Актывісты анархісцкага руху Максім Веткін і Яўген Селівончык прызналі сваю віну часткова, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч віны не прызнаюць.
Працэс над пяццю анархістамі пачаўся 18 мая ў судзе Заводскага раёна Мінска. Яны абвінавачваюцца ва ўчыненні шэрагу нападаў на будынкі, падпалаў і іншых злачынстваў. У прыватнасці, у правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры Ла» і будынка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Францкевічу акрамя гэтага выстаўлена абвінавачанне ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама, што кваліфікуецца на падставе ч. 2 арт. 351 КК (камп’ютарны сабатаж).
Усім пяцярым пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 12 гадоў.
Веткін і Селівончык прызналі сваю віну паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства), але не прызналі віны паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).
Аднак дзяржабвінаваўца заявіў, што ўсе падсудныя «наўмысна, беспрычынна, неаднаразова і з выключным цынізмам загадзя планавалі і ажыццяўлялі злачынствы».
Як паведамлялася раней, Ігар Аліневіч абвінавачваецца ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расійскае пасольства ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 года, ва ўдзеле ў акцыі каля Генштаба Узброеных сіл Беларусі 19 верасня 2009 года, у нападзе на казіно «Шангры Ла», на офіс банка
Мікалай Дзядок абвінавачваецца ва ўдзеле ў акцыі каля Генштаба паводле ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства, учыненае групай асоб), а таксама ў нападах на казіно «Шангры Ла» і на будынак Федэрацыі прафсаюзаў.
Максім Веткін абвінавачваецца ў нападзе на расійскае пасольства і аддзяленне «Беларусбанка» ў Мінску на падставе ч. 2 арт. 339 і ч. 3 арт. 218 КК.
Аляксандру Францкевічу выстаўлена абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 339 КК за тое, што ён здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. 14 лютага яму выставілі новае абвінавачанне — удзел у акцыі каля Генштаба (ч. 2 арт. 339 КК).
Яўген Селівончык абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 218 і ч. 2 арт. 339 КК за тое, што сумесна з Францкевічам 9 сакавіка 2010 года разбіў шыбу ў апорным пункце міліцыі ў Салігорску.