Сустрэча Міхаіла Мясніковіча, Карыма Масімава і Уладзіміра Пуціна адбудзецца сёння ў межах канферэнцыі «Ад Мытнага саюза да Адзінай эканамічнай прасторы: інтарэсы бізнесу», якая пройдзе з удзелам міністраў эканамічнага блока і кіраўнікоў найбуйнейшых бізнес-асацыяцый трох краін.

Чакаецца, што прадстаўнікі ўлады і бізнесу Беларусі, Казахстана і Расіі абмяркуюць уплыў МС і АЭП, якое павінна пачаць функцыянаваць 1 студзеня 2012 года, на дзелавы клімат сваіх краін.

Мэтамі канферэнцыі з’яўляюцца «інфармаванне бізнес-супольнасці пра якасна новыя магчымасці вядзення гаспадарчай дзейнасці пасля ўтварэння АЭП, а таксама абмеркаванне найболей важных пытанняў фарміравання агульнага рынку тавараў, работ, паслуг, капіталу і працоўнай сілы ў межах АЭП», паведамляе прэс-служба ўрада РФ.

«Як лічаць самі прадпрымальнікі, новы ўзровень інтэграцыі дазволіць узмацніць гаспадарчыя сувязі вытворцаў трох краін і, у канчатковым выніку, павялічыць канкурэнтаздольнасць эканомікі АЭП на сусветным рынку», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Гэта будзе першая сустрэча прэм’ер-міністраў трох краін пасля адмены з 1 ліпеня ў межах фарміравання АЭП мытнага кантролю на ўнутраных межах МС. Кантроль ажыццяўляецца на знешніх межах у адпаведнасці з адзіным мытным тарыфам.

РІА Новости прыводзіць словы прэс-сакратара кіраўніка расійскага ўрада Дзмітрыя Пяскова, які ў пачатку ліпеня паведаміў пра тэлефонную гутарку ў Пуціна з Мясніковічам і Масімавым. Расійскі прэм’ер назваў фарміраванне агульнай мытнай прасторы «самай вялікай падзеяй на тэрыторыі былога СССР у перыяд пасля яго распаду».

Тым часам эксперты ўказваюць на сур’ёзныя рознагалоссі паміж краінамі па шэрагу пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва. Гаворка ідзе найперш аб рознагалоссях паміж Мінскам і Масквой у галіне энергетыкі.

І калі сітуацыю з пагашэннем завінавачанасці Беларусі па пастаўках электраэнергіі ўдалося вырашыць даволі аператыўна, то дамовіцца аб новай формуле цаны на расійскі газ Маскве і Мінску пакуль не атрымліваецца.

Дзейны кантракт паміж ААТ «Газпром» і ААТ «Белтрансгаз» на пастаўку і транзіт газу заканчваецца 31 снежня 2011 года. Дакументам вызначана формула цаны з 1 студзеня 2008 года (адпаведная формуле цаны пры пастаўках расійскага газу ў Еўропу), а таксама паніжаючыя каэфіцыенты цаны на 2008–2010 гады (0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна).

Падпісанне новага кантракта ў Мінску ўвязваюць з падпісаннем дакументаў па куплі «Газпромам» 50% акцый ААТ «Белтрансгаз». З такой пастаноўкай пытання не згодны расійскі бок.

«Газпром», які валодае 50% акцый «Белтрансгазу», заяўляе, што гатовы заплаціць 2,5 млрд. долараў за астатнія акцыі. Так, кіраўнік газавага холдынгу Аляксей Мілер нядаўна заявіў: калі беларускі бок пагадзіцца прадаць пакет «Белтрансгазу» без усякіх дадатковых умоў, то «кантракт можа быць падпісаны хоць заўтра».

Што да цаны на газ для Беларусі, то Мілер падкрэсліў: гаворка не ідзе пра пастаўкі расійскага газу ў Беларусь па ўнутрырасійскіх цэнах — «гаворка ідзе аб прынцыпах роўнадаходнасці».

У другім квартале 2011 года цана газу для Беларусі складае 244,7 долара за тысячу кубаметраў супраць 223 долараў у першым квартале.«Газпром» заяўляў, што ў новым кантракце, які будзе дзейнічаць з 2012 года, будуць улічаныя рэаліі адзінай эканамічнай прасторы, дамоўленасці па якіх Мінск ратыфікаваў у канцы 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?