Суд Чыгуначнага раёна Гомеля пакараў адказнага сакратара ўправы Партыі БНФ Алеся Каліту 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне вынес судзьдзя Яраслаў Парэмскі.

Паводле гомельскага прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні і быў сведкам канваіравання Алеся Каліты з залі суду ў аўтазак, арыштаваны гучна заявіў, што ён у знак пратэсту абвяшчае галадоўку на ўвесь тэрмін утрымання пад вартай.

Былы старшыня «Моладзі БНФ» Алесь Каліта затрыманы ў ноч з 23 на 24 красавіка гомельскімі міліцыянтамі.

Пра гэта Алесь паспеў паведаміць старшыню Партыі БНФ Аляксею Янукевічу, перадае прэс-служба партыі. У 00.20 ён атрымаў смс з незнаёмага нумара аб тым, што Алесь Каліта затрыманы. Алесь вяртаўся з Украіны і ехаў на пахаванне дзядулі.

Прычыны затрымання актывіста невядомыя. Але вядома, што

Алесь служыў у той жа вайсковай частцы пад Лепелем, што і меркаваны выканаўца тэракту Д.К.

Тамсама служыў і іншы палітрэкрут Іван Шыла.

Як вядома, праз гадзіну пасля тэракту на нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад сілавікоў: «Прааналізуйце, каму не падабалася стабільнасць».
«Я вас папярэджваў, што нам спакойнага жыцця не дадуць. Хто яны? І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца», — падкрэсліў Лукашэнка.

У сваім звароце да нацыянальнага сходу і парламента 21 красавіка ён, аднак, заявіў, што пакуль ні палітыкі, ні сувязі з крыміналітэтам за тэрактам не прасочваецца. Тым не менш, праваабаронцу з Віцебска, былога міліцыянта Паўла Левінава затрымалі «па падазрэнні ў датычнасці да тэракту», а ў дзяржаўных СМІ пракацілася хваля публікацый, якія ўвязвалі выбух з апазіцыяй.

Адміністратыўны пратакол на Каліту быў складзены за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?