У Ісландыі зачынены галоўны міжнародны аэрапорт і адмененыя ўнутраныя рэйсы пасля таго, як пачалося вывяржэнне самага актыўнага вулкана ў краіне — Грымсвотна.

Слуп дыму ад вулкана падняўся на 20 км. Але Ісландскае метэаралагічнае бюро сцвярджае, што вывяржэння не выкліча маштабных перабояў паветранага руху.

Летась воблака попелу ад вулкана Эяф’ядлаёкюдль стала прычынай закрыцця значнай часткі еўрапейскай паветранай прасторы.

Аэрапорт Рэйк’явік-Кейфлавік будзе зачынены, пакуль не будзе ўпэўненасці ў тым, які менавіта попел вывяргае вулкан.

Геафізік з Ісландскага ўніверсітэта Магнус Тумі Гудмундсан кажа, што гэта найбуйнейшае вывяржэнне Грымсвотна за 100 гадоў, значна больш інтэнсіўнае, чым Эяф’ядлаёкюдль.

Пры гэтым ён сказаў, што сённяшні попел буйнейшы за той, што быў летась, таму падае на зямлю хутчэй, а не перамяшчаецца на вялікія адлегласці.

Арганізацыя па кантролі еўрапейскага паветранага руху заявіла ў нядзелю: «Сітуацыя не паўплывае на еўрапейскія або трансатлантычныя палёты ў найбліжэйшыя 24 гадзіны».

Аднак метэаролагі папярэдзілі, што попел можа дасягнуць паўночнай Шатландыі ў аўторак і часткі Англіі, Францыі і Іспаніі ў чацвер або пятніцу, калі вывяржэнне працягнецца з той жа хуткасцю.

Грымсвотн знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны і пакрыты паўночна-заходняй часткай ледніка Ватнаёкюдль. Калі ён апошні раз вывяргаўся ў 2004 годзе, трансатлантычныя рэйсы перанакіроўваліся на поўдзень Ісландыі, але аэрапорты не зачыняліся.

Вывяржэнне ў мінулым годзе попелу вулкана Эяф’ядлаёкюдль прывяло да найбуйнейшага закрыцця еўрапейскай паветранай прасторы пасля Другой сусветнай вайны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?