Нерацыянальнае выкарыстанне вылучаемых дзяржавай сродкаў прывяло да крызісу ў юнацкім і маладзёжным хакеі Беларусі. Такое меркаванне, па паведамленні БелТА, выказаў 20 мая на сумесным паседжанні выканкамаў Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Федэрацыі хакея Беларусі (ФХРБ), а таксама калегіі Міністэрства спорту і турызму старшыня ФХРБ Яўген Ворсін.

«Цяперашні дзікі перакос у аплаце працы гульцоў экстралігі ад трэнераў дзіцячых школ недапушчальны. Наш хакейны рынак штучна пераацэнены. Шматлікія хакеісты атрымліваюць незаслужана высокія зарплаты, якія не адпавядаюць узроўню майстэрства. І такое нерацыянальнае выкарыстанне дзяржаўнай падтрымкі прывяло да крызісу юнацкага і маладзёжнага хакея».

Яўген Ворсін таксама занепакоены тым, што сярод клубаў экстралігі назіраецца вялікае расслаенне ў плане фінансавага дабрабыту клубаў:

«Толькі 5 клубаў (жлобінскі „Металург“, салігорскі „Шахцёр“, „Гомель“, гродзенскі „Нёман“ і мінскае „Юнацтва“) працуюць на мяжы ўсталяванай столі зарплат. У той жа час наваполацкі „Хімік-СКА“, „Віцебск“, „Брэст“, „Магілёў“ могуць сабе дазволіць вылучаць на зарплаты гульцоў у межах 40–69% усталяванага ліміту, калі, вядома, тут няма нейкіх ценявых схемаў. І ў гэтай сітуацыі атрымліваецца, што працуюць грошы, а не мазгі трэнераў. Масавае набыццё легіянераў — гэта тупіковы шлях, бо замежнікі не дапамогуць нашай нацыянальнай зборнай.

Хакею, як ніякаму іншаму віду спорту, у нашай краіне ў апошнія гады надавалася вельмі шмат увагі, аднак вынікам 10-летняй, як здавалася, карпатлівай працы стаў вынік, які не паддаецца логіцы. Заняўшы 14 месца на першынстве планеты, нацыянальная зборная апусцілася ў сусветным рэйтынгу на 11 месца. Гэта самы нізкі паказчык з 2003 года, калі каманда пакідала элітны дывізіён. Наша юнацкая зборная павінна была змагацца за выйсце ў эліту, а ў выніку апусцілася, у сутнасці, у трэці па рангу дывізіён, мінімум на два гады адклаўшы вяртанне ў клас самых моцных. Маладзёжная зборная на хатнім чэмпіянаце свету ў Бабруйску прайграла ў вырашальным матчы Латвіі і 5 год запар застаецца за бортам эліты. Хоць, паклаўшы руку на сэрца, нават калі б „маладзёжка“ выйшла ў наймоцны дывізіён, то наўрад ці там замацавалася хоць на год.

Вытокі ў дзіцячым хакеі, гэта зразумела, але праблема не толькі там. Летась пачалі стварэнне інстытута зборных каманд на базе рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі ў Раўбічах, дзе на сталай аснове працуе юнацкая зборная сярод дзяцей 1994–95 гадоў нараджэння. Хутка будуць сфармаваны аналагічныя каманды і ў больш малодшых узростах. Гэта правільны шлях, цяпер пра падобныя крокі загаварылі таксама ў Расіі. Але нам абавязкова трэба вырашыць пытанні фінансавання гэтага праекта, цяпер тут шмат нявырашаных пытанняў. Але гэта шлях, які дасць свае плады ўжо хуткім часам — у 2012–2013 гадах».

Старшыня ФХРБ паказаў на неабходнасць рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання сродкаў, але разам з тым выказаў меркаванне, што без дзяржпадтрымкі хакей не выжыве:

«Эканамічная дэпрэсія накрые прынамсі кожны другі клуб, а ўвесь наш хакей ператворыцца ў аматарскі. Трэба распрацаваць разумную і эфектыўную формулу фінансавання і зрабіць усё, каб адпаведны ўказ галавы дзяржавы быў падпісаны яшчэ ў першым паўгоддзі, паколькі актыўная праца па падрыхтоўцы на наступны сезон вядзецца ўжо цяпер».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?