарсавета.

Цяпер у сталіцы пад будаўніцтва гасцініц адабрана 64 пляцоўкі, 8 з якіх ужо асвойваюцца, а на 7 будаўнічыя работы пачнуцца ў красавіку-маі гэтага года. На 26 пляцовак мінскія ўлады пакуль не знайшлі інвестара, тады як па астатніх заключаны інвестыцыйныя дагаворы. Агульная сума інвестыцый, якая будзе прыцягнута ў гасцінічны сектар Мінска, ужо складае Br4 трлн.

На думку Міхаіла Савановіча, Мінск з кожным годам прыгажэе. Асноўнай праблемай, якая перашкаджае прыцягненню замежных турыстаў у беларускую сталіцу, з’яўляецца тое, што аб яе турыстычных магчымасцях мала хто ведае за мяжой. Далучэнне мінскай гасцініцы ад міжнароднай сеткі Warwick International Hotels дасць ёй магчымасць стаць больш вядомай у еўрапейскіх краінах. Пакуль жа знайсці інфармацыю пра Беларусь, а таксама размешчаныя на яе тэрыторыі гасцініцы на замежных інтэрнэт-рэсурсах даволі складана.

Група Warwick International Hotels была ўтворана ў 1980 годзе. Цяпер сетка ўключае 48 гатэляў і курортаў па ўсім свеце са штаб-кватэрай у Парыжы. Ва ўласнасці кампаніі знаходзіцца 17 атэляў, астатнія маюць назву Warwick па дагавору партнёрства

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?