Калі на судзе я і выглядаў стомленым, дык гэта толькі жаль па сыходзячай вясне. Піша Алесь Кіркевіч.

Нарэшце з’явілася мажлівасць напісаць вам ліст. Я на Валадарцы, абжываюся. Калі на судзе я і выглядаў стомленым, дык гэта толькі жаль па сыходзячай вясне:). Тое, што мушу сказаць, дасць Бог, яшчэ скажу. А пакуль…

Новая «хата», новыя людзі, новыя гісторыі. Калі «Амерыканка» прыняла, дык Валадарка заглынула. Сустрэў этап з Жодзіна ў адстойніку. Нахабныя маладыя твары. Драпежныя вочы, змучаныя… проста змучаныя. Але вясёлыя. Скуласты «сіні» хлапец, нейкі занадта малады пацан, які на жаль, не сустрэў Макаранкі на сваім жыццёвым шляху, армянін у паліто, а ля раскольнікаў, азіят з невымоўным прозвішчам і павязкай на твары…

Нехта не ўпершыню, але надоўга. Нехта «першаходам», але запомніць назаўжды. Усе сюды: пацякуць па страваводу Пішчалаўскага замку, вузкімі калідорамі, крутымі лесвіцамі, пад нізкімі брамамі… Праглынула. Не падавілася. Ну дык «smacznego».

Дзякуй за ўсё! Поспехаў, мужнасці, Божай аховы.

Верым! Можам! Пераможам!

    Зажывуць разадраныя рукі
    Усміхнецца вясёлкаю неба
    Смак салёны мядовай разлукі
    Адчуваю ў бохане хлеба.
    Берцы бою чакаюць на складзе
    Расцвітуць перавулкі сцягамі
    Не шукай супакою ў ладзе
    Сёння з імі ты, заўтра — з намі!
    Краты рэжуць блакіт небасхілу
    Пыл адчаю ў лёгкіх асядзе
    Рэшту кіне рука на магілу…
    Хто каму?
    Пажывем ды паглядзім!

Аляксандр Кіркевіч, турма Валадарка, Мінск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0